25 красавiка 2024, Чацвер, 23:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Буйны бізнэс эвакуюе валюту з Расеі

7
Буйны бізнэс эвакуюе валюту з Расеі
ФОТА: SPUTNIK

ЦБ РФ зафіксаваў рэзкае паскарэнне ўцёкаў капіталу.

Банк Расеі апублікаваў папярэднюю статыстыку аплатнага балансу эканомікі за першы квартал, у якой зафіксаваў рэзкае паскарэнне ўцёкаў буйнога капіталу – як з банкаўскай сістэмы, так і з рэальнага сектара, паведамляе finanz.ru.

Хоць чысты вываз капіталу, паводле звестак ЦБ, знізіўся на 35%, да 11,8 млрд даляраў, структура гэтых аперацый істотна змянілася.

Калі летась адток быў выкліканы пагашэннем знешняй пазыкі банкамі і карпарацыямі, то сёлета ён стаў вынікам эвакуацыі за мяжу свабодных сродкаў і назапашанага прыбытку.

За студзень – сакавік расейскія рэзідэнты ўклалі 13,4 млрд даляраў у набыццё замежных актываў – у 5 разоў больш, чым за той самы перыяд мінулага года, і на 60% больш за суму ўсяго 2020-га.

У выглядзе прамых інвестыцый кампаніі нефінансавага сектара вывелі за мяжу 6,4 мільярдаў даляраў. Гэты адток, які звычайна ўяўляе з сябе «паркоўку» ў афшоры атрыманых у Расеі прыбыткаў, паскорыўся ў 16 разоў (у параўнанні з першым кварталам 2020-га) і таксама перавысіў паказнік за ўвесь мінулы год.

Банкі ўклалі ў замежныя актывы 6,5 млрд даляраў, што ў 2,6 разы вышэй за лікі студзеня – сакавіка мінулага года.

Адток з банкаўскай сістэмы звязаны з вялікім прытокам экспартнага прыбытку, тлумачаць аналітыкі Расбанка. За лістапад – люты на валютныя рахункі расейскіх кампаній прыйшло 30 млрд даляраў (рэкордная за 7 гадоў сума), і крэдытныя арганізацыі размясцілі іх на карэспандэнцкія рахункі і дэпазіты за мяжой.

Што тычыцца нефінансавага сектара, то ягоныя аперацыі – гэта вынік «нізкага ўзроўню даверу», кажа галоўны эканаміст ING у Расеі і СНД Дзмітрый Даўгін.

Адбіваюцца асцярогі новых, больш жорсткіх санкцый у выпадку ваеннага канфлікту з Украінай, а таксама ў рамках магчымага другога пакета захадаў для закону аб кантролі за хімічнай і біялагічнай зброяй ЗША – яны могуць быць ужытыя праз 90 дзён пасля першага этапу, гэта значыць у чэрвені сёлета, адзначае аналітык «Фінам» Вольга Беленькая.

Акрамя таго, растуць прыбытковасці амерыканскіх аблігацый, што робіць даляр больш прывабным для інвестыцый – усё гэта сігналізуе пра рызыкі захавання адтоку капіталу ў найбліжэйшыя месяцы, паказвае яна.

Адток разам з геапалітыкай цісне на курс рубля. Сітуацыю пагаршае тое, што прыток нафтадаляравых прыбыткаў застаецца на траціну ніжэйшы за леташні (45 млрд даляраў за квартал супраць 60 млрд), у той час як попыт на валюту для імпарту прыкметна расце (+ 12% паводле вынікаў квартала), адзначае Даўгін.

У выглядзе вывазу капіталу Расею пакінула 70% чыстага прытоку валюты паводле актуальнага рахунку плацёжнага балансу (ягонае сальда ЦБ ацаніў на 16,8 млрд даляраў за першы квартал). Як мяркуе Даўгін, гэта сведчыць, што за мяжу выпраўляюцца не толькі новыя прыбыткі, але і валютныя ашчаджэнні, якія захоўваліся ўнутры краіны.

«Стрымаць адток можа дапамагчы ўзмацненне жорсткасці манетарнай палітыкі ЦБ РФ», – кажа Станіслаў Мурашоў, аналітык Райффайзенбанка. Рэгулятар пачаў цыкл павышэння адсоткавых ставак, каб высокай прыбытковасцю прывабіць бізнэс і інвестараў у рубель.

Але ЦБ не ўсёмагутны: ён можа паспрабаваць затармазіць працэс, але «пераламаць сфармаваны трэнд наўрад ці атрымаецца», песімістычны Мурашоў.

Высокі вываз капіталу карпарацыямі робіць цяжкадаступным для рубля ўмацаванне да 70-72 за даляр нават ва ўмовах нейтралізацыі геапалітычных рызык, піша Расбанк. Абвастрэнне ж абстаноўкі здольнае падкінуць даляр да 80 рублёў, кажа Беленькая.

Калі курс паднімецца вышэй пры стабільных коштах нафты, ЦБ можа разгледзець адмову ад набыцця валюты для ФНБ, мяркуе Даўгін.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках