29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькасць працоўных рэсурсаў у Беларусі прадаўжае скарачацца

4
Колькасць працоўных рэсурсаў у Беларусі прадаўжае скарачацца

Чым гэта небяспечна для эканомікі?

У Беларусі працяглы час скарачаецца колькасць працоўных рэсурсаў. Відаць, колькасць занятых у эканоміцы прадоўжыць змяншацца, што, безумоўна, негатыўна адаб'ецца на эканоміцы.

На пачатак гэтага года ў эканоміцы Беларусі было занята 4,295 млн чалавек. У кастрычніку 2021 года гэты паказчык складаў ужо 4,265 млн чалавек. Гэта значыць, за 9 месяцаў эканоміка краіны страціла блізу 30 тысяч занятых.

Зыходзячы са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць працоўных рэсурсаў скарачаецца ва ўсіх абласцях краіны.

У рэгіёнах за студзень-верасень 2021 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года больш за ўсё колькасць занятага насельніцтва скарацілася ў Менску - прыкладна на 10 тысяч чалавек, у Віцебскай вобласці (на 6570) і Менскай вобласці (на 6540). Менш за іншых пазбавілася работнікаў Гарадзенская вобласць - там стала менш на 4051 работніка.

У Магілёўскай вобласці стала менш за 9 месяцаў занятага насельніцтва на 5468 чалавек, у Гомельскай - на 5181, у Берасцейскай - на 4886.

Калі паглядзець на памесячную занятасць па ўсёй краіне, яна таксама ўвесь час скарачаецца.

Напрыклад, у красавіку гэтага года ў эканоміцы краіны занятасць зноў упала ў параўнанні з папярэднім месяцам і склала 4,289 млн чалавек, у траўні - ужо 4,272 млн чалавек, у кастрычніку - 4,265 млн чалавек.

«Ежедневник» таксама паглядзеў, як выглядала сітуацыя з занятасцю ў апошнія пяць гадоў. На жаль, лічбы кажуць аб тым, што колькасць занятых увесь час прадаўжае скарачацца, і гэтае зніжэнне паскараецца.

Так, паводле звестак Белстата, агулам за апошнія некалькі гадоў колькасць занятых у эканоміцы краіны выглядала так:

2015 год - 4,496 млн чалавек

2016 год - 4,406 млн чалавек

2017 год - 4,354 млн чалавек

2018 год - 4,338 млн чалавек

2019 год - 4,334 млн чалавек

2020 год - 4,32 млн чалавек

З чым гэта звязанае?

Прычына гэтага працэсу, упэўненыя экспэрты, у першую чаргу ў дэмаграфічнай сітуацыі, а калі больш канкрэтна, у старэнні насельніцтва.

«Цяпер мы акурат уваходзім у перыяд, калі ў нас на пенсію выходзяць бэбі-бумеры, а гэта вельмі вялікая група людзей. Гэта не значыць, вядома, што дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яны ўмомант сыходзяць з рынку працы - палова людзей прадаўжае працаваць агулам гадоў пяць. Але рана ці позна яны ўсё ж паўнавартасна сыходзяць на пенсію», - падзялілася сваім меркаваннем з «Ежедневником» эканамістка, акадэмічная дырэктарка BEROC (Кіеў) Кацярына Барнукова.

Другім важным фактарам, які ўплывае на зніжэнне працоўных рэсурсаў, экспэртка назвала міграцыю. Так, пасля крызісу 2015-2016 гадоў, паводле статыстычных звестак Польшчы, там ідзе рост беларускіх грамадзян, якія атрымалі дазвол на пражыванне ў краіне. Акрамя Польшчы, шмат беларусаў працуюць і ў Расеі. Праўда, колькі іх, невядома, бо з Расеяй у Беларусі адсутнічае кантроль на мяжы.

Лік не занятых прадоўжыць расці

Усё гэта негатыўна ўплывае на эканоміку, падкрэсліла эканамістка.

Скарачэнне працаздольнага насельніцтва вядзе да таго, што ВУП будзе ніжэйшым, чым мог бы быць, адзначыла Барнукова.

Акрамя таго, атрымліваецца, што нагрузка на пенсійную сістэму расце з двух бакоў. З аднаго боку, павялічваецца колькасць людзей, якія выходзяць на пенсію, з другога, змяншаецца колькасць людзей, якія плацяць унёскі ў ФСАН. І заканамерна ўзнікае пагаршэнне балансу пенсійнага фонду, які можа прывесці да павышэння падаткаў, а гэта ў сваю чаргу, таксама дрэнна для ВУП», - распавяла экспэртка.

Эканамістка мяркуе, што сітуацыя будзе толькі пагаршацца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках