20 красавiка 2024, Субота, 14:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для нафтавай эканомікі РФ распачаты адваротны адлік

5
Для нафтавай эканомікі РФ распачаты адваротны адлік
ФОТА: REUTERS

Расейская нафтавая прамысловасць падышла да «вычэрпвання свайго натуральнага патэнцыялу».

Пасля 25 гадоў бесперапыннага экстэнсіўнага росту нафтавая прамысловасць Расеі падышла да «вычэрпвання свайго натуральнага патэнцыялу», піша finanz.ru.

Пра гэта гаворыцца ў праекце генеральнай схемы развіцця нафтавай галіны на перыяд да 2035 года, якую падрыхтавала Міністэрства энэргетыкі РФ.

Згодна з дакументам, які цытуе ТАСС, блізкая граніца нафтавай галіны звязаная перш за ўсё са зменай структуры і характару рэсурсавай базы, а таксама з абмежаваным патэнцыялам павелічэння попыту на расейскія нафту і нафтапрадукты.

Павялічыўшы здабычу амаль удвая за чвэрць стагоддзя і пабіўшы рэкордны позняга СССР, Расея выйдзе на нафтавы пік у 2027-29 гадах, пасля чаго «ва ўсіх сцэнарах <...> прагназуецца падзенне здабычы нафты», піша Мінэнэрга.

Калі ўгода OPEC+ для абмежавання паставак будзе падоўжаная на тэрмін пасля красавіка 2022 года, гэта можа адсунуць гранічны пункт, але ненадоўга.

Акрамя падзення магчымасцяў здабычы, нафтавая прамысловасць Расеі будзе адчуваць нарастанне ўздзеяння кліматычнай і экалагічнай палітыкі, гаворыцца ў генеральнай схеме.

Імаверным становіцца ўвядзенне ў Еўрапейскай Уніі пасля 2025 гады трансмежавага вугляроднага рэгулявання імпарту вуглевадародаў. «Чакаецца таксама ўзмацненне жорсткасці умоў, павелічэнне цаны і колькасці адмоў у крэдытаванні новых нафтаздабыўных праектаў з боку міжнародных і еўрапейскіх фінансавых інстытутаў», - цытуе ТАСС дакумент.

«Увядзенне вугляроднага падатку прычыніцца як да дадатковых выдаткаў пры экспарце вуглевадародаў, так і, магчыма, да сярэдняга зніжэння канкурэнтаздольнасці Расеі на еўрапейскім нафтавым рынку. Існуе таксама рызыка, што вугляроднае рэгуляванне імпарту вадкіх вуглевадародаў можа быць уведзенае да 2035 года і ў іншых краінах свету», - гаворыцца ў генеральнай схеме.

«Крытычным для нафтавага рынку», прызнае Мінэнэрга, становяцца скарачэнне спажывання нафтапрадуктаў у сэгмэнце аўтамабільнага транспарту. Дэкарбанізацыя сусветнай энэргетыкі, згодна са схемай, можа прычыніцца да падзення экспарту расейскай нафты на 3,5% пад 2025 год, на 9,9% - пад 2030, на 18,1% - пад 2035 і 25,7% - праз 20 гадоў.

«Імавернасць рэалізацыі разгляданай рызыкі безупынна павялічваецца, - гаворыцца ў дакуменце. - У 2020 годзе быў абвешчаны цэлы шэраг амбіцыйных планаў дэкарбанізацыі з боку кампаній і дзяржаўных органаў ключавых краін - спажыўцоў расейскай нафты і нафтапрадуктаў, у тым ліку краін ЕЗ і Паўночна-Усходняй Азіі».

Пры гэтым паскоранае зніжэнне вугляроднага следу можа прычыніцца да скасавання рэалізацыі вялікіх доўгатэрміновых праектаў у новых цэнтрах здабычы нафты ў Расеі, бо тэрмін акупнасці такіх праектаў можа стацца непрымальным для інвестараў, прагназуе Мінэнэрга.

«Нягледзячы на тое, што дасягненне піку сусветнага попыту на нафту прагназуецца не раней за 2030-2035 гадоў, растуць рызыкі праходжання гэтага піка ў больш ранні перыяд, а таксама істотнага зніжэння тэмпаў росту сусветнага попыту на нафту ў 2020-я гады. У 2020-2021 гадах названыя рызыкі ўзмацніліся пад уплывам пандэміі новай каранавіруснай інфекцыі COVID-19, негатыўнае ўздзеянне якой на сусветнае спажыванне нафты і асноўных нафтапрадуктаў можа захавацца аж да 2023-2024 гадоў», - гаворыцца ў праекце дакумента.

Нафтавай галіны Расеі «трэба рыхтавацца да пераходу сусветнага рынку нафты ў стан доўгатэрміновай стагнацыі або зніжэння попыту», папярэджвае Мінэнэрга.

Гэтыя чыннікі, на думку міністэрства, будуць спрыяць як узмацненню міжнароднай канкурэнцыі за рынкі збыту, так і зніжэння інвестыцыйнай прывабнасці нафтавай прамысловасці.

На гэты момант на Расею прыпадае 6% сусветных запасаў нафты і 20% - газу. Агульная вартасць выведаных карысных выкапняў у нетрах складае 28 трыльёнаў даляраў, гэта значыць 1900% УБП краіны. Тры чвэрці гэтай сумы прыпадаюць на нафту, газ і вугаль, падрахавалі ў Падліковай палаце РФ.

Пры цяперашнім узроўні здабычы (550 млн тон штогод) запасаў нафты стане на 35 гадоў, а газу - на 50. Зрэшты, дзве траціны нафтавых радовішчаў прыпадае на цяжка здабывальную нафту, размешчаную пераважна ў Арктыцы (60%). Яе здабыча каштуе дорага і патрабуе сучасных тэхналогій. Калі выключыць маларэнтабельныя паклады, нафты ў краіне засталося на 20 гадоў, ацэньвае палата. Што да газу, то якасныя запасы («сухі газ» - практычна чысты метан, які не змяшчае цяжкіх гамолагаў) таксама «істотна ніжэйшыя» за агульныя.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках