29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Бандарэнка: Сваякам палітвязняў трэба аб’яднацца і насмелую дзейнічаць

4
Вольга Бандарэнка: Сваякам палітвязняў трэба аб’яднацца і насмелую дзейнічаць
ФОТa: REUTERS

Лёс нашых родных у нашых руках.

Сайт Charter97.org пагаварыў c заснавальніцай грамадзянскай ініцыятывы «Вызваленне» Вольгай Бандарэнкай і папрасіў яе распавесці аб досведзе барацьбы за вызваленне палітвязняў.

- Вольга, вы сталі адным з лідараў грамадзянскай ініцыятывы «Вызваленне» пасля Плошчы 2010 года. Чаму тады была створаная гэта ініцыятыва?

- Таму што асабіста ў мяне быў арыштаваны не толькі муж, але і ўсе мае сябры. Каманда кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава пацярпела больш за ўсіх. Раней мой муж Зміцер казаў: «Калі я сяду - табе дапамогуць нашы сябры, да іх звяртайся». Але пасля Плошчы 19 снежня 2010 года, калі Змітра арыштавалі раніцай наступнага дня, і ён папрасіў патэлефанаваць галоўнай рэдактарцы сайта Charter97.org Наталлі Радзінай - высвеілілася, што Наталлю ўжо арыштавалі. Папрасіў патэлефанаваць актывістам грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» - а яны таксама арыштаваныя. Самога Андрэя Саннікава разам з жонкай Ірынай Халіп затрымалі адразу пасля Плошчы. У прынцыпе, мы з дачкой засталіся адны. Я не была ў палітыцы, але зразумела, што нам трэба шукаць людзей, аднадумцаў.

На першай нейкі сустрэчы я ўбачыла, што кожны цягне коўдру на сябе. Але я не хацела, каб толькі майму мужу палепшылі ўмовы або, каб гаварылася толькі пра яго здароўе. Трэба было вызваляць усіх, хто пацярпеў, а не толькі майго мужа і нашу каманду. Рэдакцыя «Хартыі-97» была разгромленая, журналісты арыштаваныя. Аб нашай камандзе наогул практычна не пісалі, была амаль поўная інфармацыйная блакада. Я разумела, што з гэтым трэба нешта рабіць.

Ідэя лунала ў паветры, было разуменне, што трэба аб'ядноўвацца. Разам дзейнічаць заўсёды лягчэй, чым паасобку. Мяне падтрымала дачка Юлія, удава выкрадзенага бізнэсоўца і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская таксама сказала, што трэба аб'ядноўвацца. Я прапанавала жонкам і матулям і іншых палітвязняў стварыць ініцыятыву «Вызваленне», і мы пачалі дзейнічаць.

Адразу ж была здабытая першая перамога. Нам не давалі перадаць перадачы, і мы, аб'яднаўшыся, сказалі, што не сыдзем, пакуль не перададзім прадукты і рэчы родным, пачалі патрабаваць - і перамаглі. Гэтая была першая маленькая перамога. Калі мы аб'ядналіся і пачалі казаць пра ўсіх, а не цягнуць коўдру на сябе, то да нас з'явілася больш павагі, больш цікавасці. І з боку амбасадаў, і з боку палітыкаў.

Хачу адзначыць, што ў той час у Беларусі працавалі вельмі моцныя паслы: Эдмінас Багданас, Размары Томас, Крыстаф Вайль, Раман Бяссмертны, Ферэнц Контра ды іншыя. Шчыры дзякуй ім за тое, што яны для нас зрабілі. Мы знішчылі інфармацыйную блакаду, калі аб'ядналіся. Напэўна, гэта самае галоўнае: мы ўвесь час з'яўляліся ў медых і казалі аб нашых сваяках.

- Чым яшчэ тады займалася ініцыятыва «Вызваленне»? Чаго вам атрымалася дасягнуць?

- Найперш, дапамагалі адзін аднаму, нават на побытавым узроўні, дапамагалі закупляцца, напрыклад, маці Андрэя Саннікава, іншым паджылым людзям. Таму што тады сядзела ўся яго сям'я, жонка не магла яму перадаваць перадачы, а Ала Уладзіміраўна была ўжо ва ўзросце, да таго ж у яе быў пералом рабра. Дапамагалі камусьці, хто не ведаў, што рабіць, хто прыязджаў не з Менска, раілі, што перадаць у турму, дапамагалі нешта купіць.

Адзначу, што ў «Вызваленні» актыўна супрацоўнічалі і жанчыны, чые мужы да арыштаў зусім не сябравалі. Мы ж дзейнічалі як адна каманда, з цеплынёй успамінаю сваіх сясцёр, як мы называлі адзін аднаго: Марыну Адамовіч, Міланку Міхалевіч, Марыну Шыбко (Фядуту), Дар'ю Корсак, Марыну Лобаву ды многіх іншых.

Праводзілі прэс-канферэнцыі, дзе распавядалі журналістам пра тое, што адбываецца з палітвязнямі, тое, што мы змаглі даведацца ад сваіх адвакатаў, супрацоўнікаў ДВП, іншых зняволеных. Спачатку наогул была поўная інфармацыйная блакада, нельга было ні напісаць ліст, ні атрымаць адказ. На адвакатаў вельмі моцна, натуральна, ціснулі, прымушалі падпісваць паперы аб невыдаванні. Але ўсё адно нейкая інфармацыя прасочвалася. І тады мы збіралі канферэнцыю і распавядалі медыям пра тое, што адбываецца.

Плюс працавалі вельмі шчыльна з пасольствамі і міжнароднымі арганізацыямі і даводзілі да іх усё, што адбываецца, усё, што мы даведваліся. Прасілі, патрабавалі санкцый, натуральна. Падчас паездкі з дачкой Юліяй ў Брусэль, на запрашэнне дэпутата Еўрапарламента Марэка Мігальскага, мы больш гаварылі нават не пра нашых родных і сяброў, а пра моладзь. Мы былі аб'яднаны, а многія маладыя ўдзельнікі акцыі пратэсту напачатку нават не былі прызнаныя палітвязнямі, бо, як заўсёды, сцвярджалася, што «там быў нейкі гвалт», хоць было ясна, што гэта правакацыя. Мы тады казалі больш пра іх, што трэба на іх звярнуць увагу. Неўзабаве іх вызвалілі. Я не ведаю, можа быць гэта не звязана з нашай паездкай і з тым, што мы так казалі ў Еўрапарламенце, але факт застаецца фактам: праз нейкі час пасля то га, як мы ўзнялі гэтае пытанне, гэтыя хлопцы былі вызваленыя.

- Вядома, гэта паўплывала.

- Вялася таксама сур'ёзная інфармацыйная праца. Мы пісалі лісты каму толькі можна. І Папу Рымскаму, і прэзідэнту Расеі Дзмітрыю Мядзведзеву. У якія дзверы толькі маглі стукаць - туды стукалі. Напэўна, гэта неяк уплывала. Няхай нават мы не атрымлівалі чыесьці адказы, але, прынамсі, пасля нашага ліста мы першыя з апазіцыі былі прынятыя ў расейскім пасольстве ў Менску.

Было шмат такіх перамог, бо мы былі разам, і таму што мы стукаліся ва ўсе дзверы. Калі б кожны стукаўся паасобку, то не выйшлі б на такі ўзровень і такога б не дамагліся.

- Маштаб рэпрэсій цяпер несупастаўна большы, чым у 2010 годзе. Але такое аб'яднанне родных палітвязняў не дзейнічае. Чаму?

- Не ведаю. Можа быць проста не знайшлося чалавека, які гэта зробіць. Ну і потым, у нас штуршком было тое, што спачатку ўсе сядзелі ў адным месцы - у СІЗА КДБ. Мы сустракаліся прыблізна ў адзін і той жа час у адным і тым жа месцы - у чарзе для перадач - ужо ведалі адзін аднаго. Зараз рэпрэсавана вельмі шмат народу - гэта тысячы вязняў, яны сядзяць у розных месцах. Але тое, што іх сваякам ўсё адно трэба аб'ядноўвацца, я ўпэўненая.

Натуральна, што ўсіх не аб'яднаць, калі шмат людзей, але нейкая адна група, актыў нейкі, які б выставіў гэта ўсё наперад, павінен з'явіцца. Бо напраўду мы, сваякі палітвязняў - вялікая сіла. Улады азіраліся на нас тады і будуць азірацца цяпер - гэта дакладна.

- Што на ваш погляд можа вызваліць усіх палітвязняў?

- Найперш, гэта санкцыі. Нам тады таксама вельмі дапамагло, што Беларусь на знак пратэсту пакінулі ўсе паслы краін ЕЗ. Менавіта тады былі вызваленыя мой муж і Андрэй Саннікаў. Калі б паслы не вярнуліся так хутка, то думаю, што мы ўсіх вызвалілі б значна хутчэй.

Натуральна, важная грамадская актыўнасць. У 2010-2011 гадах людзі былі ў нейкім інфармацыйным вакууме, асабліва ў канцы снежня, калі не было «Хартыі-97» і народ не змагаўся. Цяпер народ вельмі актыўны, ён прачнуўся. Людзі павінны разумець, што трэба вызваляць лідараў і самых актыўных, тых, хто даўно перамог свой страх. Сапраўдных герояў трэба вызваляць.

Так што неабходныя санкцыі, дыпламатычны ціск ЕЗ, ЗША, Украіны і актыўнасць грамадства. Іншых варыянтаў я не бачу.

- Што, на ваш погляд, сёння трэба рабіць сваякам палітвязняў, каб дамагчыся іх вызвалення?

- Найперш - аб'яднацца. Рабіць не толькі тое, што мы рабілі, а, можа быць, нават больш. Цяпер больш інфармацыйных магчымасцяў. З аднаго боку, ствараць увесь час інфармацыйныя падставы і стукацца ва ўсе дзверы. Калі будзе арганізацыя, якая зможа пра сябе заявіць - то будзе больш сустрэч з дыпламатамі, больш сустрэч на міжнародным узроўні. Я разумею, што пандэмія, але можна дзейнічаць онлайн.

- Гэта значыць, не спадзявацца на тое, што нейкія палітыкі ўспомняць твайго сваяка...

- Як кажуць, свая кашуля бліжэй да цела. І так, як ты змагаешся за свайго роднага чалавека - ніхто змагацца ўсё адно не будзе. Для старонніх людзей гэта нейкі герой, а для цябе - гэта свой, родны, які пакутуе. Але ты адна нічога не зробіш. Ты можаш, вядома, перадаць перадачы, можаш напісаць праніклівае ліст, які ён добры, але гэтага мала. Калі не будзе грамадскай падтрымкі, калі не будзе тарана, а не нейкага там маленькага ўдару ў дзверы - то гэта бескарысна. Ты зможаш падняць яму настрой на 5 хвілін, але не зможаш яго вызваліць.

Таму павінен быць таран. Таму трэба сабрацца разам і біць, праводзіць мазгавыя штурмы, як мы гэта рабілі, калі збіраліся: думалі, каму яшчэ напісаць, што данесці. Прасіць амбасады аб тым, каб арганізавалі сустрэчы.

- Лёс нашых родных у нашых руках.

- Калі аб'яднаюцца сваякі і будуць дзейнічаць - то так. Прынамсі, я ў гэта веру.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках