19 красавiка 2024, Пятніца, 8:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Блогер распавёў пра апошнія два дні існавання СССР

10
Блогер распавёў пра апошнія два дні існавання СССР

30 год без Савецкага Саюза.

Сёння будзе допіс аб апошніх двух днях існавання СССР. Бо роўна 30 гадоў таму Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне юрыдычна, піша беларускі блогер Максім Міровіч.

«Дарагія суайчыннікі! Суграмадзяне! З прычыны сітуацыі, якая склалася з утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў, я спыняю сваю дзейнасць на пасадзе прэзідэнта СССР» - з такіх слоў пачаўся тэлезварот Міхаіла Гарбачова 25 снежня 1991 года.

За два дні да гэтага ў Крамлі адбылася сустрэча Міхаіла Гарбачова і Барыса Ельцына, якая доўжылася амаль 10 гадзін. Абмяркоўваліся тэхнічныя працэдуры пераходу дзяржаўнай улады ад прэзідэнта Саюза да кіраўніка РСФСР. Напрыклад, лідары дамовіліся, што 25 снежня адбудзецца перадача Ельцыну ядзерных кодаў (т.зв. «ядзернай валізкі»). Акрамя таго, размова ішла аб архівах Палітбюро ЦК КПСС і асабістым архіве прэзідэнта СССР.

Лідары таксама дамовіліся аб умовах адстаўкі Гарбачова: прызначэнні яму пенсіі, дачы, аўтатранспарту, аховы, памяшкання для «Гарбачоў-Фонду». Прэзідэнт СССР абавязаўся цягам паўгода не выступаць з крытыкай расейскіх уладаў.

25 снежня 1991 года блізу 17:00 адбыліся дзве тэлефонныя размовы Міхаіла Гарбачова: з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам і міністрам замежных спраў Нямеччыны Гансам-Дзітрыхам Геншэрам.

У размове з Бушам Гарбачоў паведаміў, што праз дзве гадзіны зробіць заяву аб сыходзе з пасады прэзідэнта СССР і выказаў надзею, што краіны Захаду нададуць падтрымку СНД і Расеі.

Акрамя таго, Міхаіл Гарбачоў праінфармаваў прэзідэнта ЗША, што перадае права на выкарыстанне ядзернай зброі прэзідэнту РФ Барысу Ельцыну. «Так што вы можаце спакойна святкаваць Каляды, спакойна спаць гэтай ноччу. Што да мяне, то я не збіраюся хавацца ў тайгу. Я буду заставацца ў палітыцы, у грамадскім жыцці», - сказаў на заканчэнне Гарбачоў.

Блізу 19:00 савецкі прэзідэнт падпісаў указ аб складанні з сябе паўнамоцтваў Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі СССР і скасаванні Савета абароны пры прэзідэнце СССР.

А 19:00 паводле маскоўскага часу Міхаіл Гарбачоў выступіў у жывым эфіры Цэнтральнай тэлевізіі і абвясціў аб спыненні сваёй дзейнасці на пасадзе прэзідэнта СССР. «Я цвёрда выступаў за самастойнасць, незалежнасць народаў, за суверэнітэт рэспублік. Але адначасова і за захаванне саюзнай дзяржавы, цэласнасці краіны. Падзеі пайшлі іншым шляхам. Узяла верх лінія на раздзяленне краіны і раз'яднанне дзяржавы, з чым я не магу пагадзіцца», - заявіў у Гарбачоў.

Ён панаракаў, што пастанова аб ліквідацыі СССР была прынятая без уліку «народнага волевыяўлення». Аднак тут жа заявіў, што будзе рабіць усё магчымае, каб Алма-Ацінскія пагадненні «прывялі да рэальнай згоды ў грамадстве, аблегчылі б выхад з крызісу і працэс рэформ».

А 19:38, яшчэ да таго як скончыўся тэлевізійны зварот Гарбачова, са флагштока Маскоўскага Крамля быў спушчаны дзяржаўны флаг СССР і ўзняты дзяржаўны флаг Расейскай Федэрацыі.

Ніякіх іншых афіцыйных цырымоній, звязаных са спыненнем дзейнасці прэзідэнта СССР, не праводзілася. Вечарам 25 снежня ў Арэхавай гасцёўні Крамля адбылася развітальная вячэра з удзелам некалькіх чалавек з найбліжэйшага кола Гарбачова (дарадцы прэзідэнта СССР Аляксандра Якаўлева, старшыні Усесаюзнай тэлерадыёкампаніі Ягора Якаўлева, памочніка Гарбачова Анатоля Чарняева, прэс-сакратара прэзідэнта СССР Андрэя Грачова).

26 снежня 1991 года Савет Рэспублікі Вярхоўнага савета СССР прыняў дэкларацыю, у якой гаварылася, што ў сувязі «са стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз ССР як дзяржава і суб'ект міжнароднага права спыняе сваё існаванне».

27 снежня 1991 года Гарбачоў збіраўся ў апошні раз прыехаць у свой кабінет у Крамлі, каб разабраць паперы і сустрэцца з японскімі журналістамі. Але зрабіць гэта яму не ўдалося, бо высветлілася, што кабінет ужо заняты Барысам Ельцыным.

Такія справы. Напішыце ў каментарах, што вы пра ўсё гэта думаеце. Як гэтая падзея будзе інтэрпрэтавацца ў гісторыі чалавецтва?

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках