29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянеры Беларусі заклікалі міжнародную супольнасць пакараць рэжым у Міжнародным судзе

8
Пенсіянеры Беларусі заклікалі міжнародную супольнасць пакараць рэжым у Міжнародным судзе
Фота: «Радыё Свабода»

Беларусы прадаўжаюць змагацца за сваю будучыню.

Беларускія пенсіянеры звярнуліся з моцнай заявай да сусветнай супольнасці. Сайт Charter97.org публікуе яе цалкам:

- Вынікі выбараў прэзідэнта ад 9 жніўня 2020 года былі сфальсіфікаваныя. У выніку розныя групы грамадства - ад пенсіянераў да інвалідаў - выйшлі на масавыя акцыі пратэстаў. Зваротнай рэакцыяй уладаў сталі неймаверныя па сваёй жорсткасці рэпрэсіі.

Мы - пенсіянеры. Мы не хочам нікім кіраваць. Мы не хочам нікога заваёўваць. Мы хочам дапамагчы кожнаму ў нашай краіне ўсвядоміць беззаконне дзейнай улады. Таму мы выходзім на мірныя пратэсты з 5 кастрычніка 2020 года. Каб кожны з нас — будзь то нават памагаты рэжыму — усвядоміў, што ён чалавек з правам выбару.

«У аднаго мужчыны 9 жніўня АМАПам быў збіты і скалечаны сын. Цяпер бацька выходзіць замест сына», - распавядае ўдзельніца маршу.

«Майго найлепшага студэнта за плакат «Я супраць гвалту!» збівалі ўчатырох. Адбітыя ныркі. Я выходжу за яго», - словы выкладчыка.

«Мой сын 10 жніўня не вярнуўся з працы. Прапаў. На трэці дзень яго прывезлі валанцёры з перабітымі нагамі. Як я магу прыняць гэта?»

12 кастрычніка 2020 пры разгоне маршу пенсіянераў у Менску сілавікі ўжылі светлашумавыя патроны «Аса» і слезацечны газ.

«Было цяжка дыхаць. Адной жанчыне выклікалі «хуткую». У мяне да ночы гарэў твар»,— напісала 69-гадовая пенсіянерка.

З кожным панядзелкам рэакцыя ўладаў нарастала. Затрыманні павялічваліся. Але мы не маглі заставацца абыякавымі да таго, што робіцца ў краіне, да таго, як здзекуюцца з нашых дзяцей і ўнукаў!

79-гадовая Ларыса Соусь, якая перажыла Халакост, была затрыманая 6 снежня. Яна кінулася абараняць хлопца, якога цягнулі супрацоўнікі АМАП. «Вазьміце мяне замест яго!»- крычала жанчына. Абодвух забралі ў Кастрычніцкае РУУС. «Я заўважыла, што было шмат пабітых», - распавядае Ларыса— «Я села недалёка ад хлопца, якога забіралі на маіх вачах. У яго была рана на сцягне. 4 гадзіны я прасядзела ў РУУС, і ўвесь гэты час з яго нагі капала і капала кроў. Я гладзіла яго па галаве і старалася падтрымаць, як калі б гэта быў мой сын ці ўнук»

8 снежня ў Савецкім судзе Менска была асуджаная 66-гадовая Валянціна Хілюціч. Перад судом яна скардзілася на праблемы з сэрцам і на тое, што часам губляе прытомнасць. «Вы разумееце, што я не вытрымаю?»,- спытала яна ў суддзі. Суддзя прызначыла хворай жанчыне 10 дзён арышту.

14 снежня адбыліся масавыя затрыманні пенсіянераў на плошчы Незалежнасці. За «карагод вакол ялінкі» больш за 100 людзей сталага веку заштурхалі ў аўтобусы і павезлі ў РУУС. Самай старэйшай з іх, Валерыі Спірыдонавай, было 89 гадоў. «Прайдзіце ў аўтобус, мы праверым вашыя звесткі і адпусцім», - абяцалі нам людзі ў форме. Але нас падманулі. Многіх пасадзілі, многім далі штрафы— распавядае яна.

А што адбываецца ў ізалятарах падчас эпідэміі каранавірусу? «Дзяржаўнымі органамі наўмысна не ўжываюцца ніякія захады для абароны затрыманых ад заражэння каранавіруснай інфекцыі. Хворых не лечаць», — гаворыцца ў прамежкавай справаздачы Міжнароднага камітэта ў расследаванні катаванняў у Беларусі.

Незразумела, навошта пенсіянераў саджаць у камеры? Яны хіба такія небяспечныя для грамадства? Ды яшчэ ў час эпідэміі.

Да ўлады прыйшлі нягоднікі, абяцаючы маладым будучыню, а паджылым — стабільнасць. Яны схлусілі нам! Яны не выканалі абяцанняў!

Жодзінскі суд аштрафаваў 75-гадовую Іраіду Міско на 1,5 пенсіі за тое, што яна выказвала свой пратэст з бел-чырвона-белай пасцілой у руках. Да яе прыходзілі з ператрусамі і канфіскавалі кампутар. А колькі затрыманых за бел-чырвона-белыя парасоны!

Шасцярых пенсіянерак, якія займаліся ў лесе скандынаўскай хадой, затрымалі пад Віцебскам. «Нас атачылі людзі ў чорным», - паспела паведаміць адна з жанчын мужу. І сувязь абарвалася.

«Тры разы ў ізалятары я прасіла выклікаць мне лекара, але на мае скаргі ніхто не рэагаваў», - распавядае 57-гадовая гомельская настаўніца Алена Літвінава. Жанчына правяла 5 дзён у ІЧУ, чакаючы суда. Хоць, заканадаўства РБ дазваляе затрымліваць чалавека паводле адміністрацыйнай справы толькі 72 гадзіны! Ёй не перадалі лекі, не надалі медыцынскую дапамогу.

Чэмпіёнку СССР у кулявой стральбе 87-гадовую Лізавету Бурсаву пакаралі штрафам за бел-чырвона-белы сцяг на гаўбцы. «Я дажыла яшчэ да аднаго фашызму ў сваёй краіне».

Галіна Дзербыш, 59 гадоў, «бабуля-тэрарыстка» з-пад Гародні. Чалавек з залатым сэрцам, дапамагала людзям і бадзяжным жывёлінам. КДБ унёс яе у спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці! Галіну затрымалі 10 снежня, у яе анкалогія і праблемы з сэрцам. Стан яе здароўя сур'ёзна пагоршыўся ў турме.

Суды па Skype — ужо распаўсюджаная практыка. Суд можа доўжыцца 5 хвілін! Да прыкладу, у раскладзе на 11 студзеня 2021 года ў судзе Партызанскага раёна 10 суддзяў. У кожнага ад 4 да 6 спраў. На разгляд кожнай справы адводзіцца 5-20 хвілін. Некаторыя затрыманыя былі асуджаныя завочна і нават не праінфармаваныя аб судзе, тым самым пазбаўленыя права на абарону.

«Ужо пасля таго, як мяне вызвалілі, я даведалася, што, выяўляецца, мне прысудзілі 20 дзён», - распавядае пацярпелая жанчына.

Пенсіянерамі выказвалася шмат скаргаў на якасць сувязі падчас правядзення суда з выкарыстаннем Skype: не чуваць, што кажа суддзя, людзі не паспяваюць разабрацца. Да прэтэнзій і скаргаў пацярпелых не прыслухоўваюцца, прыспешваюць іх і ў выніку судзяць канвеерам. Караюць ні ў чым не вінаватых па сутнасці, годных людзей, якія мірна выказвалі сваё меркаванне. «Альтэрнатыўных меркаванняў у нашай краіне быць не павінна», - мяркуюць улады.

Былыя зняволеныя распавядалі пра ўмовы ўтрымання. Перадачы не прымаліся. Камеры былі перапоўненыя.

Уявіце сабе паджылага чалавека ў халоднай камеры без матрацаў, вымушанага спаць на бетоннай падлозе! «У камеры на 4 чалавекі нас было 12», — успамінае адна з затрыманых — «жанчыны чысцілі зубы ўчатырох адной зубной шчоткай, бо не было перадач».

Невыносныя ўмовы турэмнага ўтрымання, пагрозы расправы над дзецьмі і ўнукамі, адмова ў медыцынскай дапамозе, абразы, выпадкі ўжывання газу, велізарныя штрафы, якія перавышаюць суму пенсіі ў 2-4 разы. Некаторыя дзяржаўныя дзеячы нават заклікалі пазбаўляць нас пенсій у сувязі з няўдзячнасцю былому прэзідэнту. Усё гэта выкарыстоўваецца супраць безабаронных паджылых людзей, якія адважыліся выказаць сваё меркаванне аб дзяржаве. Дзяржаве, якую яны будавалі сваёй працай, якой яны спраўна плацілі падаткі ўсё сваё жыццё. Хіба ў XXI стагоддзі ў еўрапейскай краіне сапраўды магчымы генацыд людзей старэйшага пакалення?

Мы хочам быць годнымі людзьмі і мець уласнае меркаванне! Мы, якія адпрацавалі ўсё сваё жыццё на краіну, павінны закрыць рот і пакорліва глядзець, як гэтая краіна развальваецца, як здзекуюцца з нашай моладзі, як «колер нацыі» - навукоўцы, журналісты, лекары, выкладчыкі — становяцца зняволенымі?

Затрыманых адной з турмаў прымушалі перасоўвацца па доўгім калідоры на карачках. Пенсіянерка, былая лекарка, не змагла паўзці на кукішках праз хворыя суставы. Ёй давялося перасоўвацца на каленях. Гэта катаванні ў чыстым выглядзе. Хіба не?

У Беларусі няма грамадскіх аб'яднанняў паджылых людзей. Тройчы спрабавалі зарэгістраваць грамадскае Аб'яднанне беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне». І атрымлівалі адмовы. У нас немагчыма існаванне грамадскай ініцыятывы без праявы лаяльнасці да ўлады. Таццяна Зялко, лідарка «Нашага пакалення» - удзельніца пенсіянерскіх маршаў. За снежаньскі марш адседзела ў ізалятары і была аштрафаваная на суму, якая перавышае суму сярэдняй пенсіі (дарэчы, гэта ўжо не першы штраф на яе рахунку).

Правы і свабоды, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь патаптаныя, яны не маюць юрыдычнай вагі і перакручваюцца прадстаўнікамі ўлады ў сваіх асабістых інтарэсах.

84-гадовы мянчук Ян Грыб быў удзельнікам многіх маршаў. Яго ў пачатку студзеня сілай забралі з дому і адвезлі ў суд. Але ён адмовіўся ўдзельнічаць у пасяджэнні: «Гэта не суды, гэта цырк. Вы не кіруецеся ні Канстытуцыяй, ні законамі... вось вам сказалі вырываць грошы ў людзей, таму вы не саромеецеся нават у інваліда, старога чалавека вылічваць апошнюю капейку, забіраць у яго апошні кавалак хлеба». Яну Грыбу прысудзілі штраф сумай некалькі пенсій.

Правасуддзя ў краіне няма. Яно не працуе! Затое добра працуюць пераслед, катаванні, здзекі! А з першага сакавіка ў Адміністрацыйны кодэкс унеслі змены для ўзмацнення жорсткасці пакаранняў.

Нашымі рукамі пабудаваная тая краіна, якую так не хоча аддаваць А. Лукашэнка. 26 гадоў ён бяздарна кіраваў краінай, а простыя людзі трымалі гэтую краіну на сваіх плячах.

Ніна Багінская - 74-гадовая жанчына, затрыманая дзясяткі разоў, наша сусветна вядомая гераіня. Здаецца, гэтую пенсіянерку ўжо нікому і ніколі не атрымаецца зламаць! Далікатная бабуля са сцягам у руках не раз натхняла людзей на маршах. І хоць А. Лукашэнка 20 кастрычніка загадаў «не забіраць яе з плошчаў», ужо 5 лістапада сілавікі з удзелам АМАПу правялі ператрус у доме Ніны Багінскай. «Фактычна, я спонсар міліцыянтаў, таму я іх не баюся...Заб'яце мяне, хто ж вам заробак заплаціць? Вы ж 50% маёй пенсіі забіраеце, крадзеце».

83-гадовы Рыгор Шадурскі экс-футбаліст сталічнага «Тарпеда», хакеіст нацыянальнай каманды БССР, разам з многімі выходзіў на пратэстныя маршы. «Што мною рухала? Я беларус. Ува мне нешта такое было заўсёды. Можа пачуццё патрыятызму ад спорту. Я заўсёды меркаваў, што лепш за Беларусь быць не можа». 20 снежня ён быў затрыманы. Завялі ў калідор. Паставілі да сцяны з паднятымі рукамі. У такой позе прастаяў 1,5 гадзіны. Пазней, ужо быўшы дома, ён паказаў дзве фатаграфіі. На адной менчукі стаяць з паднятымі рукамі ля сцяны Менскага РУУС, на другім – тая ж карціна часоў Вялікай Айчыннай вайны: «Паглядзі, гэта ж звяры! Яны проста здзекуюцца з людзей. Гвалт над людзьмі сталага веку - гэта жах».

Ёсць сярод нас і такія «байцы» як Алена Гнаўк з Берасця. Пенсіянерка была затрыманая ўжо некалькі разоў, адседзела 15 дзён, неймаверная колькасць штрафаў. Але яна прадаўжае паступаць так, як загадае ёй сумленне.

У першы вясновы дзень судзілі пенсіянерак, затрыманых у менскай электрычцы за чытаннем кніг на беларускай мове! Ветэрану працы, пенсіянерцы з анкалогіяй, Галіне Гуленковай далі 20 дзён арышту! Галіна не прызнала сябе вінаватай. Астатнія таксама атрымалі па 15-20 дзён арышту і штрафаў, якія складаюць ад 2-х да 4,5 пенсій!

Колькі грошай скрала ўлада ў пенсіянераў! Колькі людзей адбылі і прадаўжаюць адбываць арышт у нечалавечых умовах! Беларускія пісьменнікі - гонар нацыі - у забароне! Баліць душа ад гэтага бясчынства!

Мы заклікаем сусветную супольнасць звярнуць пільную ўвагу на парушэнне правоў грамадзян Беларусі і ўзняць пытанне аб пакаранні вінаватых у Міжнародным судзе.

Дыктатары заўсёды і ўсюды імкнуцца заняволіць людзей. Але мы прадаўжаем змагацца за нашу будучыню і за тое, каб наша краіна стала свабоднай і квітнеючай, заблішчаўшы нарэшце ў плеядзе дэмакратычнага сузор'я! Мы прадаўжаем змагацца за разумны свет, у якім закон, чалавекацэнтрызм і прагрэс будуць залогам усеагульнага шчасця і дабрабыту!

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках