18 красавiка 2024, Чацвер, 22:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў перамог цяжкую форму каранавірусу

6
Уладзімір Някляеў перамог цяжкую форму каранавірусу
УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ

У шпіталі ён рабіў запісы пра свае адчуванні і назваў іх «Гульні ковіду».

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў перахварэў на каранавірус у цяжкай форме, ягонай жонцы Вользе пашанцавала не патрапіць у лякарню, піша kp.by.

Недамаганне 74-гадовы Уладзімір Някляеў адчуў у сярэдзіне лютага, але падумаў, што гэта банальная прастуда. З панталыку збіў насмарк і невысокая тэмпература. І толькі калі тэмпература падскочыла вышэй за 39, здаўся лекарам. Лячэнне ён праходзіў у Менскай інфекцыйнай лякарні.

– Дзе я падхапіў гэтую заразу, не ведаю, але перанёс яе ў цяжкай форме, на ўсю праграму, з запаленнем лёгкіх, – расказаў «Камсамолцы» паэт. – Дзякуй Богу, абышлося без рэанімацыі, сам справіўся. Усё ж такі год прайшоў з моманту пачатку пандэміі. Калі б захварэў год таму, невядома, што было б. А цяпер лекары ўжо асвоілі методыкі лячэння. Раней яны тушылі кавід антыбіётыкамі, а цяпер не чапаюць. Справіцца з ім можа толькі імунная сістэма, таму лячэнне накіраванае на тое, каб падтрымаць менавіта яе.

Жонка паэта, Вольга Някляева, злегла ўслед за мужам. Але ёй пашанцавала перахварэць у лёгкай форме, у лякарню яна не трапіла.

– Лекары сказалі, што жанчыны лягчэй пераносяць каранавірус, – кажа Някляеў. – Калі ўзяць усіх цяжкіх хворых, то жанчынаў з іх 30%, а 70% – мужчыны. І не ўсе ачуньваюць. Тут ужо каму што лёсам наканавана.

З лякарні паэт вярнуўся з запіскамі пра кавід, якія ён рабіў у моманты, калі яго адпускала гарачка. Някляеў назваў гэтыя запіскі «Гульні ковіду». Вось некалькі ўрыўкаў з іх.

«Некалі кітайцы прыдумалі феерверкі, а цяпер прыдумалі ковід, каб ён мне іх паказваў…

У вакне ціхі-ціхі, як у шклянцы, плаўны, гэтакі святочна-светлы, якіх раней не бывала, – развітальны снег апошняга дня зімы...

...і раптам не стаў я бачыць яго – снегу ў вакне...

...ён там, медсястра кажа, ідзе... але я не бачу...

...бачу каляровыя, зыркія лініі святла. Паўсюль, куды ні кіну позірк... На падлозе, на сценах, на столі... Яны то зялёныя, то распалена-чырвоныя, то сінія... Кароткія – на паўлокця, плывуць у вачах то хутчэй, то павольней, то кружацца пасярэдзіне палаты, як каляровы снегапад... Неверагодна прыгожая, святочная ілюмінацыя, але ў мігценне яе глядзець страшна, невыносна хочацца бачыць проста сцены, столь, заснежанае вакно...»

***

«...а пад ноч гэтакі жар, што тое, што называлася мозгам, адчулася расплаўлена-распаленым, а таму два струменьчыкі кіслароду, якія ўдыхаліся праз нос, адразу ўспыхвалі, і ў сінім ззянні пасярэдзіне лобу з’явілася нешта, не ведаю, што? хто? – істота, якая назвалася выдаўцом Ковідам і прамовіла аднекуль, нібы знутры ззяння, што ведае пра раман, у якім паставіў я днямі апошнюю кропку, а пасля ў інтэрв’ю з нагоды заканчэння рамана сказаў, што лічу яго найважнай, выніковай працай жыцця, а таму, дадаў, магу лічыць сваю місію завершанай. І пасля паўзы, у якой праваліўся я ў цёмную непрысутнасць, дзе пагасла нават сіняе ззянне, тая істота, ці той, хто назваўся выдаўцом Ковідам, спытаў з’едліва: “Вы і цяпер тое самае сказалі б пра завяршэнне вашай місіі?..” – і я, згараючы ўжо не толькі ад жару, але і ад сораму праз сваю слабасць, закрычаў, што не!..

Ранкам лекарка мая, якая сама прайшла праз цяжкую форму ковіда, з кашмару майго ніколькі не здзівілася. Сказала, што некаторых пасляковідных вязуць у псіхдыспансер. Не дзіва – такое вытрывае не кожная псіхіка».

***

«Мой выдавец Ковід пакідае мяне, калі хоць трохі спадае гарачка, і з ёй вяртаецца. Праз нейкі час, не магу сказаць, праз які, у свядомасці маёй яго ўжо болей, чым мяне самога, бо ён ведае ўсё тое, што і я, а яшчэ тое, што вядома толькі яму. Ён вяртаецца да размовы пра місію, толькі гэтым разам не пра маю, а пра сваю, якая, аказваецца, у тым, каб вярнуць чалавецтва ў ягоную першапачатковую стыхію існавання – у акіян. “На гэтым караблі (унушае ён, і дзея ўжо адбываецца не ў шпітальнай палаце, а на марскім лайнеры, які праз каранавірус на ім не прымае ні адзін порт), вы задыхаецеся на паветры, бо вы рыбы”, – і я бачу, што мы насамрэч рыбіны, нечым падобныя да вугроў, бо можам паўзці па палубе, караскацца па бартах, шукаючы месца, адтуліну, праз якую можна слізнуць у ваду, куды я плюхаюся разам з тысячамі іншых пасажыраў-рыб, дзе мне адразу лягчэй, толькі я не разумею, хто, калі мы вернемся ў ваду, зойме наша месца на сушы? – а мой выдавец Ковід кажа: “Іншы інтэлект, іншы розум...” – і да мяне паціху пачынае даходзіць, што ён гэты розум, гэты інтэлект і ёсць».

***

2 сакавіка, за тры дні да выпіскі з лякарні, Уладзімір Някляеў напісаў верш.

...Не даў вясной памерці Бог –

Спагадны Божа.

І так, як мне Ён дапамог,

Хай вам паможа.

Не мог не дачакацца я

Яшчэ раз цуда:

Як зноў задыхае зямля

Зялёнагруда.

Як на вясновым скразьняку,

Сабе на дзіва,

Бялюткім кветам на ранку

Успыхне сліва.

Як з чырванню зьліецца бель

І залунае

Па-над зямлёй усіх зямель,

Што ўся сьвятая…

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках