19 красавiка 2024, Пятніца, 20:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: У другім этапе рэвалюцыі мы зможам дабіцца перамогі

15
Наталля Радзіна: У другім этапе рэвалюцыі мы зможам дабіцца перамогі
НАТАЛЬЯ РАДЗІНА

Усе памылкі будуць улічаныя.

Галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна ўзяла ўдзел у працы работе Форума свабоднай Расеі ў Вільні.

Пасля панэльных дыскусій на Форуме журналісты kasparov.ru абмеркавалі з Наталляй Радзінай сітуацыю ў Беларусі, памылкі апазіцыі падчас беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і магчымыя перспектывы развіцця нашай краіны.

- Якія ў вас уражанні ад Форума свабоднай Расеі?

- Самыя пазітыўныя. Гэта важна - сустракацца, абмяркоўваць агульныя праблемы. У Беларусі і Расеі кіруюць саюзніцкія і роднасныя па духу дыктатарскія рэжымы, досвед супрацьстаяння ім у беларускай і расейскай апазіцый шмат у чым падобны. Таму важна разам абмяркоўваць шляхі змен у нашых краінах.

- Якія астраўкі свабоды цяпер засталіся ў Беларусі?

— Цяжка цяпер казаць пра нейкія астраўкі свабоды, ідзе татальны генацыд беларусаў. Апроч поўнага пазбаўлення людзей грамадзянскіх і палітычных правоў сёння ў краіне знішчаюць беларускую культуру, мову, гісторыю, забараняюць нацыянальныя сімвалы. Мы назіраем палітыку рэваншызму, выкліканую панічным страхам Лукашэнкі пасля рэвалюцыйных падзеяў 2020 года, калі супраць дыктатара паўстала ўся краіна. Аднак усе спробы ўтрымаць сітуацыю пад кантролем і задушыць у краіне любое іншадумства выклікае адваротную рэакцыю: беларусы ненавідзяць Лукашэнку яшчэ мацней. Ён утрымлівае ўладу сёння толькі сілавым спосабам. Я думаю, гэты рэжым доўга трымацца не можа, бо на штыках трымацца вельмі дорага, а грошай у Лукашэнкі няма.

- Якую ролю, на вашу думку, у рэжыме Лукашэнкі адыгрывае пуцінскі рэжым?

- У першую чаргу, ён надае яму палітычную і эканамічную падтрымку - дае крэдыты, пастаўляе нафту і газ заніжанымі коштамі і с тала апраўдвае злачынствы лукашэнкаўскага рэжыму на міжнароднай арэне.

Але трэба адзначыць, што лукашэнкаўская дыктатура для Пуціна сёння - гэта вельмі стратнае прадпрыемства, фактычны банкрут, якое патрабуе ўсё большай і большай колькасці грошай. Пры гэтым няўдзячным хаўруснікам увесь час ствараецца велізарная колькасць праблем. Напрыклад, шматразовыя пагрозы Лукашэнкі, што ён перакрые транзіт расейскага газу па тэрыторыі Беларусі, пры тым што «Белтрансгаз» яму больш не належыць. Тыя ж яго пагрозы, што ён спыніць транзіт еўрапейскіх тавараў праз тэрыторыю Беларусі ў Расею, а таксама пагрозы, што ён спыніць транзіт тавараў з Кітая ў Еўропу, - усё гэта ў ранейшых лукашэнкаўскіх хаўруснікаў - расейскіх і кітайскіх - выклікае велізарную незадаволенасць. Узнікае пытанне: а ці ёсць сэнс далей падтрымліваць гэтага вар'ята і банкрута?

- Што павінна адбыцца, каб яны адмовіліся ад гэтай падтрымкі?

- Я не прыхільніца таго, каб чакаць, што Беларусь выратуюць умоўныя Пуцін ці Байдэн. Трэба дзейнічаць самім. Ціск павінен адбывацца ў першую чаргу знутры краіны, пры абавязковым ціску звонку. Тады магчымы поспех. Гэта рэчы ўзаемазвязаныя - не можа быць аднаго вонкавага ціску і адсутнасці ўнутранага, калі мы хочам дамагчыся свабоды. Павінна быць і тое, і другое.

- З дапамогай мірнага пратэсту не атрымалася гэтага дамагчыся?

- Мірны пратэст - гэта шлях да свабоды. Мірныя рэвалюцыі перамагалі і ў Польшчы, і ў Вугоршчыне, і ў краінах Балтыі, і ў Грузіі, і ва Украіне. Праблема ў тым, што ў Беларусі новымі і недасведчанымі лідарамі былі дапушчаныя сістэмныя памылкі. У першую чаргу, рэвалюцыі не робяцца па выходных. Мала было выходзіць на маршы толькі ў нядзелю. Трэба было стаяць кожны дзень і дабівацца канкрэтных мэт. Не проста хадзіць па горадзе і паказваць, як нас шмат. Гэта цудоўна, але чаго мы дабіліся?

Трэба было ісці да Беларускай тэлевізіі і патрабаваць эфіру - тады магла паўстаць уся краіна. Неабходна было ісці да Дома ўрада і патрабаваць перамоваў, неабходна было ісці ў турму на Акрэсціна, дзе катавалі людзей, і патрабаваць іх вызвалення. Той колькасцю, якая выходзіла - 300-400 тысяч толькі ў Менску, мільён ва ўсёй краіне, - можна было дамагчыся змен. Гэтыя памылкі былі дапушчаныя, бо рэальныя лідары апазіцыі патрапілі ў турмы напярэдадні выбараў. Узначалілі рэвалюцыю людзі неспрактыкаваныя, амбіцыйныя, якія не жадаюць якім-небудзь чынам абмяркоўваць стратэгію з тымі, у каго ёсць досвед. Многія з гэтых новых лідараў у выніку самі патрапілі ў турмы або апынуліся ў эміграцыі.

Але ў будучыні, я думаю, усе памылкі будуць улічаныя. Скажам, што гэта быў першы этап рэвалюцыі, а ў другім мы зможам дабіцца перамогі.

- Вы з'ехалі з Беларусі ў 2011 годзе. Тады таксама была хваля пратэстаў. У чым розніца паміж выбарамі ў 2010 і 2020 гадах?

- У Беларусі заўсёды была моцная апазіцыя, якая змагалася за свабоду і незалежнасць краіны. Нават у самыя складаныя часы, калі актывісты апазіцыі зазнавалі рэпрэсіі, усё адно заставаліся нязломныя людзі, якія прадаўжалі справу. На жаль, большая частка грамадства не ўключалася ў барацьбу. Многія баяліся рэпрэсій і стараліся выжываць, цураючыся палітыкі.

Да 2020 года Лукашэнка банальна надакучыў усім. Гэта не дзіўна. Дваццаць шэсць гадоў ва ўладзе адзін і той жа, не вельмі здаровы псіхічна чалавек, які ізалюе краіну, не дае ёй развівацца, які душыць апазіцыю. Плюс спрацаваў ковід-фактар, калі з пачатку пандэміі вясной 2020 года Лукашэнка адмовіўся ўводзіць у Беларусі карантын. Толькі ў першую хвалю эпідэміі ў Беларусі загінулі дзясяткі тысяч чалавек. Стала зразумела, што на людзей дыктатару зусім пляваць.

Сваю ролю адыграла і вылучэнне на прэзідэнцкіх выбарах незвычайных кандыдатаў. Аб прэзідэнцкіх амбіцыях абвясцілі бізнэсовец Віктар Бабарыка, чыноўнік Валерый Цапкала, народны блогер Сяргей Ціханоўскі. Стала відавочна, што ўсё грамадства супраць, нават наменклатура і бізнэс жадаюць змен. У 2020 годзе супраць Лукашэнкі ўжо паўстала не частка народа, а ўся краіна.

- Як змянілася грамадства за перыяд падрыхтоўкі да выбараў, саміх выбараў і наступных пратэстаў?

- Людзі ўбачылі, што іх шмат, паверылі адзін у аднаго, паверылі, што яны - нацыя. Народам былі прынятыя і прызнаныя нашы нацыянальныя сімвалы, да гэтага забароненыя ўладамі, - бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У нацыі прачнулася душа. І гэта ўбачыў увесь свет.

Людзі вельмі моцна змяніліся ў 2020 годзе. Вядома, увесь шквал рэпрэсій, які пасля абрынуўся на краіну, - гэта трагедыя, але гэта гартуе нацыю. На жаль, не бывае шляху да волі без ахвяр. Найважнейшае, вядома, мінімізаваць колькасць гэтых ахвяр і ганарыцца сваімі героямі, ганарыцца людзьмі, якія змагаліся за свабоду, самому ўдзельнічаць у Супраціве. Гэта тыя ўмовы, у якіх нараджаецца сапраўдная нацыя.

- З якім пачуццём вы назіралі за перыядам пратэстаў?

- Я не проста назірала, я старалася зрабіць усё магчымае ў гэтай сітуацыі. Цяпер сродкі камунікацыі гэта дазваляюць, нават калі знаходзішся за мяжой. Вядома, я хацела б прыехаць, але ў мяне не было гэтай магчымасці. Мяне папярэдзілі, што арыштуюць проста на мяжы. Ехаць сэнсу не было, хаця надзвычай хацелася.

Я ўсё гэта глядзела, вядома, онлайн, усё гэта бачыла, і радавалася, і плакала. Самы вялікі стрэс, вядома, адчула, калі жанчыны выходзілі з турмы на Акрэсціна, расказвалі пра катаванні, якія яны перажылі. Гэта было, канешне, вельмі цяжка. Было вельмі шмат эмоцый, самых розных. Але эмоцыі трэба ўмець адключаць, больш думаць аб тым, што рабіць, каб мы змаглі перамагчы і, самае галоўнае, вызвалілі людзей з турмаў.

Сёння ў Беларусі знаходзяцца чатыры тысячы палітвязняў, не менш, мяркуючы з таго, як даюць справаздачу аб палітычных справах Генпракуратура і Следчы камітэт. Праваабаронцы называюць 900, але гэта лічбы заніжаныя. Шмат якія праваабаронцы самі ў турмах, яны проста не паспяваюць апрацоўваць інфармацыю. Трэба ратаваць людзей, сярод іх - рэальныя лідары Беларусі.

- Што цяпер робіцца для падтрымкі палітвязняў?

- Галоўнае, надаецца падтрымка іх сем'ям, хоць гэта, вядома, не так проста ў цяперашніх варунках. На міжнародным узроўні ўвесь час узнімаецца пытанне неабходнасці вызвалення палітвязняў, супраць рэжыму ўводзяцца эканамічныя санкцыі. Ціск трэба прадаўжаць да вызвалення ўсіх вязняў сумлення.

- Ці хацелі б вы займацца палітыкай унутры Беларусі ўжо як палітык?

- Пабачым. Давайце для пачатку вызвалім Беларусь.

- Калі б вы праводзілі выбарчую кампанію, якія б у вас былі асноўныя тэзісы?

- Я так далёка не зазірала, трэба падумаць. Натуральна, я чалавек, які ўсё свядомае жыццё змагаўся за свабоду, я ні дня не працавала ў аніводным дзяржаўным выданні. Для мяне гэта прынцыпова - журналіст не можа быць на дзяржзабеспячэнні. Журналіст мусіць быць свабодным і незалежным. Натуральна, я заўсёды выступала за выкананне правоў чалавека.

Я бачу Беларусь еўрапейскай краінай, краіна павінна рухацца шляхам еўрапейскіх рэформаў. Для нас гэта можа стаць выратаваннем у тым ліку і ад непазбежнага ўплыву Расеі. Але для таго, каб краіна ўступіла ў ЕЗ, яе трэба рэфармаваць, рыхтаваць да гэтага працэсу. Я б займалася гэтым.

- Як вам здаецца, такія мерапрыемствы, як Форум свабоднай Расеі, могуць паўплываць на сітуацыю ў Расеі і Беларусі?

- Могуць. Тут праходзіць дастаткова сумленная размова. Важна выпрацоўваць не толькі тактыку, але і стратэгію барацьбы. Важна ўзгадняць пазіцыі, важна ўзнімаць тэму санкцый. Напрыклад, на Форуме прагучала прапанова патрабаваць увядзення санкцый супраць Расеі за падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Гэта патрэбна.

У нашай супольнай барацьбе за свабоду важна не забывацца, што Беларусь – незалежная краіна. Калі Пуцін з Лукашэнкам падпішуць яшчэ нейкія саюзныя дамоўленасці, а ўжо падпісаны шэраг саюзных праграм і вайсковая дактрына, то гэта ўжо гучыць як акупацыя Беларусі. Беларусы, канечне, будуць змагацца за сваю свабоду і незалежнасць. Канстытуцыя дазваляе гэта рабіць усімі магчымымі спосабамі. Але важна, каб і расейскае грамадства пратэставала супраць гэтага, каб не было ніякага «беларусінашызму». Лозунг «За нашу і вашу свабоду!» не губляе актуальнасці.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках