19 красавiка 2024, Пятніца, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямён Шарэцкі: Трэба ўздзейнічаць на войска і перацягнуць на свой бок вайсковыя часткі

52
Сямён Шарэцкі: Трэба ўздзейнічаць на войска і перацягнуць на свой бок вайсковыя часткі
СЯМЁН ШАРЭЦКІ

Беларусы падняліся супраць спадчынніка фашыстаў.

Старшыня апошняга легітымнага Вярхоўнага Савета Беларусі Сямён Шарэцкі цяпер жыве ў ЗША, у Каліфорніі, і актыўна ўдзельнічае ў акцыях беларускай дыяспары ў падтрымку рэвалюцыі на Радзіме.

У інтэрв'ю Charter97.org палітык распавёў, якім чынам Беларусь можа вярнуцца на дэмакратычны шлях развіцця і чаму лукашызм павінен быць пакараны і забаронены гэтак жа, як і фашызм.

- Як вы ацэньваецесённяшнюю сітуацыю ў Беларусі? Як можаце ахарактарызаваць рэжым, які ўсталяваўся ў нашай краіне?

- Рэжым там дыктатарскі, ён усталяваўся ўжо не сёння, ён усталяваўся, фактычна, з пачатку кіравання Лукашэнкі. Вы памятаеце, што прайшоў літаральна год з гакам, і ён заявіў, што хоча зрабіць такі парадак, які быў у Нямеччыне падчас Гітлера. Чаго яшчэ можна было чакаць?

Калі я станавіўся старшынём Вярхоўнага савета, ужо па сутнасці ўсе сродкі масавай інфармацыі былі падпарадкаваныя ўладам, ужо былі створаныя дадатковыя ўзброеныя фармаванні, якія падпарадкоўваліся толькі Лукашэнку і, нягледзячы ні на якую Канстытуцыю, маглі кожнага затрымаць, абшукаць і гэтак далей. Гэта ўсё было.

Вы памятаеце, што варта было толькі Захаранку, Ганчару ды іншым адысці ад Лукашэнкі, убачыўшы яго злачынствы і наступ на дэмакратычныя асновы, як ён з імі расправіўся. У гэтага чалавека ўжо даўным-даўно рукі па локаць у крыві.

Проста шкада і незразумела, чаму яго падтрымліваюць расейцы. Увогуле, іх можна зразумець, хоць я і кажу «незразумела», бо там усталяваўся падобны рэжым. Таму што ва ўсіх гэтых дыктатараў ёсць нейкі нявыказаны, няпісаны, але свой інтэрнацыянал. Яны адзін аднаго падтрымліваюць ва ўчыненні злачынстваў і пакрываюць адзін другога.

- Як у гэтых умовах паказалі сябе беларусы? Як вы ацэньваеце бесперапынныя пратэсты, якія цягнуцца ўжо больш за 180 дзён?

- Я заўсёды быў вельмі высокай думкі пра свой беларускі народ. Мне ўжо нямала гадоў, і я памятаю гады вайны. І памятаю, як наш, здавалася б спакойны і разважлівы народ паводзіў сябе падчас вайны. Ён адразу абурыўся і ўзяўся за зброю супраць акупантаў.

Зараз здзіўлена кажуць «ах, ах беларусы»... А для мяне ясна: калі беларусы з гадамі зразумелі, хто імі кіруе, яны падняліся на барацьбу.

- Як калісьці супраць фашыстаў?

- Вядома. Дык гэта ж і ёсць спадчыннік фашыстаў, ён жа сам заявіў пра гэта.

- У адным са сваіх публічных выступаў вы сказалі: «Дыктатара бессэнсоўна ўгаворваць, ён не сыдзе, пакуль не адчуе, што запахла смажаным»…

- Усё правільна. Вы памятаеце хоць бы адзін прыклад у гісторыі, каб жорсткі дыктатар добраахвотна пайшоў? Сыходзілі быццам бы некаторыя дыктатары такія, але гэта былі прадстаўнікі «мяккіх» дыктатур. Яны сыходзілі, а дыктатары, якія прэтэндуюць быць спадкаемцамі Гітлера... Пра што можна казаць?

- А як можна дамагчыся сыходу Лукашэнкі?

- Вы ведаеце, я дрэнны ў гэтым плане дарадца, бо я знаходжуся ўсё ж далёка. Я магу толькі сказаць: трэба неяк уздзейнічаць на войска, калі можна так выказацца. Не абавязкова на вайсковыя часткі, перацягнуць нейкія сур'ёзныя падраздзяленні на свой бок, а інакш простымі дэманстрацыямі цяжка змагацца з дыктатарамі такога тыпу, як Лукашэнка ці як Пуцін.

- Вы, дарэчы, на пачатку беларускай рэвалюцыі звярнуліся да сілавікоў і заклікалі іх пачуць голас сумлення, не пэцкаць рукі і не быць суўдзельнікамі злачынстваў рэжыму…

- Вы ведаеце, адных заклікаў мала, цяпер трэба працаваць канкрэтна. Я падкрэслю: канкрэтна. Я яшчэ раз нагадаю, што ў свой час Леў Троцкі перавербаваў Петраградскі гарнізон на свой бок, на бок рэвалюцыі не толькі лозунгамі і заклікамі, але і непасрэднай працай. Прычым не адзін ён рабіў гэта.

- У Беларусі апошнім часам стала з'яўляцца шмат зліваў сакрэтнай інфармацыі ад сілавікоў. Чыноўнікі падпісваюцца пад адкрытым лістом з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі, ужо больш за 600 чалавек падпісалася... Ці можна казаць, што нейкая частка сілавога апарата і «вертыкалі» ужо вагаецца?

- Цалкам дакладна! Так, можна гэта казаць, але каб паскорыць гэты працэс, трэба працаваць.

Што такое сотні чалавек? Гаворка ідзе пра тое, каб працэс пайшоў на ўзроўні палкоўнікаў, можа быць, і генералаў - вось хто павінен стаць на бок народа.

Памятаеце, у тым звароце да сілавікоў я заклікаў: «Станьце на бок праўды, станьце на бок народа». І, дарэчы, я не буду спыняцца. Я спрабую на іх уздзейнічаць - я не магу сказаць, якімі спосабамі - але я паспрабую.

У нядзелю (7 лютага - рэд.) я паслаў да друку кнігу, якая будзе называцца «Лукашызм і яго злачынствы». Я буду яе распаўсюджваць.

- Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра гэту кнігу.

- Я сабраў усе свае выступы, бо я папярэджваў аб тым, што гэта здарыцца. Калі вы памятаеце, у верасні 1996 года ў мяне з'явіўся артыкул у «Народнай волі», я звярнуўся да беларусаў і сказаў людзям пра тое, што ў краіне запахла фашызмам, будзьце пільныя.

Потым, я напісаў другі артыкул у лістападзе 1996 года, чаму нельга было галасаваць за праект Канстытуцыі, прапанаваны Лукашэнкам. Ён тады акурат падводзіў «прававую» аснову пад дыктатарскі рэжым. І тады не адзін я выступаў, тады выступалі і іншыя дэпутаты Вярхоўнага Савета. Больш за тое, у той час, у лістападзе, выступаў і Валерый Ціхіня, былы старшыня Канстытуцыйнага суда.

Гэта ён ужо потым, не ведаю з якіх прычын, не даў дабро на імпічмент. Не асабіста ён, а Канстытуцыйны суд, але ён быў старшынём. Гэта ўсё будзе ў кнізе.

- Мы дагэтуль казалі пра ўнутраныя рэзервы для рэвалюцыі ў Беларусі. Але ёсць яшчэ і вонкавыя хаўруснікі. Вы звярталіся да лідараў дэмакратычных краін, каб яны дапамаглі беларускаму народу?

- Не толькі я, мы ўсе тут (беларусы за мяжой - рэд.) працуем у гэтым кірунку.

- А як вы ацэніце санкцыі, якія ўжо ўвялі супраць рэжыму Лукашэнкі?

- Яны недастатковыя. Пакуль яны недастатковыя. Наколькі я ведаю, не адзін я тут, а шмат хто - і можа, не столькі я, колькі іншая група людзей, але я ў курсе справы - працуюць над гэтым.

- На вашу думку, якімі ў выніку павінны быць санкцыі, якія б рэальна паўплывалі на сітуацыю ў Беларусі?

- Я толькі думаю, што санкцыі павінны быць такія, каб Лукашэнка закруціўся, як на гарачай патэльні. Вось якія павінны быць санкцыі!

Я проста абураны тым, як расейцы спакойна паставіліся да таго, што Пуцін паўтара мільярда даляраў аддаў Лукашэнку без усялякага дазволу заканадаўчага органа. Вось гэта і ёсць узор дыктатара. Як жа так? Бо бюджэтам у кожнай цывілізаванай дзяржаве можа распараджацца толькі заканадаўчы орган.

Калі Пуцін гэта можа рабіць без заканадаўчага органа, то пра што можа ісці гаворка? Пра якую цывілізацыі, пра якую дэмакратыю? Гэта такі ж дыктатар, як і Лукашэнка, таму яны адзін аднаго і падтрымліваюць. Лукашэнка напярэдадні выбараў, па сутнасці, выліў цэбар памыяў на расейскае кіраўніцтва - і яны яму ўсё даравалі, гэтаму змагаром гітлераўскіх парадкаў.

- Як вы думае, адміністрацыя новага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна будзе праводзіць больш паслядоўную палітыку ў дачыненні да дыктатарскіх рэжымаў?

- Ёсць надзея, што ён будзе больш суровы. Што ён не будзе казаць, што яго сябар Пуцін, як гэта казаў Трамп. Трамп проста казаў, што Пуцін - ягоны сябар. Хоць ён і рабіў нейкія там меры, але...

На мой погляд, Джо Байдэн больш вялікі палітык і больш паслядоўны.

- Нядаўна стала вядома, што Еўразвяз распрацаваў дакумент, які прадугледжвае 4-ы этап санкцый супраць Лукашэнкі, у тым ліку адключэнне беларускай банкаўскай сістэмы ад SWIFT і замарозку актываў буйных прадпрыемстваў. Як вы гэта ацэньваеце?

- Гэта можна толькі вітаць. Не маюць рацыі тыя, хто кажа: а як жа народ і гэтак далей...

Трэба зразумець, што тыя паўтара мільярда даляраў, якія даў Пуцін, ён даў не народу. Ён даў дыктатару, для падтрымання ягонага рэжыму. Гэта не народу далі грошы. І не на шкоду народу было б, калі б дыктатару грошай ніхто не даў.

Калі б не даў, то дыктатару не было б чым падтрымліваць сваіх сілавікоў - і гэта было б правільна. Па сутнасці, тое, што ён даў такую суму грошай - гэта ёсць злачынства перад беларускім народам. І перад сваім таксама, бо Пуцін адабраў гэтыя грошы ў расейцаў, якія зусім не квітнеюць, дастатковая колькасць расейцаў жыве ніжэй за рысу беднаты. Ён адабраў гэтыя грошы і аддаў на падтрымку дыктатарскага рэжыму ў іншай дзяржаве.

- Чым, на вашу думку, можа скончыцца для Пуціна падтрымка дыктатарскага рэжыму ў Менску?

- Рэч у тым, што там справа не толькі ў падтрымцы дыктатарскага рэжыму. Я б сказаў, што там адбываецца прыгнятанне дэмакратычнага руху, які ўзначальвае Аляксей Навальны, і гэта ж людзі адчуваюць.

І калі яны часова спынілі (масавыя акцыі - рэд.), то гэта не значыць, што яны гэта адкінулі. Гэта зусім не так. Навальны сёння стаў, я б сказаў, не толькі прыкладам мужнасці, але і сумленнем дэмакратыі, сумленнем волі.

- Вы выдаяце кнігу пра лукашызм і яго злачынствы. Фашысцкія злачынцы ў свой час паўсталі перад Нюрнбэржскім трыбуналам, сучасныя дыктатары - перад судом у Гаазе…

- Я ў сваёй кнізе кажу ў тым ліку пра тое, што ў свой час не быў асуджаны бальшавізм. І вось цяпер ён даў свае метастазы ў выглядзе дыктатарскага рэжыму - і ў Расеі, і ў Беларусі.

Я пра гэта казаў і ў кнізе пра гэта пішу. Бальшавізм павінен быў быць асуджаны, таму што ў першы перыяд Другой сусветнай вайны бальшавізм, фактычна, быў супольнікам фашызму. А паколькі ён не быў асуджаны, то і метастазы яго нікуды не падзеліся.

Бо фашызм быў не проста асуджаны, ён быў яшчэ і заканадаўча забаронены, і калі Лукашэнка 23 лістапада 1995 года даваў інтэрв'ю нямецкай газеце Handelsblatt, там не надрукавалі гэтага інтэрв'ю, а ў нас, у Беларусі, яго двойчы перадалі па радыё. А ў Нямеччыне не надрукавалі, бо там забаронена прапагандаваць ідэі фашыстаў.

- Як , на вашу думку, павінен выглядаць суд над Лукашэнкам і яго атачэннем?

- Вы ведаеце, гэта не да мяне пытанне. Я тое, што магу, зраблю... А ўжо тое, дзе і як будзе праходзіць суд...

Я толькі ў сваёй кнізе пішу, што бальшавізм павінен быць асуджаны з яго цяперашнімі метастазамі. Павінны быць асуджаныя рэжымы дыктатарскія - і ў Расеі, і ў Беларусі. Тым больш, павінен быць асуджаны чалавек, які адкрыта заяўляў, што хоча ўстанавіць у Беларусі такі ж парадак, які быў у Нямеччыне за Гітлерам.

- Вы часта параўноўваеце рэжым Лукашэнкі з рэжымам Гітлера.

- Я не параўноўваю, я кажу, што гэта ён сказаў, што хоча ўстанавіць такі рэжым. Я не параўноўваю.

Але дзеянні Лукашэнкі, збіццё людзей да паўсмерці - ёсць нават загінулыя ад збіцця! - гавораць самі за сябе. Гэта што такое? Гэта, фактычна, азначае, што як ты яго ні называй: лукашызм, фашызм - як хочаш называй, але гэта аднаго поля ягады. Гэта адны і тыя ж метады расправы з людзьмі.

- Памятаеце, аб барацьбе беларускіх партызан казалі: у акупантаў зямля гарэла пад нагамі. Ці актуальны гэты прынцып і цяпер?

- Я зараз пішу артыкул і ўспамінаю гэты час партызанскі, тых людзей і іх прынцыпы.

Я ж у той час працаваў, калі Беларуссю кіравалі былыя партызанскія камандзіры. Напрыклад, мне кандыдацкую картку для ўступлення ў партыю ўручаў былы камісар Пінскай партызанскай брыгады Архіп Пратасеня. Я менавіта пра яго цяпер пішу артыкул. Гэтага чалавека ўжо няма, але я яму шмат чым абавязаны - не толькі таму, што ён мне картку кандыдата ўручаў, а яго паводзінам, яго прынцыпам, яго павазе да людзей, якія думалі разумна. У свой час ён не мог атрымаць вышэйшую адукацыю, але як паважліва ставіўся да спецыялістаў народнай гаспадаркі, да лекараў, да настаўнікаў, іншых інтэлігентаў!

- Як так атрымалася, што ў краіне з партызанскімі традыцыямі з'явіўся і захапіў уладу прыхільнік Гітлера?

- Такое ў гісторыі бывае, людзі часам забываюць падзеі мінулага, на якіх трэба вучыцца.

Я ў 1996-м, яшчэ раз паўтараю, нагадваў людзям пра гэта. Хоць я ўжо не мог выступіць ні па тэлевізары, ні па радыё, бо ўсё ўжо было ў руках Лукашэнкі. Але наколькі я мог, праз газету «Народная воля», я папярэджваў беларусаў.

І я вельмі ўдзячны рэдактару гэтай газеты. Ён даў магчымасць, мне і іншым звяртацца да людзей. Я не магу сказаць, што мы тады ўсё зрабілі, можа быць, і мы чагосьці не дарабілі, дзесьці не дапрацавалі, але мы стараліся, прынамсі.

Мы ўжо разумелі, да чаго гэта прывядзе, калі чалавек з дыктатарскімі замашкамі прабраўся на самую высокую пасаду ў краіне. Больш гэтага, вы зразумейце, што ўсё гэта закладалася яшчэ ў яго дзяцінстве. Ён жа не проста так выскачыў, як чорт з табакеркі. Ён, фактычна, усім сваім папярэднім жыццём быў падрыхтаваны менавіта да такога тыпу кіравання.

Вы паглядзіце на біяграфіі Гітлера, Сталіна і ім падобных. Яны ўсе ўжо дыктатары калі не з дзяцінства, то з падлеткавага ўзросту, з юнацтва. Яны выхоўваліся ў нейкім перакручаным, я б сказаў, выглядзе.

- Пасля фальсіфікацыі выбараў 9 жніўня шмат якія дзяржавы афіцыйна адмовілі Лукашэнку ў легітымнасці. Ці можна казаць, што ён стаў абсалютна нелегітымным яшчэ ў 1996 годзе?

- Вядома, усё правільна. Мы тады так і казалі, калі быў «рэферэндум» 24 лістапада 1996 году. Я тады выступіў і сказаў, што ў краіне чыніцца пераварот, і гэта запісана ў тым ліку і на тэлевізіі, прычым і расейскімі тэлежурналістамі.

Ён фактычна нелегітымны з 1996 года, а цяпер тым больш усё гэта пацвердзілася.

- У адным са сваіх публічных выступаў вы параўналі Лукашэнку з «Тушынскім злодзеем», вядомым таксама як Дзмітрый-самазванец II. Чаму такая аналогія?

- А ўспомніце, як ён правёў сваю інаўгурацыю? Па-зладзейску. Гэта проста дзіўна, што Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі не дачакаўшыся вынікаў выбараў, віншаваў яго з перамогай.

Гэта ж жудасная справа. Я думаю, ён аддае сабе справаздачу, што ён учыніў. Ён павіншаваў чалавека, у якога рукі ў крыві, які публічна заяўляў пра тое, што ён змагар гітлераўскіх парадкаў. І гэта - Патрыярх... Гэта ж жудасна, гэта проста нябачаны да гэтага выпадак.

- А што вы б хацелі сказаць звычайным беларусам, якія працягваюць кожны дзень, у той ці іншай форме, пратэставаць супраць гэтай крывадушнасці і патрабаваць адстаўкі незаконнага кіраўніка?

- Я кожнай беларускай сям'і зычу здароўя, зычу шчасця, поспехаў, дабрабыту, міру ў кожным доме. Усяго, што можна толькі зычыць самым добрым, самым блізкім людзям.

Я гэтага зычу і, вядома ж, зычу, каб як мага хутчэй у Беларусі аднавіўся сапраўдны, дэмакратычны парадак, дэмакратычны лад.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках