25 красавiка 2024, Чацвер, 23:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя нечаканкі: Што будзе з беларусамі, якія афармлялі аўто на сябе, але для іншых?

3
Новыя нечаканкі: Што будзе з беларусамі, якія афармлялі аўто на сябе, але для іншых?
ФОТА: ONLINER

Падаткавікі зацікавіліся «схемай».

Нядаўна падатковыя службы высветлілі, што беларусы, якіх дзяржава адносіць да катэгорыі малазабяспечаных, у 2020 годзе набывалі дарагія Tesla і неўзабаве іх прадавалі. "Гэта схема", – зрабілі выснову падаткавікі.

Само сабой, калі такой акалічнасцю зацікавіліся інспектары падаткаў і збораў, то пытанне ў іх будзе кароткае: адкуль грошы? І на гэтае пытанне давядзецца адказваць, піша "Аўтабізнэс".

"Схема проста каласальная ў сваёй прыбытковасці"

16 сакавіка 2020 года Еўразійская эканамічная камісія абнуліла стаўку ўвазной мыты на электрамабілі да 31 снежня 2021 года.

Беларусь у гэтым пытанні пайшла яшчэ далей: каб электракараў у краіне станавілася больш, абнулілі яшчэ і стаўку падатку на даданую вартасць, прычым да 31 снежня 2025 года (указ №92 ад 12 сакавiка 2020 г. "Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў"). Аднак на тэрыторыі Расеі ПДВ на "электрычкі" прадаўжаў дзейнічаць, таму, мяркуючы з усяго, і нарадзілася "схема".

Як мы здолелі высветліць, паколькі дзеянне ўказа распаўсюджвалася толькі на грамадзянаў Беларусі і іншаземцаў, якія стала жывуць у нашай краіне, расейскія "перакупы" і не толькі ўвозілі дарагія электракары ў РБ і за пэўную плату афармлялі іх на беларусаў. Прычым у многіх выпадках аўтамабілі нават не ставілі на ўлік, а толькі афармлялі мытныя дакументы. Далей электракары адпраўляліся ў іншыя краіны Мытнага звязу.

Вось што патлумачыла Аўтабізнэсу крыніца, якая пажадала застацца ананімнай з прычыны таго, што і сама прыганяла электракары з ЗША паводле агучанай схемы:

"Гэтая схема проста каласальная ў сваёй прыбытковасці. Вось набыў, напрыклад, расеец электракар у ЗША, завёз яго ў Мытны звяз і аформіў увоз на беларуса. Спачатку ставілі гэтыя аўто на ўлік у РБ, потым здымалі, атрымлівалі транзіты і перапрадавалі ў асноўным ў Расею і Казахстан. Пазней нават ставіць на ўлік на беларусаў перасталі, а проста афармлялі мытныя дакументы пра ўвоз электракара і потым пасродкам складання рахунку-даведкі і дамовы камісіі, то-бок фармальна праз камісійны гандаль, адпраўлялі пакупніку ў Расею. Далей ён ставіў на аўто ЭРА-ГЛОНАСС, атрымліваў сертыфікат аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку (СБКТС) і афармляў пашпарт транспартнага сродку (ПТС). Атрымлівалася эканомія за кошт ПДВ, а гэта без малога 20 адсоткаў кошту электракара".

Заўвага Аўтабізнэсу: паводле правілаў дазволены камісійны гандаль толькі тымі аўтамабілямі, якія раней стаялі на ўліку ў Рэспубліцы Беларусь, пры наяўнасці пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку з адзнакай пра зняцце яго з уліку ў сувязі з продажам.

Чаму малазабяспечаныя?

Яшчэ да пастановы Еўразійскай камісіі і прэзідэнцкага ўказа №92, якія з'явіліся ў сярэдзіне 2020 года, з красавіка 2019-га дзейнічаў указ №140 "Аб кампенсацыi мытаў, падаткаў". Паводле гэтага дакумента пры мытным дэклараванні транспартных сродкаў на інвалідаў 1-й і 2-й групаў і шматдзетных бацькоў мыты і падаткі выплачваліся са "зніжкай" 50%.

Льгота тычылася ўсіх увазных машынаў, як з ДВС, так і на электрацязе. За 300–500 $ ільготнікі афармлялі на сябе свежыя аўтамабілі, якія потым перапрадавалі фактычным "заказчыкам". Тыя фактычна эканомілі 50% на мытных плацяжах і падатках пры афармленні, хоць ільгота як такая на іх законам не распаўсюджвалася.

Тыя, хто на просьбу знаёмых (ці не) за грашовае ўзнагароджанне або без яго афармлялі на сябе ўвоз аўтамабіляў з-за мяжы, могуць сутыкнуцца з праблемамі, пра якія мы папярэджвалі. Усё таму, што льготы, прадугледжаныя і ўказам №140 аб 50-адсоткавай зніжцы пры размытненні, і ўказам №92 пра абнуленне ПДВ пры ўвозе ў Беларусь электратранспарту, распаўсюджваюцца на ўвоз аўтамабіляў для асабістых патрэбаў грамадзянаў, пра што ў гэтых дакументах напісана чорным па белым.

Ёсць верагоднасць, што нават тым, хто сам удзельнічаў у афармленні ўгоды і нейкі час валодаў аўтамабілем, а потым прадаў яго, давядзецца даказваць набыццё машыны для асабістых патрэбаў. А гэта, беручы да ўвагі кароткія тэрміны валодання аўто, будзе няпроста.

Калі будзе вызначана, што аўтамабіль увозіўся не дзеля асабістых патрэбаў і пры гэтым выкарыстоўвалася льгота, то розніцу ў мытных плацяжах і падатках абавяжуць даплаціць. Плюс могуць змушаць да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт.14.4 КаАП (штраф памерам 40% нявыплачанай сумы).

Закон, дарэчы, не тлумачыць, што такое ўвоз аўто "для асабістых патрэбаў", то-бок колькі часу ўласнік павінен валодаць аўтамабілем, каб уважаць яго за набыты менавіта для сябе. Але гэта яшчэ горш, паколькі дае магчымасць кампетэнтным органам па-свойму трактаваць і само паняцце, і тэрміны.

Што будзе з "часовымі аўтаўладальнікамі"

Як мінімум прадстаўнікі падатковай інспекцыі могуць папрасіць такіх "аўтаўладальнікаў" запоўніць дэкларацыі аб прыбытках, каб зразумець, адкуль узяліся грошы на набыццё дарагога аўтамабіля.

Калі пасля праверкі падаткавікі вызначаць, што выдаткі перавысілі прыбыткі, то на суму, паходжанне якой грамадзянін не зможа растлумачыць, налічаць падаходны падатак памерам 16% (а не звыклыя 13%), паколькі менавіта такая стаўка прадугледжаная для сумаў, якія перавышаюць выдаткі над прыбыткамі (пп.3.2 п.3 арт.214 Асобнай часткі Падатковага кодэкса).

Лічым: умоўны Іван Іванавіч аформіў на сябе ўвоз аўтамабіля Tesla коштам 100.000 $. Падатковы інспектар пры гэтым вызначыць, што Іван Іванавіч афіцыйна зарабіў 30.000 $ (у рублях, натуральна), а гэта значыць, што на "незадэклараваныя" 70.000 $ налічаць падатак 16%, гэта значыць 11.200 $.

Можна, вядома, сказаць, што грошы даў сваяк, і ў гэтым выпадку такія прыбыткі (аперацыі паміж блізкімі сваякамі) у сілу п.2 арт.196 НК РБ не з'яўляюцца аб'ектам падаткаабкладання. Але тады ёсць рызыка "падставіць" блізкіх людзей, якіх пасля такіх тлумачэнняў падаткавікі могуць саміх папрасіць даць справаздачу аб прыбытках.

Дарэчы, падатковае заканадаўства і заканадаўства аб выканальнай вытворчасці максімальна жорсткія: штрафныя пені, арышт маёмасці, забароны на выезд за мяжу і іншыя "радасці", у тым ліку ў выглядзе пазбаўлення права кіравання транспартным сродкам, могуць выкарыстоўвацца як вагары ўздзеяння на вінаваўцу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках