23 красавiка 2024, aўторак, 20:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі палітолаг пра заяву Лукашэнкі: Маскі сарваныя

65
Украінскі палітолаг пра заяву Лукашэнкі: Маскі сарваныя

Беларускага амбасадара павінны "выклікаць на дыван" у МЗС Украіны.

Узурпатар Лукашэнка заявіў, што “Крым з'яўляецца расейскім дэ-юрэ і дэ-факта”. Украінскі дыпламат, экспэрт па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі, дырэктар аддзела міжнародных дачыненняў фонду "Майдан замежных спраў" Аляксандр Хара ў інтэрв'ю сайту Charter97.org выказаў меркаванне, што Кіеў павінен жорстка адказаць на такія заявы беларускага дыктатара:

- Лукашэнка вельмі часта казаў, што ён расеец, але як бы на баку Украіны. На самой справе 27 сакавіка 2014 года Беларусь галасавала супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. І, фактычна, тады ўжо было сказана ўсё. Іншая рэч, што з розных прычын у Кіеве не хацелі гэтага заўважаць і проста глядзелі з пункту гледжання таго, якія пагрозы могуць быць, калі Лукашэнка канчаткова трапіць пад сферу ўплыву Расеі. Таму стрымлівалася крытыка ў дачыненні да гэтага чалавека.

Цяпер маскі сарваныя. Беларусь з'яўляецца вайсковым і палітычным хаўруснікам Расійскай Федэрацыі і абсалютна раздзяляе яе падыход да Захаду. Культывуецца меркаванне, што Захад - пагроза для Расеі і Беларусі, што ворагі вакол. Ну і Лукашэнка, адпаведна, не можа ў такой ідэалагічнай канструкцыі ставіцца да Украіны інакш, як да буфера ці своеасаблівага інструмента Захаду супраць Расеі.

Нам гэта не новае і, натуральна, не вельмі прыемна. Але з іншага боку - да гэтага ўсё і ішло. Таму з пункту гледжання дыпламатычнай рэакцыі заява Лукашэнкі павінна была справакаваць выклік пасла Беларусі "на дыван" у міністэрства замежных спраў Украіны. Павінен адбыцца дэмарш.

Адназначна, што ўкраінскі бок таксама павінен паглядзець, якім чынам рэагаваць у эканамічнай сферы. Калі хто і атрымаў найбольшыя дывідэнды з расейскай вайны супраць Украіны, дык гэта Беларусь. Яна стала своеасаблівым афшорам, праз які ішлі тавары, прыязджалі людзі, перамяшчаліся грошы паміж Украінай і Расеяй. І натуральна, што ўвесь гэты час Беларусь была прыхаванай пагрозай для Украіны, бо з яе тэрыторыі дзейнічалі расейскія спецслужбы.

Ну і ні для каго не сакрэт, што расейскае пасольства ў дастаткова вялікай ступені спадзяецца на магчымасці беларускага пасольства, якое выконвае іх заданні. Але фактычна нічога не змянілася, бо Лукашэнка з самага пачатку быў не на баку Украіны, а на баку свайго, як ён сказаў, брата.

- Якія інструменты можа задзейнічаць Украіна ў адказ на такія непрыязныя дзеянні?

- Безумоўна, дыпламатычныя, пра якія я казаў. Гэта мусіць быць дэмарш. Другое, адназначна, гэта палітычныя заявы. Я думаю, што парламент Украіны павінен сказаць сваё слова. На жаль, існуе маўклівае непрызнанне Лукашэнкі. Аднак у такіх умовах няма сэнсу не казаць гэтага. Трэба артыкуляваць.

Наступнае - гэта супрацоўніцтва ў эканамічнай і энэргетычнай сферы. Мы бачым, што абвастрэнне ідзе і беларускі бок, дакладней лукашэнкаўскі бок, фактычна гэта робіць.

Таму Украіна павінна прыняць пэўныя пастановы, каб згортваць эканамічнае супрацоўніцтва з Беларуссю. І з пункту гледжання прызнання, таварыш Лукашэнка ёсць самазванец і трэба пра гэта сказаць.

Аднак самае галоўнае, што нарэшце ў Кіеве павінны дакладна стаць на бок беларускага народа. Не маўкліва, як гэта было ад самага пачатку, а абсалютна публічна. Нельга быць на баку таго чалавека, які ўзурпаваў уладу і які заганяе краіну, прыязную да нас, у нябыт.

Зразумела, што “саюзная дзяржава” з Расеяй будзе азначаць поўную страту незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, а таксама паставіць кропку на нацыянальным развіцці краіны. Будзе проста русіфікаваная, скажам так, ускраіна імперыі, якая праз час стане мілітарызаваным буферам для таго, каб пагражаць палякам, літоўцам. Не толькі мігрантамі, але і ракетамі, самалётамі. Таму адпаведна беларусы апынуцца ў прыцэле заходніх краін, бо эскалацыя будзе патрабаваць адказу.

- Кіеў прапрацоўвае на вучэннях ўварванне нелегальных мігрантаў з Беларусі на сваю тэрыторыю. Таксама гавораць аб магчымасці эскалацыі вайны з Расеяй. Ці можа Пуцін выкарыстаць Беларусь у якасці плацдарму для нападу на Украіну?

- Для мяне няма ніякіх сумневаў, што калі будзе прынятая ў Крамлі пастанова аб шырокамаштабным уварванні альбо настолькі вялікай эскалацыі, каб Украіна пагадзілася на расейскія ўльтыматумы, то тэрыторыя Беларусі будзе нават без спадара Лукашэнкі выкарыстаная для гэтага.

Расейская Федэрацыя і Беларусь з'яўляюцца саюзнымі дзяржавамі і ў фармальным сэнсе (ёсць калегіі супольных міністэрстваў абароны і міністэрстваў замежных спраў) і ў нефармальным (беларускія вайскоўцы вельмі моцна пераплецены з расейскімі).

Таму я не думаю што хоць нейкія будуць спробы спыніць пасоўванне расейскіх войскаў праз тэрыторыю Беларусі, калі яны будуць ісці на Кіеў. У мяне абсалютна няма сумневаў.

Я думаю, што будуць у Пуціна аргументы для таго, каб націснуць на Лукашэнку і нейкую бачнасць легітымізацыі гэтых дзеянняў. Мы разумеем, што ў Беларусі фактычна няма парламента, які мог бы нейкім чынам быць контр-балансам Лукашэнкі. Таксама мы разумеем, наколькі ў цяжкім стане знаходзіцца грамадзянская супольнасць пасля пасадак, забойстваў, рэпрэсій, якія адбываюцца зараз у Беларусі.

- Ці адбылося ва Украіне пераасэнсаванне Лукашэнкі? Бо доўгі час у розных рэйтынгах яго называлі "самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне".

- Шчыра кажучы, я не бачыў апошніх апытанняў грамадскай думкі. Вядома, збольшага гэта паказвае некаторую інфантыльнасць украінскага грамадства. Ну і ў нас, як у любой іншай краіне, ёсць дастаткова актыўная меншасць, якая думае. Аднак ёсць вялікі пласт людзей, якія нічым асабліва не цікавяцца і іх меркаванне фармуецца праз сродкі масавай інфармацыі.

Безумоўна, ёсць тыя, якім не падабаецца жыць камфортна ва ўкраінскай дзяржаве, якія ўважаюць сябе за частку "расейскага свету", расейцамі (у палітычным сэнсе натуральна, не ў этнічным). Таму гэта было абсалютна не дзіўна для мяне.

Канешне, для мяне як для чалавека, які цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі, які мае нейкую колькасць знаёмых людзей і не праз прапагандысцкія каналы можа разумець, што там адбываецца, які не чытае артыкулы пра «беларускі цуд», а разумее, што гэты цуд грунтуецца на таннай расейскай сыравіне, а таксама ідзе планамерная здача нацыянальных інтарэсаў Расеі, усё зразумела.

Ну і ў апошнюю чаргу, хаця гэта, напэўна, адно з найважнейшых: усе гады знаходжання ва ўладзе Лукашэнка не толькі зачышчаў палітычнае поле ад сваіх апанентаў, ён знішчаў патрыятычныя, нацыянальныя памкненні беларусаў, захоўваў такі “савок”, савецкага чалавека, чалавека без каранёў, які верыць партыі і які жыве тым парадкам дня, які навязваецца ўладай.

Калі мы бачым рэальнае аблічча рэжыму, калі і дзяцей і жанчын б'юць, калі забіваюць пратэстоўцаў, калі забіваюць палітычных апанентаў, то, напэўна, гэта не з'яўляецца ролевай мадэллю для Украіны, якая перажыла два Майданы. Якая страціла сотню, напэўна, найлепшых нашых прадстаўнікоў на Майдане 2014-га года.

І, дарэчы, гэта трэба ўвесь час успамінаць, што першымі двума ўкраінцамі, якія загінулі, абараняючы ўкраінскую свабоду і незалежнасць, гэта былі беларус і армянін.

Вельмі важны момант такі, паколькі Украіна - не нацыяналістычная дзяржава, а ў нас ёсць палітычная нацыя і прадстаўнікі ўсіх этнасаў і рэлігійных груп, моўных груп, якія падтрымліваюць незалежнасць Украіны. І гэта вельмі моцна адрознівае нас ад Расеі, якая нягледзячы на тое, што яна шматнацыянальная і нібыта федэратыўная, а з'яўляецца унітарнай і расейска-нацыяналістычнай дзяржавай.

Таму я не думаю, што з 2014-га года ўкраінцы не заўважалі гэтага і не змянілі свайго стаўлення да Лукашэнкі.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках