23 красавiка 2024, aўторак, 17:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым небяспечны варыянт каранавіруса P.1?

3
Чым небяспечны варыянт каранавіруса P.1?
ФОТА: ADOBE_STOCK

У Бразіліі вокамгненна распаўсюджваецца новы варыянт COVID-19.

Прадказанне вірусолагаў, зробленае імі яшчэ ў пачатку гэтага года, пачало спраўджвацца: у свеце з маланкавай хуткасцю распаўсюджваецца новы варыянт каранавіруса P.1. Упершыню ён быў знойдзены ў Бразіліі: калі ў пачатку студзеня колькасць ахвяр Кавіда ў гэтай краіне не перавышала тысячы чалавек на дзень, то з канца сакавіка лічбы імкліва ўзраслі. На гэты час ад Кавіда там штодня паміраюць больш за тры тысячы чалавек, а 90 адсоткаў інфікавання прыпадае на варыянт P.1., піша «Нямецкая хваля».

Устанавіць дакладную колькасць штодзённых заражэнняў каранавірусам у Бразіліі не ўдаецца. Але зразумела адно: у краіне з насельніцтвам, большым за 200 мільёнаў жыхароў, пандэмія цалкам выйшла з-пад кантролю. З яе пачатку (на 8 красавіка) каранавірусам заразіліся не менш за 13 мільёнаў чалавек. Але лекары зыходзяць з таго, што колькасць няўлічаных выпадкаў захворванняў у разы вышэйшая. Многія з захварэлых і ачунялых, відавочна, так і не патрапілі ў статыстыку.

Варыянт P.1 распаўсюджаны не толькі ў Бразіліі. Ён сустракаецца таксама ў Мексіцы, Калумбіі, Бельгіі і Швэцыі і ў шэрагу іншых краін.

Што вядома аб варыянце каранавіруса P.1?

Новы варыянт P.1 быў упершыню выяўлены ў бразільскім горадзе Манаусе 10 студзеня. Ён мае 17 мутацый, тры з якіх знаходзяцца ў спайкавым бялку, які палягчае вірусу пранікненне ў клеткі чалавечага арганізма. Адной з ключавых з'яўляецца мутацыя E484K, і яна ж - самая небяспечная: навукоўцы мяркуюць, што менавіта гэтая мутацыя дапамагае вірусу выслізгваць ад імуннага адказу, так што нават тыя, хто ўжо перанёс каранавірусную інфекцыю, могуць заразіцца паўторна.

Манаус моцна пацярпеў ад каранавіруса яшчэ ў першую хвалю пандэміі: да кастрычніка 2020 года на Кавід перахварэлі прыкладна тры чвэрці жыхароў двухмільённага горада. Таму ў той момант, калі ўпершыню быў знойдзены варыянт P.1, медыкі спадзяваліся, што набыты калектыўны імунітэт замарудзіць распаўсюджванне віруса. Але іх надзеі не апраўдаліся: на Манаус абрынулася новая хваля заражэнняў.

Ці працякае хвароба пры заражэнні бразільскім варыянтам цяжэй?

Досвед іншых краін, дзе сустракаецца мутацыя каранавіруса

P.1, дазваляе выказаць здагадку, што хвароба ў заражаных ёю людзей працякае не цяжэй, чым у выпадку інфікавання першапачатковым варыянтам SARS-CoV-2. Зрэшты, афіцыйна пацверджаных звестак гэтаму пакуль няма. Зразумела толькі адно - бразільскі вірус

адрозніваецца надзвычайнай заразнасцю.

У Бразіліі гэты факт прывёў да крытычнай перагрузкі сістэмы аховы здароўя, наступствам якой стала высокая смяротнасць. Аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі перапоўненыя, запасы кіслароду абмежаваныя. У такіх умовах немагчыма атрымаць звесткі пра колькасць новых заражэнняў, і гэта не дазваляе зрабіць статыстычна абгрунтаваную выснову аб небяспецы варыянту P.1.

Наколькі эфектыўныя існыя вакцыны супраць P.1?

Рэальная эфектыўнасць вакцын супраць варыянту P.1 пакуль што не даследаваная. На гэты момант вынікі лабараторных даследаванняў прэпаратаў AstraZeneca і BioNTech/Pfizer паказалі: антыцелы, створаныя з дапамогай гэтых вакцын, здольныя нейтралізаваць бразільскі варыянт каранавіруса. Аднак папярэдняе даследаванне паказвае на тое, што яны менш эфектыўныя супраць P.1, чым у выпадку з іншымі варыянтамі каранавіруса.

Вядома таксама, што вакцына AstraZeneca менш дзейсная і супраць паўднёваафрыканскага варыянту каранавіруса, які, падобна бразільскаму, мае мутацыі, размешчаныя ў спайковым бялку. Тым не менш вакцынацыя прэпаратам AstraZeneca ўсё ж мае сэнс, бо ў гэтым выпадку нават пры заражэнні адным з новых варыянтаў каранавіруса сімптомы захворвання, з вялікай імавернасцю, будуць больш мяккімі. Акрамя таго, людзі, якія прайшлі вакцынацыю, вельмі рэдка маюць патрэбу ў інтэнсіўным медыцынскім лячэнні, што зніжае колькасць смяротных выпадкаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках