24 красавiка 2024, Серада, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто стаў галоўным беларусам 2021 года?

18
Хто стаў галоўным беларусам 2021 года?
ФОТА: СЯРГЕЙ ГРЫЦ

Патрэбныя звышнамаганні з нашага боку, каб перамагчы.

Сайт Charter97.org падвёў вынікі 2021-га года разам з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам. У інтэрв'ю ён вылучыў значныя падзеі, наступствы якіх паўплываюць на жыццё краіны ў найбліжэйшай будучыні.

– Беларусь прадаўжае жыць рэвалюцыяй. Падводзячы вынікі года, усе мімаволі падводзяць прамежкавыя вынікі больш як 500 дзён барацьбы за свабоду. Чаго здолелі дамагчыся за гэты час?

– Першае, што сапраўды ў Беларусі адбылося – гэта рэвалюцыя. І я прыхільнік таго, каб не ўважаць за рэвалюцыйныя падзеі нейкі кароткі прамежак часу. Мяркую, што рэвалюцыі могуць доўжыцца і некалькі гадоў, а ў Беларусі якраз такі выпадак. Вельмі важна, што паўсталыя беларусы сталі суб'ектамі беларускай палітыкі, а праз сваіх прадстаўнікоў – і міжнароднай.

Адзначу, што Лукашэнку ўпершыню за ўвесь час абсалютная большасць дэмакратычных краінаў не прызнае легітымным. Яго ўважае за ўзурпатара ўся дэмакратычная супольнасць.

Важна, што цяпер цывілізаваны свет увёў рэальныя эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі, гэтыя санкцыі скаардынаваныя паміж ЗША, Еўрапейскім Звязам, Вялікай Брытаніяй, а таксама многімі краінамі, якія з'яўляюцца чальцамі NATO ці імкнуцца ўвайсці ў Еўрапейскі Звяз. Гэта краіны ад Канады і нават да Сербіі, дзе прарасейскае кіраўніцтва. Ну і, безумоўна, важным дасягненнем з'яўляецца тое, што беларусы прадаўжаюць барацьбу. Яны не змірыліся. І гэта абсалютна відавочна.

– Год быў вельмі насычаным. Якія асноўныя падзеі, што паўплывалі на расклад сілаў у Беларусі, вы адзначылі б?

– Рэжым утрымаўся дзякуючы нябачаным з часоў Другой сусветнай вайны рэпрэсіям. Адначасова рэжым дапускае ўсё больш памылак, а гэтыя памылкі вельмі моцна б'юць па самім рэжыме.

Гэта і прыклад з пасадкай самалёта Ryanair, і арганізацыя мігранцкай гібрыднай вайны супраць краінаў-суседак. Еўрапейскія краіны часта заплюшчваюць вочы на дзеянні Лукашэнкі і падобных да яго дыктатараў, але ў гэтым выпадку яны зразумелі, што дыктатар стаў ужо рэгіянальнай небяспекай, якая пагражае бяспецы многіх краінаў і жыццям жыхароў Еўрапейскага Звязу.

Безумоўна, наступным чыннікам, які прадаўжае ўплываць на сітуацыю ў краіне, з'яўляецца каранавірусная эпідэмія. Таму што за 2020 год (і асабліва за 2021 год) у Беларусі памерлі дзясяткі тысячаў людзей. Улады хлусяць пра рэальнае становішча і прадаўжаюць жахлівы эксперымент выпрацоўкі так званага калектыўнага імунітэту без сур'ёзнай вакцынацыі.

Апошнія дзеянні ўладаў скасавалі і без таго куцыя супрацькаранавірусныя і супрацьэпідэміялагічныя захады. Напрыклад – скасаванне карантыну для ўсіх, хто ўязджае ў Беларусь, і для кантактаў першага ўзроўню. Магу сказаць, што гэта моцна ўплывае, таму што гінуць тысячы і тысячы беларусаў. За гэта і Лукашэнка, і ягоная хеўра панясуць немінучую адказнасць. І мы ведаем, што за забойства (а тут мы маем справу з масавымі і свядомымі забойствамі) у Беларусі прадугледжаная найвышэйшая мера пакарання.

Таксама я адзначыў бы скаардынаваныя дзеянні розных дэмакратычных цэнтраў, розных дэмакратычных рухаў для ўвядзення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Упершыню за доўгі час усе дэмакратычныя сілы тут маюць агульны падыход.

Адзначыў бы спробу арганізацыі Усеагульнага беларускага страйку Беларускім аб'яднаннем працоўных. Але тут такой еднасці не назіралася. Найбольш распіяраныя лідары – Ціханоўская і Латушка – гэты страйк не падтрымалі, не падтрымалі Народны карантын у самы пік эпідэміі. Вось гэтыя дзеянні былі незразумелыя.

Таму што ва ўмовах, калі і без таго сотні тысячаў людзей не выходзілі на працу праз каранавірус, і сотні тысячаў людзей далучыліся да страйку, гэта мог бы быць такі момант сур'ёзнага ціску на рэжым. Асабліва гэта было неабходна для абароны тых дзясяткаў тысячаў людзей, якіх улады з палітычных прычынаў звольнілі і пазбаўляюць права на прафесію. Напэўна, сказаў бы, што гэта найбольш важныя падзеі, якія паўплывалі на сітуацыю ў краіне.

– Каго вы назвалі б галоўным беларусам 2021 года?

– У Польшчы, напрыклад, ёсць такі тэрмін, які прыйшоў з часоў Другой сусветнай вайны, – «Польска Вальчонца» («Польшча, якая змагаецца»). Нават у 80-я гады была такая арганізацыя «Салідарнасць Вальчонца» («Салідарнасць, якая змагаецца»).

Я назваў бы беларусам года такога калектыўнага беларуса, які змагаецца за свабоду. І гэта, безумоўна, могуць быць і канкрэтныя людзі: Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч, Наталля Хершэ, Паліна Шарэнда-Панасюк і тысячы іншых палітвязняў. Такімі беларусамі, якія змагаюцца, я назваў бы журналістаў і блогераў, якія прадаўжаюць сваю дзейнасць як унутры краіны, так і за мяжой.

Такімі беларусамі, якія змагаюцца, я назваў бы сем'і палітвязняў, назваў бы таксама людзей, якія апынуліся за мяжой, але не забыліся пра сваю краіну, удзельнічаюць у акцыях салідарнасці і пратэсту па ўсім свеце. Менавіта вось такія беларусы, якія змагаюцца, звярнулі ўвагу ўсяго свету, пра іх гавораць і пішуць сусветныя медыя.

– Увесь свет сочыць за сітуацыяй на мяжы з Украінай. Амерыканская выведка паведамляе, што ў 2022-м годзе можа пачацца поўнамаштабная агрэсія Расеі. Ці чакаць свету новай вайны ці Пуцін блефуе?

– Я ўспамінаю адну з размоваў з Барысам Нямцовым. Гэта было ў Кіеве ў 2005 годзе. Ён казаў, што "калі ў Беларусі не будзе Лукашэнка, вы пойдзеце ў Еўропу, а рэальнасць у Расеі такая, што для расейскага народа нават Пуцін з'яўляецца лібералам, што людзі сумуюць па Сталіну і хочуць яшчэ больш жорсткага рэжыму". Пуцін як палітык бярэ да ўвагі гэтыя глыбінныя настроі шматлікіх расейцаў. Такім чынам яму лягчэй кіраваць, лягчэй утрымліваць сваю ўладу. Тым больш, што быў прыклад з анэксіяй Крыма, калі ягоны рэйтынг узляцеў і трымаўся некалькі гадоў.

Адначасова на Пуціна цісне кіраўніцтва расейскага войска, бо многія людзі, якія сёння ў званні палкоўнікаў і генералаў, падчас чачэнскіх войнаў у канцы 90-х – пачатку 2000-х гадоў былі лейтэнантамі і капітанамі. І ў іх ёсць досвед так званай пераможнай вайны.

У іх быў захоп Крыма, яны ўдзельнічалі ў дывановых бамбардаваннях у Сірыі і сілай там дапамагаюць утрымлівацца ва ўладзе дыктатару Асаду. І з гледзішча расейскіх вайскоўцаў Расея мае перавагу ў ракетных узбраеннях, авіяцыі, колькасці танкаў, артылерыі і гэтак далей. І ў спалучэнні яшчэ з такім элементам гібрыднай вайны, якім з'яўляецца газавая атака і на Еўропу, і на Украіну, расейскія вайскоўцы мяркуюць, што цяпер самы час перамагчы Кіеў, адхапіць яшчэ нейкі кавалак тэрыторыі ці нават, можа быць, вярнуць Украіну ў нейкае падабенства СССР. Верагоднасць вайны, на мой погляд, вялізная.

Аднак з іншага боку ВУП Расеі, напрыклад, у 2013–2014 гадах, быў блізу двух з паловай трыльёнаў даляраў. Пасля захопу Крыма і пачатку вайны на Данбасе ВУП Расеі скараціўся прыкладна на трыльён. За гэтыя сем гадоў яна страціла прыкладна 7-8 трыльёнаў даляраў.

Пуцін разумее, што папярэджанні Захаду, яшчэ больш сур'ёзныя санкцыі могуць ператварыць ягоную вайну ў «піраву перамогу», якая прывядзе і да падзення ягонай улады, і да распаду Расеі. Але я думаю, што пастанова гэтая не прынятая і тут, безумоўна, дзеянні Украіны ва ўмацаванні сваёй бяспекі і дзеянні краінаў NATO будуць вызначальнымі ў тым, пачне Расея вайну ці не.

– Сёння Захаду супрацьстаіць цэлы кангламерат дыктатур – Кітай, Расея, рэжым Лукашэнкі. Год паказаў, што яны ўяўляюць рэальную небяспеку для цывілізаванага свету. Ці ёсць у дэмакратычных краінаў чым адказаць?

– Пры ўсім росце эканамічнай і ваеннай ролі Кітая, ён з'яўляецца вельмі ўразлівай краінай. Напрыклад, 70% ягонага сусветнага гандлю праходзіць праз Малакскі праліў, так вось геаграфія распарадзілася.

І Кітай добра разумее, што нейкія дзеянні, нават у дачыненні да Тайваня, для яго могуць быць згубнымі. Пра расейскі ВУП я сказаў – гэта 1 трыльён 400 мільярдаў даляраў, а, напрыклад, ВУП ЗША – гэта 20 трыльёнаў, ВУП Еўразвязу – гэта 14–15 трыльёнаў, плюс Вялікая Брытанія некалькі трыльёнаў, плюс Канада, плюс Японія. І ў гэтым плане Расея з'яўляецца маленькай часткай эканомікі Кітая і той малпай, якую Пекін прымушае цягаць каштаны з агню, гэта значыць прамацваць пазіцыю Захаду.

Несумненна, дэмакратычны свет значна мацнейшы ў эканамічным плане і сумарна ў ваенным. Я не думаю, што кітайскае кіраўніцтва гатовае неўзабаве пачаць якую-небудзь вайну. Калі глядзець з гэтых пазіцый, тады зразумела, што ёсць настрой расейскай вайсковай верхавіны, ёсць рэальны стан справаў. І калі ў 20-м стагоддзі казалі, што вызначальнай была геапалітыка як навука, як спосаб рэалізацыі стратэгій, то цяпер ёсць геаэканоміка. І яна сёння з'яўляецца ключавой у нашым узаемазвязаным свеце.

Таму, безумоўна, дэмакратычныя краіны аб'яднаныя. Мы бачым, што акрамя NATO з'явіўся яшчэ звяз ЗША, Вялікай Брытаніі і Аўстраліі (AUKUS), які дзейнічае ў Індыйскім акіяне, у Ціхаакіянскім рэгіёне. Сусветныя дэмакратычныя цэнтры разумеюць небяспеку, якая зыходзіць ад дыктатураў, і прымаюць захады для абароны і стабілізацыі сітуацыі. Як паказвае практыка, сумарная эканоміка ў дэмакратычных краінах свету значна больш развітая, значна мацнейшая, чым у дыктатарскіх рэжымаў.

– Відавочна, што рэжым Лукашэнкі знаходзіцца ў вельмі слабым становішчы. Аднак чаму сёлета не атрымалася здабыць перамогу? Якіх памылак варта ўнікаць у будучыні?

– Я не ведаю, наколькі можна казаць пра памылкі. Хоць яны, безумоўна, ёсць, але ёсць і рэальны стан справаў. Мяне, вядома, карабаціць, калі Святлана Ціханоўская кажа, што “я, як і многія беларусы, да 2020-га года зусім не цікавілася палітыкай”. Што, у яе не было вачэй? Не было сэрца? Яна не бачыла, што адбывалася ў краіне?

Былі мільёны людзей, якія ў свой час галасавалі за Пазняка і Шушкевіча, за Мілінкевіча і Казуліна, Саннікава і Някляева. Былі сотні тысячаў беларусаў, якія ўдзельнічалі ў “Маршах Свабоды”, у падзеях Плошчаў 2006, 2010-га года. Яны ўдзельнічалі ў Супраціве.

Але з іншага боку, гэта рэальнасць – людзі, вынесеныя на грэбень хвалі, якія засталіся на волі, змаглі эміграваць, вось яны ўважаюцца за такіх лідараў. Але вучыцца яны не хочуць. Выкарыстоўваць досвед беларускага Супраціву і іншых краінаў яны не хочуць.

На мой погляд, людзі ў штабе Ціханоўскай – яны не палітыкі, яны не змагары за свабоду, яны не рэвалюцыянеры, яны – “НДАшнікі”. У іх такая псіхалогія, каб у іх у групах было добра, для іх галоўным крытэрам з'яўляюцца міжнародныя паездкі. Гэта, вядома, важны элемент, шмат такіх міжнародных сустрэчаў прайшло, але, тым не менш, Лукашэнка застаецца ва ўладзе, а тысячы нашых таварышаў знаходзяцца ў турмах. І яшчэ большая колькасць людзей звольненыя з працы, зазнаюць ціск і гэтак далей.

Але з іншага боку – гэта і ёсць рэальнасць. Ад таго, ці захочуць гэтыя людзі, якіх называюць лідарамі, мяняцца, ці захочуць яны рэальнай змены, ці будуць яны бачыць гэтае акно магчымасцяў, будзе таксама залежаць развіццё сітуацыі. Калі яны не зменяць свае падыходы, з'явяцца, на мой погляд, новыя дэмакратычныя цэнтры, якія будуць настроеныя на рэальны супраціў.

Як станоўчы крок я адзначыў ужо, што няхай не адразу, няхай са значным спазненнем, усе беларускія дэмакратычныя цэнтры і групы адзіныя ў падыходзе, што неабходны самыя жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. І трэба рабіць усё, каб вызваліць палітвязняў. А іх тамака зусім не тысяча чалавек. І вызваліць тых рэальных лідараў, якія знаходзяцца ў турмах. І ў гэтым плане, я мяркую, стратэгія «санкцыі – страйк – пратэсты» будзе прадаўжацца і ў 2021 годзе.

Але тут усе павінны разумець: і беларусы, якія ўнутры краіны, вядома, а таксама тыя, хто вымушаны быў з'ехаць, што проста так Лукашэнка не сыдзе, проста так дыктатура не здасца, што патрэбныя звышнамаганні з нашага боку, каб перамагчы. Яшчэ раз паўтару – звышнамаганні і гатоўнасць дзейнічаць разам.

– Ці бачыце вы акно магчымасцяў для змены сітуацыі ў Беларусі ў наступным годзе?

– Я разумею, што ў эканамічным плане будзе вельмі цяжка рэжыму. Лукашэнка сам нарваўся на гэтыя санкцыі, сам развязаў мігранцкі крызіс. І многія санкцыі ўжо маюць вельмі сур'ёзны характар. Плюс ягоны страх, які выяўляецца ў звальненні, напэўна, сотняў тысячаў людзей, а ў першую чаргу – людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, спецыялістаў у сваёй справе, што таксама нанясе ўдар па эканоміцы. І я бачу ў гэтым галоўнае акно магчымасцяў.

Гэты момант трэба не прапусціць, трэба яго скарыстаць, да яго трэба быць гатовымі. Спадзяванні, што рэферэндум, які правядзе Лукашэнка, зменіць сітуацыю, я мяркую, перабольшаныя. Пакуль тое, што заявілі групы Ціханоўскай і Латушкі (заклік забяспечыць яўку на рэферэндуме), на мой погляд, гэта, увогуле, слабая стратэгія, якая дрэнна паддаецца тлумачэнню.

Думаю, што акно магчымасцяў менавіта будзе злучанае з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у краіне, якая, відавочна, будзе пагаршацца. І вось гэта можа быць галоўным штуршком для новага масавага пратэсту, для скаардынаваных дзеянняў беларускіх дэмакратычных сілаў ва ўсім свеце.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках