19 красавiка 2024, Пятніца, 11:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусам прыгнаць аўто з Еўропы пры закрытых межах

1
Як беларусам прыгнаць аўто з Еўропы пры закрытых межах

Колькі гэта будзе каштаваць?

Да пачатку пандэміі самастойны прыгон аўтамабіля з-за мяжы быў досыць штодзённай справай. Кожны ахвочы мог сам адправіцца па аўто, якое яму спадабалася ў суседнюю Польшчу ці Літву. Цяпер такой магчымасці няма. Журналіст abw.by Уладзімір Аплевіч разбіраўся, як прыгнаць аўто з Еўропы пры зачыненых межах і колькі гэта будзе каштаваць.

250 еўраў плюс аплата за паслугі кампаніі

Льготная размытнёўка з намі ўжо без малога два гады, беларускія аўтааматары ахвотна ёю карыстаюцца. За час дзеяння 140-га ўказу з'явілася нямала фірмаў, якія гатовыя дапамагчы з купляй аўто на еўрапейскіх лізінгавых аўкцыёнах. Акрамя таго, некаторыя фірмы прапаноўваюць пошук аўто і на офлайн-пляцоўках.

За свае паслугі пасярэднікі бяруць ад 200 даляраў да 350 еўраў. За гэтую суму кампаніі гатовы знайсці і здабыць лот на аўкцыёне, падрыхтаваць дакументы і арганізаваць дастаўку аўтамабіля ў Беларусь. У залежнасці ад сумы будзе адрознівацца набор паслуг, які вам пададуць. Ад бюджэту будзе залежаць, прыйдзецца вам шукаць аўто самастойна ці гэта зробяць за вас, ці правядуць праверку, ці дапамогуць з афармленнем на мытні і г.д. Кошт дастаўкі ў названыя вышэй сумы не ўваходзіць. Таму мы засяродзімся на сітуацыі, калі неабходна толькі даставіць ужо знойдзены намі аўтамабіль.

У першай кампаніі, куды мы датэлефанаваліся, за дастаўку легкавога аўто з Вільні ў Менск агучылі цану 250 еўраў. Мэнэджар пацікавіўся, хто будзе займацца афармленнем экспартных дакументаў, а таксама як будзе адбывацца разлік за аўто. Акрамя гэтага, ён параіў запытаць у прадаўца VIN аўто, каб можна было даведацца дакладную дату вытворчасці і па магчымасці прабег. Далей падчас размовы высветлілася, што акрамя платы за дастаўку нам трэба будзе аплаціць паслугі кампаніі, а гэта яшчэ 200 еўраў.

Мяркуючы з пачутага, гэтая сума - узнагароджанне за арганізацыю дастаўкі, агляд аўто перад загрузкай і магчымасць даведацца дакладную дату выпуску і прабег. Праўда, апошні можна будзе праверыць толькі ў тым выпадку, калі літоўскі прадавец купляў машыну праз аўкцыён. Груба кажучы, дастаўка аўто па маршруце Вільня - Менск у гэтай кампаніі каштавала б нам 450 еўраў.

Дарэчы, у наступнай фірме нам назвалі тыя ж 250 еўра. Галоўнае адрозненне ад першай кампаніі - поўная адсутнасць іншых плацяжоў за якія-небудзь паслугі. Са слоў мэнэджара, галоўная ўмова - да моманту загрузкі ўжо павінны быць аформленыя экспартныя дакументы, а аўтамабіль здольны самастойна заехаць на трал. Калі машына будзе знаходзіцца ў Коўне ці Марыямпалі, то цана дастаўкі ўзрасце да 300 еўра. Дастаўка з Клайпеды каштавацьме 350 еўраў.

Трэцяя кампанія, якая займаецца падборам і дастаўкай аўто з Еўропы, таксама папрасіла 250 еўраў. Перавозчыкі агучвалі тэрміны дастаўкі ад 2 да 5-7 дзён.

Трохі танней дастаўка аўто з Літвы каштавацьме жыхарам Гародні: з Марыямпалю, Вільні і Коўна - 200 еўраў, з Клайпеды - 300 еўраў.

У Менск па аўто

З літоўскім кірункам усё досыць проста, асабліва калі вы з Менска, Гародні ці, напрыклад, Ліды. Жыхарам усходніх абласцей будзе крыху больш складана. Аўтамабіль, хутчэй за ўсё, давядзецца забіраць у сталіцы, інакш сума дастаўкі будзе прыкметна вышэйшай, а тэрміны даўжэйшымі.

Як высветлілася, з дастаўкай аўто з Польшчы крыху складаней. Некаторыя кампаніі, якія займаюцца падборам і прыгонам аўто з ЕЗ і ЗША, адразу адказвалі, што адну машыну з Польшчы не прывязуць. Тым не менш ахвотных зарабіць на дастаўцы аўто з Лодзі мы ўсё ж знайшлі. Адна з кампаній гатова даставіць легкавік па маршруце Лодзь - Менск за 2-3 дні, кошт паслугі - 600 еўраў.

Іншы перавозчык гатовы даставіць машыну ў Менск за 450 еўраў, праўда, тэрміны дастаўкі будуць вялікімі - 5-10 дзён. Дастаўка па маршрутах Лодзь - Берасце ці Лодзь - Гародня каштавацьме 350-400 еўраў у залежнасці ад перавозчыка. Тэрміны дастаўкі - ад 2 да 7 дзён.

Выснова

Закрытыя межы зрабілі самастойны прыгон аўто з Літвы і Польшчы фактычна немагчымым. Аднак гэта зусім не азначае, што зрабіць гэта нельга. Для жыхароў сталіцы, Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей знайсці перавозчыка не складана. Цэны на дастаўку ў розных перавозчыкаў падобныя, калі, вядома, вы не патрапіце на тых, хто прапануе заплаціць некалькі сотняў зверху за не зусім зразумелыя паслугі.

Беларусам, якія жывуць ва ўсходніх абласцях, крыху больш складана. Не выключана, што прасцей і выгадней будзе забіраць аўто ў Менску, Берасці ці Гародні, чым шукаць варыянты дастаўкі да таго ж Гомеля. Акрамя таго, вы павінны быць маральна гатовыя да таго, што ўпершыню на свае вочы ўбачыце набыты аўтамабіль толькі пасля таго, як заплаціце за яго. Пры гэтым зусім не важна, будзе гэта аўто, набытае на аўкцыёне або ў замежным аўтахаўсе. Зрэшты, моцна баяцца гэтага ўсё ж не варта, тым больш што ўсе перавозчыкі гатовыя ўзяцца за выкананне замовы толькі пасля падпісання дамовы на выкананне паслуг.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках