24 красавiка 2024, Серада, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму я ня веру ў афіцыйную вэрсію тэракту ў мэтро

6
Чаму я ня веру ў афіцыйную вэрсію тэракту ў мэтро
Фото: tut.by

Суд абавязаў зьнішчыць рэчавыя доказы, якія належалі тым, каго расстраляюць.

У чэрвені 1992 году, калі я як сакратар парлямэнцкай камісіі па СМІ і правах чалавека на запрашэньне Дзярждэпартамэнту быў у ЗША, у Вашынгтоне давялося наведаць штаб-кватэру Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў (ФБР).

І я запытаўся ў намесьніка дырэктара ФБР — ці ня мог бы ён паказаць (а магчыма, і даць патрымаць у руках?) стрэльбу, зь якой Лі Гарві Освальд забіў прэзыдэнта Кенэдзі. Выглядала, просьба яго зьдзівіла, бо ён запытаўся, а чым, уласна, выкліканая такая мая цікаўнасьць. Я патлумачыў, што ў пачатку 60-х Освальд жыў у Менску, і ў дадзеным выпадку ўва мне гаворыць інтарэс журналіста, а не палітыка.

Кіраўнік ФБР адказаў мне як юрыст: стрэльба сапраўды захоўваецца ў ФБР, але яна закансэрваваная, і не як музэйны экспанат, а як рэчавы доказ. Бо так, прайшло амаль 30 гадоў з дня забойства ў Даласе, але яшчэ праз 30 крыміналістычная навука можа нагэтулькі прасунуцца наперад, што нешта сёньня нязначнае — акажацца вельмі важным. І магчыма, дасьць новы погляд на злачынства. Таму «патрымаць» стрэльбу ня можа нават ён.

Як вядома, пастанова суду, які вынес сьмяротны вырак па справе тэракту ў Менскім мэтро 11 красавіка 2011 году, абавязвала зьнішчыць і рэчавыя доказы, якія належалі тым, каго расстраляюць — мабільныя тэлефоны, сумку ды іншае.

І гэта для мяне найбольшы аргумэнт, каб усумніцца ў афіцыйнай вэрсіі тэракту ў мэтро.

Ёсьць і яшчэ адзін, зьвязаны менавіта з датай 11 красавіка. Але нумаралёгія тут ні пры чым.

11 красавіка 1995-га мы, дзевятнаццаць дэпутатаў Апазыцыі БНФ, абвясьцілі ў парлямэнце галадоўку супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі, статусе беларускай мове, праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і інтэграцыі з РФ. Уначы ў Дом ураду былі ўведзеныя войскі, нас зьбіла спачатку група КДБ «Альфа», а потым спэцназ. Дзяжурныя лекары лечкамісіі зафіксавалі цялесныя пашкоджаньні.

Але нараніцу Лукашэнка заявіў, што дэпутатаў ніхто і пальцам не крануў, і абяцаў паказаць па ТВ відэа, дзе нас далікатна выносяць з залі.

Да сёньняшняга дня не паказаў.

Сяргей Навумчык, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках