19 красавiка 2024, Пятніца, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў абавяжуць рэгістраваць валютныя дамовы

4
Беларусаў абавяжуць рэгістраваць валютныя дамовы
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА: TUT.BY

Каго закране?

У Беларусі з 9 ліпеня ўвядуць абавязковую рэгістрацыю некаторых валютных дамоваў. Гэта патрабаванне закране ў тым ліку ўгоды ў куплі нерухомасці, каштоўных паперах, экспартных і імпартных кантрактах. За нерэгістрацыю пагражае штраф, піша tut.by.

Але адразу ўдакладнім, што гэтае патрабаванне закране не ўсе валютныя дамовы, а тыя, якія будуць укладзеныя з нерэзідэнтамі (чытай - фізічнымі асобамі-замежнікамі, замежнымі кампаніямі, арганізацыямі) і перавысяць устаноўленую столь. Да прыкладу, калі прадаць кватэру расейцу або літоўцу і сума ўгоды перавысіць уведзены ліміт, то давядзецца зарэгістраваць дамову, а калі нерухомасць у вас набудзе рэзідэнт нашай краіны - то не трэба даваць справаздачу ў Нацбанку аб пагадненні.

Пра якія змены ўвогуле гаворка

З 9 ліпеня запрацуе новая рэдакцыя закона аб валютным рэгуляванні і кантролі. Сярод іншага Нацбанк дазволіць адкрываць рахункі ў замежных банках, набываць акцыі і нерухомасць за мяжой без узгаднення з ім.

Пры гэтым з 9 ліпеня ўвядуць новае патрабаванне - некаторыя валютныя дамовы трэба будзе рэгістраваць.

Якія ўмовы для рэгістрацыі валютнага дамовы

Першая важная ўмова для рэгістрацыі валютнай дамовы - яна павінна быць укладзеная рэзідэнтам з нерэзідэнтам (фізасобай-замежнікам ці замежнай юрыдычнай асобай (кампаніяй, арганізацыяй), ІП).

Другая ўмова - рэгістраваць валютную дамову трэба будзе, калі сума па дамове перавышае 2000 базавых адзінак для фізічных асоб - цяпер гэта 58 тысяч рублёў, а для юрыдычных асоб і ІП - 4000 базавых (116 тысяч рублёў). Рэгістраваць дамовы трэба таксама ў тых выпадках, калі сума ў дамове не вызначаная.

Пры якіх аперацыях трэба рэгістраваць дамовы, калі яны падпадаюць пад гэтыя дзве ўмовы

Валютная дамова падлягае рэгістрацыі, да прыкладу, пры продажы кватэры ці дома, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, нерэзідэнту. То бок, калі ў вас захоча набыць нерухомасць расеец ці літовец і сума ўгоды перавысіць устаноўленую столь, то трэба будзе зарэгістраваць дамову.

Калі беларус набудзе ў Расеі, Літве ці іншай дзяржаве ў нерэзiдэнта нашай краіны нерухомасць і сума ўгоды перавысіць столь па суме, то таксама давядзецца зарэгістраваць дамову.

Спіс дамоваў, якія трэба рэгістраваць, вялікі. Сярод іншага гэта выдача рэзідэнтам грошай нерэзідэнту на бязвыплатнай аснове або дарэнне. Прасцей кажучы, калі беларус падорыць замежніку або бязвыплатна перадасць замежніку больш як 2000 базавых адзінак (калі гаворка пра фізасобу), то гэта трэба зарэгістраваць.

Калі беларус захоча ўкласціся ў статутны фонд кампаніі-нерэзідэнта, то трэба будзе таксама даць справаздачу перад Нацбанкам.

Як зарэгістраваць дамову і ў якія тэрміны

Дамову трэба зарэгістраваць да таго, як рэзідэнт здзейсніць якія-небудзь дзеянні па яе выкананню альбо не пазней 7 рабочых дзён з даты, якая ідзе за днём паступлення грошай на рахунак рэзідэнта, у тым ліку ў замежнага банку.

Зарэгістраваць трэба будзе на спецыяльным вэб-партале Нацбанку. Там ёсць асобныя ўваходы ў сістэмы для фізічных асоб, юрыдычных асоб і ІП. Удакладнім, што гаворка пра тое, каб рэзідэнты пакідалі інфармацыю на партале.

Дарэчы, на партал трэба будзе падаць інфармацыю таксама пра валютныя дамовы, укладзеныя рэзідэнтамі да 9 ліпеня 2021, калі абавязацельствы па іх будуць не выкананыя дагэтуль.

На партале ўжо можна паглядзець інструкцыю рэзідэнта па падачы інфармацыі. Да прыкладу, для юрыдычных асоб сярод іншага трэба будзе паказваць пры рэгістрацыі тэрміны дамовы, у якой валюце, абслугоўваючы банк, парадак разліку, прымацаваць саму дамову і іншае.

У гэтай сітуацыі банкі актыўна размяшчаюць на сваіх сайтах інфармацыю аб зменах. Як распавялі ў адным з камерцыйных банкаў, яны ўвядуць паслугу па запаўненні інфармацыі на партале ад фізасобы, юрыдычнай асобы або ІП. Як плануецца, за яе будуць спаганяць фіксаваную аплату.

Як могуць пакараць, калі не зарэгістраваць дамову

Абноўленай у сакавіку рэдакцыяй КоАП увялі адміністрацыйныя правапарушэнні, якія датычацца валютных дамоваў, і адказнасць за іх здзяйсненне. Сярод іх - нерэгістрацыя валютнай дамовы.

За невыкананне абавязку ў рэгістрацыі валютнай дамовы, калі гэта патрабуецца паводле закона, фізасобы могуць атрымаць штраф да 5 базавых адзінак (да 145 рублёў), а юрыдычныя асобы і ІП - да 10 базавых (да 290 рублёў).

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках