29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хачу, як пад Кіевам: Што перашкаджае будаваць катэджавыя пасёлкі для простых людзей пад Менскам?

7
Хачу, як пад Кіевам: Што перашкаджае будаваць катэджавыя пасёлкі для простых людзей пад Менскам?

Хачу, як пад Кіевам: Што перашкаджае будаваць катэджавыя пасёлкі для простых людзей пад Менскам?

Гэтай байцы пра тое, што дзяржава будзе вылучаць землі каля буйных гарадоў, а забудоўнікі (не важна, дзяржаўныя або прыватныя) будуць комплексна будаваць на іх катэджавыя пасёлкі, як мінімум 10 гадоў. А самым першым абяцанням – і ўсе дваццаць. Вось нядаўна Мінбудархітэктуры зноў нагадала, што гэта ўсё ў планах – да 2025-га, піша для «Белсата» экспертка ў жылой нерухомасці Наталля Літоўская.

Ці будзе попыт на загараднае жыллё? Сумнявацца не выпадае. Дастаткова паглядзець на тое, як змагаюцца заможныя людзі за надзелы ў вёсках і пасёлках у 15-кіламетровай зоне пад Менскам, дзе ёсць усе камунікацыі і больш-менш аднастайная забудова. 10–15 сотак сыходзяць за 40–70 тысячаў даляраў. Каб «комплексная забудова» была запатрабаваная, трэба ўзяць да ўвагі не так шмат нюансаў – 15-кіламетровая зона, сучасная архітэктура, разумныя плошчы, разумны кошт.

Усё гэта ёсць пад Кіевам

У суседняй краіне комплексная забудова зямлі катэджавымі мястэчкамі за 10–15 кіламетраў ад кальцавой – сталая практыка. І выбар прыстойны.

Прыклад – Green Hills – за 10 км ад Кіева. Тут катэдж на 215 кв. м каштаваў на стадыі будаўніцтва $ 285 тыс., 133 метры – $ 170–210 тыс. Цяпер кошт удвая вышэйшы, але мястэчка ўжо заселенае. На тэрыторыі пасёлка – два прыватныя дзіцячыя садкі, прыватная школа. Ёсць пляцоўкі для тэнісу, міні-футболу, валейболу і баскетболу, трэнажорныя пляцоўкі і гульнявыя пляцоўкі для дзяцей. Плюс крамка, аддзяленне банка і кавярня.

Пасёлак эканом-класу Green Town – за 12 км ад Кіева па Адэскай трасе, заселены ўжо на траціну. Кошт квадратнага метра пачынаецца ад $ 550–570. Гатовыя дамы ў скандынаўскім стылі таксама ёсць, катэдж на 246 кв каштуе $ 140 тыс. З плюсаў – вадаём, пляж, вялікі сквер, спартовая зала, міні-маркет, пляцоўкі для спорту і адпачынку. Да недахопаў гэтага мястэчка мясцовыя рыэлтары адносяць малы памер прыдамавога зямельнага надзелу – 6–12 сотак.

Самым крутым у рэйтынгах уважаецца «перліна Італіі» «Маєток», за 11 кіламетраў ад Кіева. Ужо цалкам пабудаваныя 103 катэджы, сярэдні кошт быў $ 240–280 тыс. за домаўладанне плошчай 240–270 кв. м. Цяпер яшчэ можна набыць гатовы, азяленены катэдж большы за 300 квадратных метраў са сваім басейнам на вуліцы, за 1000 даляраў за квадратны метр. Школа і дзіцячы сад на тэрыторыі гарадка толькі мяркуюцца, але пасёлак вельмі папулярны.

А што будавалі ў нас?

Самы гучны катэджавы пасёлак, забудаваны комплексна – «Лагожаск». Першапачатковая канцэпцыя «Швэйцарыі» ад Трайпла планавалася крыху іншай: усе дамы павінны былі ўзвесці паводле тыпавых праектаў. Але высветлілася, што такая форма сярод беларускай эліты не надта запатрабаваная, і дамы 450–600 квадратных метраў не вельмі цікавыя. Таму частка надзелаў з камунікацыямі прадавалася пустой. Цяпер 430-метровы катэдж пад аздабленне тут можна набыць за 175 тысячаў. Хоць «Лагожаск» заселены, але інфраструктуру развітой не назавеш: «спорт» – у гарналыжным комплексе, усё астатняе – у Лагойску.

Удала дабудаваны праект загараднага пасёлка – «Пірс» ад А-100. Але ён збольшага не малапавярховы. Асноўны аб'ём жылля тут – у дамах «гарадской» паверхавасці. З інфраструктуры – дзіцячы садок. Зрэшты, побач Ратамка, і для аматараў шпацыраў – лес і Менскае мора.

Адзіны «бюджэтны» праект комплекснай забудовы – АйЦі-вёска Сасновае, непадалёк ад Кургана Славы (кошт квадратнага метра тут стартаваў з 720 умоўных адзінак). Некалькі вуліцаў, дамы розных плошчаў, ад дуплекса і маленькіх катэджаў, да прасторных маёнткаў. Сасновае дабудоўваецца, перыядычна нешта трапляе ў продаж. Напрыклад, 93-метровую кватэру ў дуплексе можна набыць за 70 тысячаў, 120-метровую за 85,5 тысячы. Вуліцы ёсць, асфальт і пешаходныя дарожкі ёсць, ліхтары на вуліцах устаноўленыя, камунікацыі ў дамах да здачы падлучаныя, архітэктура – эканом-класу. Па-добраму да паняцця «комплекснасць» не хапае сваіх садка, крамы, спартпляцовак.

Самы грандыёзны праект, у якім закладзеная і інфраструктура – гэта «Зялёная Гавань» за некалькі кіламетраў ад Кальцавой. А-100 пачаў з самага дарагога – катэджаў і таўнхаўсаў, цяпер пераходзіць да будаўніцтва чатырохпавярховак. Праект ідэальны – ад архітэктуры да асяродку. Першапачаткова браў да ўвагі густы аўдыторыі – топ-мэнэджараў крэатыўных, у асноўным айцішных кампаній. Аўдыторыя аддае перавагу скандынаўскай архітэктуры, памяркоўным плошчам, экалагічнасці, натуральнаму асвятленню. Мінус праекта толькі адзін – ягоныя кошты. Катэджы – ад 400 тысячаў даляраў. Таўнхаўсы – за 150–180 тысячаў. Як і «Пірс», пляцоўка будзе забудоўвацца з павышэннем паверхавасці. Гэта значыць «Зялёная гавань» не будзе класічным катэджавым пасёлкам.

А чаму ў нас няма такога, як пад Кіевам?

Пасля прагляду малюнкаў братоў-украінцаў, пачынаеш адчуваць маштаб прапушчанага. Здавалася б, попыт у краіне ёсць, а ні коштаў, ні праектаў такога кшталту, няма. Лагічнае пытанне: што перашкаджае?

Нават на карупцыю ў будаўніцтве наракаць складана – украінская карупцыя таксама знаная ў свеце.

Усё проста: зямлёй у Беларусі распараджаецца толькі адзін чалавек. Ад яго залежыць, дзе, хто, што будзе будаваць. Прабіцца з просьбай пра вылучэнне надзелу могуць толькі тыя, хто бліжэй да цела. А яны аддаюць перавагу таму, каб прасіць бясплатныя надзелы ў Менску, пад шматкватэрнікі – грошы на іх зарабляюцца добрыя і хутка.

У прыгарадзе ж давядзецца спачатку выдаткаваць – на праект, архітэктараў, камунікацыі, інфраструктуру, чытай, «закапаць» дзясятак мільёнаў даляраў да таго, як можна пачынаць стрыгчы дольнікаў. Чыж (якога называлі калісьці набліжаным, гэта ягоная кампанія будавала «Лагожаск») паспрабаваў – не спадабалася. Неяк атрымалася пад інвестпраект атрымаць зямлю ў Ратамцы кампаніі з групы А-100. Але «Пірс» – адзінае выключэнне, зямля пад тую ж «Зялёную Гавань» дасталася ўжо як камплект да чужога, няўдалага праекту «сяброўскага бізнэсмэна».

На комплексную катэджавую забудову сельгасземляў вакол Менска пагадзіліся б буйныя прыватныя забудоўнікі, якія набываюць пляцоўкі на аўкцыёнах. Але ў іх няма доступу да цела, а значыць, і да зямлі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках