28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння - 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча

4
Сёння - 130 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча
МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

Малавядомыя факты пра аўтара легендарнай «Пагоні».

Сёння беларусы адзначаюць 130-годдзе з дня нараджэння аднаго з нашых самых выдатных паэтаў - Максіма Багдановіча.

Класік беларускай літаратуры, выдатны дзеяч культуры і рэвалюцыянер нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Менску.

Міхась Стральцоў у сваёй «Загадцы Багдановіча» пісаў: «Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, - тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчымая перспектыва. З Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету. (...) Калі б пражыў ён больш, хто ведае, чым маглі б мы быць сёння (...) Дзе сёння былі б яго ўзмыленыя, ускінутыя над роднай краінай коні? Яго няма, але ляціць ягоная «Пагоня».

«Радыё Свабода» сабрала малавядомыя факты з жыцця Максіма Багдановіча.

1) Маці хвалявалася, калі Максім і ягоныя браты гаварылі па-беларуску

У лісце да мужа Адама Багдановіча (29-га траўня 1895 г.) Марыя Багдановіч пісала пра сваіх дзяцей: «...Вось толькі дрэнна, што сталі гаварыць па-беларуску і часам такое слоўца ўжывуць, што хоць ты пад зямлю праваліся».

2) Немаўлём засынаў толькі тады, калі з ім танчылі

З успамінаў бацькі («Матэрыялы да біяграфіі Максіма Адамавіча Багдановіча», 1923): «...ён інакш не засынаў, як пад калыханне на руках, а неўзабаве стаў патрабаваць, каб з ім танчылі (...), і бедная маці ( як і бацька) проста выбівалася з сіл ад гэтай ягонай ранняй схільнасці да рытму. Даволі доўга прадаўжаліся гэтыя скокі з прыпеўкамі».

3) Яго ледзь не пакалечыла родная цётка

Адам Багдановіч распавядаў: «У два месяцы ён адчуў моцны боль. Маці пасля купання хацела пасыпаць яго, дзе трэба, дзіцячай прысыпкай. - Пасвяці, - сказала яна сястры. Тая падышла з лямпай. Цыліндрычнае шкло трэснула (...), распалены цыліндр падае проста Максіму на жывоцік. Жудасны крык дзіцяці. Маці аслупянела ад жаху. Я кінуўся на крык, схапіў шкло з цела, якое курчылася ад болю. З'явіўся нарыў велічынёй з далонь».

4) Любімая цацка ў дзяцінстве - Ванька-ўстанька

Максім Багдановіч пісаў: «Памятаю, у дзяцінстве ён вельмі забаўляў мяне. Колькі разоў я пераварочваў яго з аднаго боку на іншы, клаў на спіну і, адымаючы руку, весела выкрыкваў: - Ванька! Устанька!

(...) Памятаю і тое, як (...), ахоплены жаданнем зразумець, у чым тут справа, не вытрымаў і нарэшце разабраў «Ваньку-ўстаньку».

5) У дзяцінстве ледзь не адкусіў сабе язык

З успамінаў бацькі: «... у 1897 г з Максімам здарылася маленькая катастрофа: ён адкусіў сабе зубамі кончык языка. Бегаў (...), паслізнуўся і ўпаў, стукнуўшыся барадой аб падлогу, кончык языка павіс. Поўны рот крыві. (...) Хірург стаў прышываць (...) Ні гуку, ні стогну. (...) Праз тыдзень (...) кончык прырос, а нітку Максім з'еў».

6) З ахвотай кідаўся ў спрэчкі

Максім Багдановіч спрачаўся з роднымі, сябрамі, настаўнікамі (асабліва з адным святаром, якому сказаў, што Бога няма). З успамінаў бацькі: «У патэтычных месцах, каб падкрэсліць сваю думку, ён [Максім Багдановіч] б'е кулаком па стале, а калі няма аргументаў, абодва кулакі прыціскае да грудзей або плячэй, быццам адтуль хоча выціснуць больш сілы. Жэсты палымяныя, нязграбныя, (...) словы недастаткова выказваюць тое, што за імі хаваецца. Кожны аргумент ён выказваў у караценькіх, адрывістых словах, суправаджаў запытальна: «Так?» І, не дачакаўшыся вашай згоды, выкладаў новыя аргументы, нязменна суправаджаючы іх тымі ж: «Так?», «Так?».

7) Быў непаслухмяным вучнем

З успамінаў бацькі: «Максім рэдка ўважліва слухаў выкладчыкаў (...). Па натуры жывы, рухавы, ён гэтак жа паводзіў сябе і ў класе: рухаўся, размаўляў з суседзямі, жартаваў, смяяўся (...), гуляў у шашкі (...), спазняўся ці сыходзіў з урокаў (...), бегаў па класе. (...) Спаскі [выкладчык] істэрычна крыкнуў: - Багдановіч, ідзіце прэч!

Максім заявіў пратэст супраць такога некарэктнага стаўлення і адмовіўся падпарадкавацца».

8) Заводзіў раманы па перапісцы, а потым адчуваў сябе вінаватым, калі бачыў дзяўчыну насамрэч.

З успамінаў Зоські Верас, Багдановіч ёй казаў: «Маю толькі адно непрыемнае перажыванне, якое адбірае мой спакой. Можа, вы чулі, што я ўжо доўгі час перапісваўся з адной асобай з Менску (назавём яе N). Завязалася сяброўства, шчырасць. Вось, прыехаўшы, і пазнаёміўшыся асабіста, усё маё сяброўства да яе развеялася. Не магу ёй адказаць тым самым, не магу... і гэта так мучыць!»

9) У юнацтве быў анархістам і падазраваўся ў тэрарызме

З успамінаў бацькі: «... старэйшы сын Вадзім (...) стаў адным з арганізатараў (...) гімназічнага гуртка эсэраў, а малодшы Максім, каб паказаць, што і ён не горшы, (...) ужо ў чацвёртым класе стварае гурток анархістаў. (...) Ён не толькі закінуў вучобу, але і сваю ўлюбёную беларусістыку».

Ягоны сябар Дзмітрый Крылоў падарваў у гімназіі лесвіцу. Адам Багдановіч успамінае: «Ён [Максім] імкнуўся прыбраць з кватэры ўсё, што магло кампраметаваць ягонага таварыша, таму з класа ўцёк да яго на кватэру адразу пасля выбуху. (...) На допыце паводзіў сябе (...) смела і нахабна, спрачаўся, свой удзел у падрыхтоўцы выбуху адмаўляў (...)».

10) Рэдактар «Нашай нівы» Аляксандр Уласаў адмаўляўся друкаваць ягоныя першыя вершы

З успамінаў Ластоўскага: «У пачатку траўня месяца (...) Максім Багдановіч (...) даслаў у «Нашу ніву» маленькі сшытак (...) твораў (...). Нябожчык Ядвігін [Ядвігін Ш.] ахрысціў гэты сшытак «дэкадэншчынай». (...) Сшытак вярнуўся з перагляду (...), перакрэслены сінім алоўкам з надпісам рукой А. Уласава «У архіў». (...) Праз некалькі тыдняў (...) Максім Багдановіч даслаў (...) новыя вершы (...), але вершы былі зноў «дэкадэнцкімі» і праз гэта трапілі ў тую ж тэчку (...) «У архіў». Там яны праляжалі да канца жніўня, калі іх выцягнуў на свет С. Палуян, які, прачытаўшы вершы, з надзвычайным захапленнем стаў бараніць іх...».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках