23 красавiка 2024, aўторак, 21:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Муратаў: Беларусы, няма бескарысных намаганняў!

5
Дзмітрый Муратаў: Беларусы, няма бескарысных намаганняў!
ДЗМІТРЫЙ МУРАТАЎ

Эксклюзіўнае навагодняе інтэрв'ю лаўрэата Нобэлеўскай прэміі свету сайту Charter97.org.

Няхай прабачаць мяне чытачы “Хартыі-97” за зварот на “ты” да нобэлеўскага лаўрэата. Проста мы з Муратавым працуем разам ужо 18 гадоў, і гэта адзін з самых вялікіх поспехаў у маім жыцці. І не толькі Муратаў, але і “Новая газета” ўвогуле. Дарэчы, у дзень абвяшчэння лаўрэата ў рэдакцыі “Новой газеты” ніхто ля тэлевізараў не сядзеў і шампанскае ў лёдзе не трымаў: ішла звычайная працоўная раніца. На званок з Нарвэгіі Муратаў не адказаў увогуле, бо спяшаўся на планёрку. У працоўным чаце прапанавалі: давайце адкладзём планёрку на пяць хвілін, зараз абвесцяць лаўрэата, і мы паспеем адразу даць навіну. А пасля абвяшчэння і да канца дня ў чаце пераважалі выклічнікі: “Ааа! Таа! Ууу!” - і спадарожныя часціны мовы.

Дарэчы, Нобэлеўскую прэмію дзяліла рэдкалегія "Новой газеты", а зусім не сам лаўрэат. Рэдкалегія вызначыла: падзяліць усю суму паміж фондамі "Кола дабра" і "Падары жыццё", гэта значыць на выратаванне дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі з СМА, і дзіцячым і дарослым хоспісамі. Ніводнага цэнта ад Нобэлеўскай прэміі яе лаўрэат сабе не ўзяў. І гэта гаворыць пра яго, магчыма, нават больш, чым прамова на цырымоніі ў Осла.

Перад Новым годам і пасля цырымоніі ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру я не хацела задаваць Дзмітрыю Муратаву пытанняў пра Пуціна, Навальнага, будучыню Расеі і праблемы замежных агентаў: дастаткова пачытаць ягоную нобэлеўскую прамову і сотні інтэрв'ю яшчэ да атрымання прэміі, каб зразумець пазіцыю. Таму адмыслова для “Хартыі-97” мы пагаварылі пра падрабязнасці цырымоніі, якая прайшла ў Осла і, вядома, пра Беларусь. А ўсё астатняе – гэта нобэлеўская прамова Дзмітрыя Муратава і тэксты ў “Новой газете”.

- Дзмітрый, табе вядома, хто цябе вылучыў на Нобелеўскую прэмію міру?

- Я гэтага не ведаю і не даведаюся яшчэ 50 гадоў. Паводле правіл Нобелеўскага камітэта Нарвэгіі, менавіта столькі часу імёны тых, хто намінуе, захоўваюцца ў сакрэце - калі, вядома, яны самі не захочуць пра гэта расказаць. Да прыкладу, калі Лех Валенса вылучаў на Нобэлеўскую прэмію міру Алега Сянцова, які сядзеў за кратамі, ён абвяшчаў гэта публічна. А цяпер, падчас пагулянкі пасля цырымоніі ўручэння, прэм'ер-міністр Нарвэгіі прызнаўся філіпінскай журналістцы Марыі Рэса, з якой мы падзялілі прэмію, што менавіта ён Марыю і вылучыў. І тады я спытаў у кіраўніка нарвэжскага Нобэлеўскага камітэта Берыт Райс-Андэрсан, хто ж прапанаваў мяне. Калі ўжо для Марыі адкрылі гэтую таямніцу, можа, і мне раскажуць? Берыт глядзела на мяне доўга, напэўна разважаючы: калі для Марыі Рэса больш няма таямніцы намінавання, можа, і я маю права ведаць? Але пасля паўзы Берыт адказала: «І ўсё ж, Дзмітрый, толькі праз 50 гадоў».

- А як табе ўдалося прымусіць караля Нарвэгіі Харальда ўстаць падчас тваёй прамовы? Ты гэта прыдумаў загадзя?

- Калі шчыра, мне вельмі ніякавата за гэты ўчынак. Мы былі ў гасцях у караля, у палацы, яшчэ да цырымоніі. Мне вельмі спадабаліся кароль і каралева, там прысутнічаў яшчэ і кронпрынц. Мы размаўлялі пра Гарбачова, пра перабудову, пра свабоду слова. Кароль Харальд вельмі разумны і разважлівы чалавек. Яго, як і каралеву, Нарвэгія проста любіць. Яны - сапраўды яе здабытак. А яшчэ кароль - вядомы ў мінулым спартовец, магутны чалавек, чэмпіён свету ў ветразевым спорце. Менавіта ён нёс нарвэжскі сцяг на Алімпіядзе 1964 года. Цяпер яму 84, і я бачыў: калі ён нас сустракаў і праводзіў, што ішоў з двума кійкамі, абапіраючыся на іх. Я разумеў, што яму цяжка будзе. Але, з іншага боку, я адправіў у Осла сваю прамову загадзя, і тамака было пазначана, што будзе хвіліна маўчання.

- Адправіў загадзя - гэта як? На зацвярджэнне, ці што?

- Не, для перакладу. Каб падчас цырымоніі ў перакладчыкаў не было ніякіх цяжкасцяў. І да апошняга імгнення я думаў пра тое, як будзе ўставаць кароль, але тым не менш разумеў, што пра нашых забітых калег трэба ўспамінаць стоячы. Я гэта зрабіў, і кароль прыўстаў, нядоўга прастаяў і зноў сеў у крэсла. А каралева і кронпрынц стаялі ўвесь час. Потым я глядзеў трансляцыю, і мне вельмі спадабаўся ўзровень далікатнасці нарвэжскага тэлевізіі. Там жа камеры стаялі паўсюль, і рэжысура тэлевізійнай карцінкі была выдатнай. Спачатку рэжысёры трансляцыі паказвалі караля з-за маёй спіны, а потым, калі ён прыклаў намаганні, каб падняцца, рэжысёр пераключыў карцінку і пачаў паказваць яго ўжо з боку залы, і не было відаць, стаіць кароль ці ўжо сеў. Гэта быў вельмі кранальны і павучальны для мяне момант.

- Павучальны ў чым?

- У тым, як шмат трэба ўлічваць усяго, нават не ў экстрэмальных сітуацыях. І я вельмі ўдзячны каралю Нарвэгіі за тое, што ён зрабіў.

- Ты ў сваёй нобэлеўскай прамове казаў у тым ліку і пра Беларусь. Я ведаю, што цябе хвалюе сітуацыя ў маёй краіне – я мяркую і з колькасці вокладак “Новой газеты”, прысвечаных Беларусі, і з колькасці рэдакцыйных заданняў, і з колькасці тэкстаў, якія пішу. Чаму ў сваёй прамове ты казаў менавіта пра сітуацыю на мяжы, а не пра іншыя беларускія праблемы?

- Я не палітолаг і, на шчасце, не палітык. Менавіта таму тое, пра што я казаў, было вынікам сур'ёзнага даследавання, якое правяла наша газета - аддзел вывучэння вялікіх звестак пад кіраўніцтвам вядомага навукоўца-фізіка і заснавальніка «Дысернэта» Андрэя Заякіна. Аддзел падлічыў падрабязна, колькі народу было прывезена ў Беларусь летась і колькі сёлета. І лічбы з абсалютнай пераканаўчасцю паказвалі, што ўсё гэта загадзя спланаваная аперацыя беларускага рэжыму, правакацыя з дапамогай гэтых людзей, большай часткай прывезеных падманам.

- Але пачыналася ўсё гэта як вялікі бізнэс са звышпрыбыткамі.

- Гэта было б занадта доўга тлумачыць. Не забывайся пра хранаметраж нобэлеўскай прамовы і пра тое, колькі важных тэм трэба было паспець закрануць. Цяпер, калі ёсць афіцыйная хлусня, расейская і беларуская - "гэта бедныя няшчасныя людзі, а мы тут наогул ні пры чым", - я спрабаваў паказаць, што гэта яшчэ адна разнавіднасць гібрыднай вайны ў цэнтры Еўропы, калі людзей падманам завабліваюць з тым, каб стварыць палітычны крызіс на межах Еўрапейскага Звязу і паказаць: вось якія яны там, у Еўропе, жорсткія стварэнні.

Цалкам магчыма, можна было сказаць і пра іншае - пра Акрэсціна, напрыклад, ці пра прысуды, - але і мы, і еўрапейскія газеты пра гэта вельмі шмат пісалі і працягваем пісаць. Паверце, і мне, і маім еўрапейскім калегам, і ўсёй Еўропе невыносна думаць аб тым, што людзям, якія не парушалі ніякіх законаў, а парушалі толькі спакой дыктатара, даюць такія вялізныя тэрміны, трымаюць у турмах, выганяюць з краіны. Але мы з калегамі ў рэдакцыі параіліся і вырашылі ўсё ж выбраць менавіта сітуацыю на мяжы - эпізод, які цалкам паказвае крывадушнасць чалавека, гатовага ў кожную секунду дзеля ўласнай улады паставіць усю Еўропу на мяжу вайны.

- Што ты зычыш беларускаму народу напярэдадні Новага года?

- Аднойчы, калі "Новая газета" знаходзілася яшчэ ў стадыі станаўлення - гадоў, напэўна, дваццаць таму, - мая калега, выдатная тэлевядоўца, вельмі разумны і прыгожы чалавек Света Сарокіна падарыла мне на дзень нараджэння газеты геніяльны малюнак. Ідзе лівень, пад ліўнем стаіць вялікі слон. У слана на спіне сядзіць птушка і трымае над ім маленькі парасон. Слон увесь мокры, але птушка ўпарта трымае над ім парасон. Святла падпісала гэты малюнак так: "Няма бескарысных намаганняў". І гэта менавіта тая фраза, якую я хацеў бы сказаць беларусам.

Ірына Халіп, уласная карэспандэнтка “Новой газеты” - спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках