У Тбілісі тысячы людзей патрабуюць вызваліць лідара партыі Саакашвілі
- 26.02.2021, 15:30
- 2,114
У сталіцы Грузіі праходзіць «Марш за свабоду».
У Тбілісі ў пятніцу некалькі тысяч чалавек выйшлі на «Марш за свабоду» з патрабаваннем вызваліць лідара найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Ніку Мелію і правесці новыя выбары.
Пра гэта паведамляе «Грузія Online».
Лідары грузінскай апазіцыі і іх прыхільнікі пачалі збірацца ў розных лакацыях у цэнтры горада пасля поўдня, а 13:00 пачалі шэсце. Калоны дэманстрантаў расцягнуліся на тры-чатыры кіламетры.
Дэманстранты скандавалі «Свабоду палітвязням», «Няхай жыве Грузія», «Ніка». У руках дэманстрантаў - сцягі Грузіі, ЕЗ, ЗША і Украіны, паветраныя балонікі і транспаранты.
Да акцыі далучыліся і жыхары розных рэгіёнаў. Іх арганізавана даставілі ў Тбілісі на мікрааўтобусах у пятніцу раніцай.
Рух транспарту ў цэнтры Тбілісі паралізаваны. Паліцыя загадзя перакрыла вуліцы ля парламента. Захады бяспекі ля заканадаўчага органа ўзмоцненыя.
Чакаецца, што каля парламента апазіцыя абвесціць свой далейшы план дзеянняў. Раней апазіцыянеры заяўлялі, што з цяперашняй акцыі пачнуцца бестэрміновыя пратэсты.
Нагадаем, 23 лютага паліцыя ўзяла штурмам пакой офіса «Адзінага нацыянальнага руху», дзе знаходзіўся Мелія, і затрымала яго.
Міжнародныя партнёры Грузіі раскрытыкавалі грузінскія ўлады за штурм офіса «Адзінага нацыянальнага руху» і арышт лідара апазіцыі.