26 красавiка 2024, Пятніца, 2:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як маладыя вайскоўцы зрынулі дыктатуру

7
Як маладыя вайскоўцы зрынулі дыктатуру

Сучасная Партугалія дамаглася ўражальных вынікаў у развіцці.

Таталітарны рэжым у Партугаліі існаваў дзесяцігоддзямі. Але новае пакаленне вайскоўцаў паклала яму канец, піша «Салідарнасць».

Дыктатура ў Партугаліі перш за ўсё атаясамліваецца з імем Антонію дэ Салазара, які кіраваў дзяржавай 36 гадоў. У 30-х жыхары краіны так стаміліся ад палітычнага бязладдзя, што пагадзіліся на атрыманне ім практычна неабмежаванай улады - наўзамен на забеспячэнне стабільнасці.

У першыя гады свайго кіравання Салазар змяніў канстытуцыю, у выніку чаго парламент стаў насіць дэкарацыйны характар. У краіне была ўведзеная цэнзура, зніклі апазіцыйныя партыі, дзейнічала таемная паліцыя PIDE.

“Наша пазіцыя з'яўляецца антыпарламенцкай, антыдэмакратычнай, антыліберальнай, і на яе грунце мы хочам пабудаваць карпарацыйную дзяржаву”.

На фоне існых у той час зусім ужо крыважэрных рэжымаў дыктатура ў Партугаліі выглядала даволі мякка, але ўсё ж дзясяткі тысяч палітычных апанентаў рэжыму пацярпелі ад рэпрэсій.

Улады стварылі "лагер для востракапытных": апазіцыянераў змяшчалі ў канцлагер Тарафал на востраве ля заходніх берагоў Афрыкі. Там пры фармальнай адсутнасці смяротнага пакарання ў Партугаліі вязні паміралі ад хвароб і знясілення.

У 1965-м быў забіты лідар апазіцыі Умбэрта Дэльгаду: забойцаў знайшлі і судзілі ўжо пасля падзення дыктатуры.

Дастаткова шырока распаўсюджаны міт, што затое таталітарны рэжым забяспечыў Партугаліі магутнае эканамічнае развіццё. На пачатковым этапе гэтаму спрыяў эфект нізкай базы: на момант прыходу Салазара да ўлады ўсё было настолькі дрэнна, што паляпшэння здалелі дамагчыся... моцным скарачэннем бюджэтных выдаткаў. Стабільнасць, якая надышла пасля 15 гадоў бязладдзя, разглядалася як дасягненне, нягледзячы на тое, што гэта была стабільнасць у галечы (з мінімальнымі сацыяльнымі гарантыямі).

САЛАЗАР. ФОТА АР

А потым Партугалію "прарвала вальфрамам". Падчас Другой сусветнай цана гэтага рэдказямельнага металу ўзляцела да нябёсаў. Партугалія прадавала вальфрам абедзвюм ваенным старанам і азалацілася ў першасным сэнсе слова: за 8 гадоў яе залаты запас вырас у 7 разоў! Вось і ўвесь "сакрэт поспеху".

Але і пры гэтым "новая дзяржава", ідэолагам якой з'яўляўся Салазар, прымудралася дэманстраваць сваю неэфектыўнасць. Навочным прыкладам можа служыць цытата з урадавай газэты: “Харчовыя тавары знікаюць менавіта тады, калі імі пачынаюць займацца органы эканамічнай каардынацыі". Як тут не ўспомніць знакамітае "Узяўся за яйкі – масла знікла»…

ПАСТУХІ. ФОТА АР

Нават у 60-я гады Партугалія заставалася адсталай аграрнай дзяржавай. Салазар доўгі час уважаў эканамічную мадэрнізацыю за шкодную аблуду, якая не пасуе "ўнікальнаму партугальскаму шляху".

Вы будзеце смяяцца, але сучасная ідэя "расейскага свету” - гэта практычна злепак з канцэпцыі ”партугальскага свету", якую актыўна прасоўваў Салазар. Калоніі ўжо сталі ў свеце анахранізмам, але дыктатар у Лісабоне ўпарта не жадаў даваць волю Анголе, Мазамбіку і далей паводле спісу, пісаў часопіс Коммерсантъ-Деньги. Згодна з вынайдзенай тады дактрынай партугальцы абвяшчаліся ні многа ні мала носьбітамі экстраардынарнай сусветнай місіі і ядром асобнай цывілізацыі, якую характарызуюць – увага! – "адмова ад індывідуалізму, капіталістычнай прагнасці ды расізму, а таксама наяўнасць высокай хрысціянскай духоўнасці”.

"Месіянства" з імперскім акцэнтам прычынілася да таго, што Партугалія загразла ў каланіяльных войнах, якія зжыралі да траціны бюджэту краіны. Прапаганда заклікала "душыць шакалаў", аднак спробы гвалтам утрымаць бунтоўныя тэрыторыі станавіліся ўсё менш папулярнымі.

Дзяржава трапіла ў сацыяльна-эканамічную і палітычную нявыкрутку, але Салазар ссінелымі пальцамі трымаўся за ўладу. Нават пасля інсульту ён фармальна заставаўся кіраўніком краіны, сканаўшы ў 1970-м.

Да канца эпохі Салазара Партугалія займала апошнія месцы ў Заходняй Еўропе ў цэлым шэрагу паказчыкаў: рэальным даходзе насельніцтва, узроўню адукацыі (блізу 40 адсоткаў насельніцтва заставаліся непісьменнымі), доступу да медыцынскага абслугоўвання, дзіцячай смяротнасці і сярэдняй працягласці жыцця (49 гадоў).

Са смерцю Салазара тыранія ў краіне не скончылася. Пераемнік дыктатара Марсэлу Каэтану захаваў аўтарытарныя падваліны кіравання.

Здавалася, самаму даўгавечнаму таталітарнаму рэжыму ў Заходняй Еўропе не будзе канца. Партугалія з'яўлялася самай беднай краінай у рэгіёне, улады пагарджалі насельніцтвам, але апазіцыя выглядала кволай і здушанай.

Аднак на фоне эканамічных невыгод і параз у каланіяльных войнах незадаволенасць уладай расла ў войску. Фатальнай памылкай рэжыму сталі дэкрэты, якія панізілі статус афіцэраў з ніжэйшых груп грамадства. Іхняе абурэнне прычынілася да стварэння таемнага "руху капітанаў".

25 красавіка 1974 года здарылася неймавернае: выступ толькі некалькіх сотняў афіцэраў прычыніўся да скідання дыктатуры.

Раніцай была занятая радыёстанцыя ў Лісабоне, адкуль жыхароў сталіцы заклікалі заставацца ў дамах, пакуль вызначаецца лёс улады. Аднак здарылася адваротнае: гараджане высыпалі на вуліцы, сустракаючы афіцэраў. А яшчэ ўчора, здавалася б, такія шматлікія прыхільнікі палітыкі Салазара і Каэтану раптам зніклі і ніяк сябе не паказалі. Супрацоўнікі PIDE проста разбегліся хто куды.

Фота: Getty Images
Фота: Getty Images
Фота: Getty Images
Фота: Getty Images

Яскравым эпізодам рэвалюцыі стала сустрэча цывільных жыхароў і танкаў, адпраўленых на задушэнне паўстання. Грамада з гваздзікамі перацяла ім дарогу, вайскоўцы адмовіліся страляць у народ і далучыліся да рэвалюцыі.

Чаму людзі выйшлі з гваздзікамі? Быў сэзон гэтых кветак. Прадавачка гандлёвага цэнтру ўставіла гваздзік у рулю карабіна сустрэтага жаўнера, і гэты прыклад стаў заразлівым.

Фота: Getty Images
Фота: Getty Images

Улада ў краіне афіцыйна перайшла да Рады нацыянальнага выратавання. Марсэлу Каэтану ўцёк у Бразілію, дзе пражыў да самай смерці. У наступныя гады краіна скіравалася на дэмакратычны шлях развіцця, увайшла ў Еўразвяз і дамаглася значных эканамічных вынікаў.

Сучасная Партугалія за сорак гадоў дэмакратыі палітычна і эканамічна далёка адышла ад рэжыму Салазара, дамогшыся уражальных вынікаў. Цяпер гэта зусім іншая краіна, хоць у некаторых паказчыках адстае ад еўрапейскіх лідэраў. Але яе цяперашнія праблемы іншага ўзроўню, гэта праблемы развітай і глыбока інтэграванай у глабальную эканоміку дзяржавы Еўразвязу.

Уладзімір Пуцін у 1999 паставіў задачу: за 15 гадоў здагнаць Партугалію ва ўзроўні УБП на аднаго жыхара. Аўтарытарная Расея і блізка не дала рады гэтай задачы дагэтуль.

Аб чым яшчэ кажа досвед Партугаліі? Нават калі на кароткай дыстанцыі таталітарны рэжым дэманструе ілюзію дзейснасці, то ў выніку ён неўнікнёна прыводзіць краіну да застою і крызісу. І колькі збану ні насіць ваду, кожную дыктатуру ў фінале чакае крах.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках