24 красавiка 2024, Серада, 1:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брат Андрэй з Маладзечна: нашыя бабулі захавалі для нас веру, як зерне, да часу свабоды

2
Брат Андрэй з Маладзечна: нашыя бабулі захавалі для нас веру, як зерне, да часу свабоды
БРАТ АНДРЭЙ Ў КАСЦЁЛЕ СВЯТОГА АЙЦА ПІЁ З П’ЕТРЭЛЬЧЫНЫ. МАЛАДЗЕЧНА, БЕЛАРУСЬ. 11 КРАСАВІКА 2021 ГОДА.
ФОТА: АВ / БЕЛСАТ

Набажэнствы на беларускай мове - адная з формаў служэння Каталіцкага касцёла справе адраджэння Беларусі.

30 гадоў таму ў Беларусі адрадзіліся структуры Каталіцкага Касцёлу, былі дазволеныя набажэнствы, будынкі пачалі вяртаць вернікам. Старыя касцёлы для нас – нармальная справа, але чаму цяпер у збольшага расейскамоўнай і праваслаўна-атэістычнай краіне будуюць новыя касцёлы, дзе набажэнствы ладзяць па-беларуску? «Белсат» распытаў ксяндза Андрэя з касцёлу св. Піё ў Маладзечне.

Да савецкага перыяду ў Маладзечне былі бажніцы св. Юзэфы і св. Піё: на месцы адной цяпер стаіць суд, а на месцы другой – станкабудаўнічы завод. Калі каталікам дазволілі набажэнствы, вернікі вырашылі аднаўляць касцёлы, хай і на новых месцах.

Фото: АВ / Белсат

Касцёл св. Піё будуюць манахі (святары і браты) з Ордэну меншых братоў капуцынаў – прыхільнікі беднасці і прастаты.

«Касцёл новы, але яго гісторыя сягае глыбока ў мінулае. На пачатку ХХ стагоддзя ў Маладзечне ўжо існавала парафія св. Казіміра. Наколькі мне вядома, гэта быў гарнізонны касцёл, то бок вайсковы касцёл у польскай вайсковай частцы.

Фото: АВ / Белсат

Калі той храм быў разбураны, то доўгі час у Маладзечне касцёлаў зусім не было. У 1993 годзе быў пабудаваны касцёл св. Юзэфы, а на дадзены момант у горадзе дзве рыма-каталіцкія парафіі ды адна грэка-каталіцкая. Нашая парафія св. Казіміра была адроджаная ў 2003 годзе, а праз год пачалася будоўля касцёлу, якая цягнецца да сёння», – распавёў брат Андрэй.

БРАТ АНДРЭЙ Ў КАСЦЁЛЕ СВЯТОГА АЙЦА ПІЁ З П’ЕТРЭЛЬЧЫНЫ. МАЛАДЗЕЧНА, БЕЛАРУСЬ. 11 КРАСАВІКА 2021 ГОДА. ФОТА: АВ / БЕЛСАТ

Развіццё парафіі таксама залежала ад новай святыні. Наш суразмоўца ўзгадаў, што шмат для каго наведваць набажэнствы ў намёце ці ў маленькай каплічцы было складана, а з новым будынкам колькасць парафіянаў значна павялічылася:

«Акрамя такой побытавай акалічнасці, каб проста размясціць людзей, у касцёле могуць знайсці сваё месца людзі розных узростаў. Бо ёсць пэўная дыферэнцыяцыя ў тым, як мы працуем.

Брат Андрэй ў касцёле святога айца Піё з П’етрэльчыны. Маладзечна, Беларусь. 11 красавіка 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Мы па-рознаму размаўляем з пенсіянерамі, якія перажылі цяжкія савецкія часы. Ёсць такая катэгорыя нашых братоў і сясцёр, як сямейныя людзі, якія выхоўваюць дзяцей – у іх свае спецыфічныя патрэбы і ім таксама трэба ісці насустрач. Потым моладзь, падлеткі, дзеці, якія таксама маюць заняткі па рэлігіі.

Хоць касцёл і здаецца маналітнай структурай, але ўнутры яго вялікая разнастайнасць супольнасцяў».

Фота: АВ/Белсат
Фота: АВ/Белсат

Гэтак, у парафіі ёсць шмат супольнасцяў, сярод якіх – Легіён Марыі, апостальскі рух, для ўдзельнікаў якога пакліканнем стала падтрыманне самотных. Францішканская супольнасць свецкіх аб’ядноўвае людзей, якія не сталі манахамі, але падзяляюць іхныя каштоўнасці.

Брат Андрэй прызнаўся, што свой «стартавы пакет» веры атрымаў у сям’і, дзе захоўвалі пэўныя традыцыі. Такая гісторыя ўласцівая, напэўна, шмат якім беларускім сем’ям: «Вера захоўвалася нават пад забаронай, нягледзячы на тыя ганенні, якія чыніліся і супраць звычайных вернікаў, і супраць духавенства.

Фота: АВ/Белсат

Бабулі і дзядулі нашыя захоўвалі гэтую веру як маглі, як умелі. І стараліся захаваць нейкае зерне, каб потым было з чаго пачынаць, калі прыйдзе час свабоды.

Гэтая вера была вельмі простай і разам з тым вельмі гераічнай. Цягам апошніх 30 гадоў касцёл займеў адукаваных святароў, шмат хто з іх атрымліваў адукацыю за мяжой, аднавіліся некаторыя адукацыйныя ўстановы ў Беларусі. І мы карыстаемся сёння мовай, якая дасяжная чалавеку ХХІ стагоддзя. Вера цяпер базуецца не толькі на эмоцыях, а лепш абгрунтаваная для сучаснага чалавека».

Фота: АВ/Белсат
Фота: АВ/Белсат
Фота: АВ/Белсат

Свой шлях брат Андрэй распачаў пад уражаннем ад сустрэчы са святаром Уладзіславам Чарняўскім з Вішнева, што на Валожыншчыне, які шмат зрабіў для распаўсюду беларускай мовы: «Гэты святар хрысціў мяне, вянчаў маіх бацькоў. Я, калі сам стаў больш свядомым, стаў да яго ездзіць, бо ён быў адзіны на ўсю ваколіцу, хто праводзіў богаслужэнні на беларускай мове. І я захапіўся і хацеў быць прыкладна такім святаром, як Чарняўскі».

Набажэнствы на беларускай мове брат Андрэй лічыць адной з формаю служэння Беларусі: «Касцёл гаворыць з вернікамі на мове краіны, дзе яны жывуць. На жаль, беларуская мова сёння ў складаных варунках. Таму апроч абвяшчэння Добрай Навіны пра вечнае жыцц6 ё чалавеку, абвяшчэння больш гарманічнага жыццё з іншымі людзьмі, апроч гэтых асноўных дароў і прапаноў грамадству касцёл мае і такую місію: развіццё беларускай мовы».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках