28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрадэпутатка: Маё жаданне - у 2022 годзе ўбачыць Лукашэнку ў судзе

24
Еўрадэпутатка: Маё жаданне - у 2022 годзе ўбачыць Лукашэнку ў судзе
Карын Карлсбра

Беларускі дыктатар - не палітык, а злачынец.

Ці паспяхова Еўразвяз адбівае атакі рэжыму Лукашэнкі? Ці ёсць у Брусэля палітычная воля, каб даваць яшчэ больш жорсткі адпор беларускаму дыктатару? Як наблізіць суд над узурпатарам?

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org расказала еўрадэпутатка ад Швэцыі, намесніца кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламенту ў сувязях з Беларуссю Карын Карлсбра.

- Польшча і Літва сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным шантажом рэжыму Лукашэнкі. Многія палітыкі называюць такія дзеянні беларускага рэжыму гібрыднымі атакамі, а некаторыя і гібрыднай вайной. Як бы вы назвалі тое, што адбываецца на мяжы?

- Перш за ўсё, гэта чалавечая трагедыя для ахвяр злачынстваў Лукашэнкі. Ведама ж, гэта было арганізавана самім дыктатарам. Ён добра ведае, што робіць і які эфект гэта будзе мець. Так што я адназначна згодная з такім апісаннем сітуацыі.

- Напады на межы атрымалася мінімізаваць. Ці добра аб'яднаная Еўропа справілася з гэтым выклікам?

- Думаю, што ў гэтым выпадку мы павінны глядзець на сітуацыю адначасова з розных бакоў. Найперш глядзець на людзей. Мы ведаем, што ёсць людзі ўсіх узростаў, ёсць дзеці. Але я думаю, мы павінны вельмі дакладна заявіць, што ніводная краіна Еўрапейскага Звязу не можа дапусціць такога кшталту дзеянняў, нападаў ці спробаў парушыць цэласнасць нашай мяжы.

Такім чынам, нам трэба бачыць людзей, якія могуць мець права на прытулак, але ў той жа час мы павінны ясна даць зразумець, што такія дзеянні непрымальныя. Будзь то гэта Беларусь ці Расея, якія з'яўляюцца партнёрамі, ці кожная іншая краіна. Я думаю, што Еўразвяз цалкам зразумелы ў гэтай сітуацыі.

- Нядаўна Еўразвяз увёў пяты пакет санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. У спіс патрапілі 20 фізічных і 12 юрыдычных асоб. Ці мяркуеце вы, што гэта дастатковы адказ на дзеянні беларускага рэжыму?

- Я радая, што санкцыі прагрэсуюць, але агулам кожны раз яны былі занадта слабымі і прымаліся доўга. Тым не менш, гэта добры крок наперад.

Калі мы гаворым пра Лукашэнку, мы павінны разумець, што размаўляем не з палітыкам, а са злачынцам. Злачынцаў трэба адпраўляць у суды. Ён паказаў, што праблема не толькі для беларусаў, але і міжнароднай бяспекі. Напрыклад, выкраданне самалёта, які ляцеў з Афінаў у Вільню, добра паказаў, што мы маем справу са злачынцам. Цяпер мы назіраем гандаль людзьмі. Усё гэта не палітычная дзейнасць, а наўмысныя злачынствы. Я вельмі спадзяюся, што ён будзе ў турме.

Думаю, што мы павінныя мабілізавацца і глядзець пад кожны камень, каб знайсці законныя магчымасці адправіць яго ў суд. Часам цяжка знайсці прававыя пастановы, але гэта ў нашых магчымасцях, таму што Лукашэнка парушыў некалькі канвенцый, напрыклад, канвенцыя, якая рэгулюе бяспеку ў паветры. Ёсць і іншыя міжнародныя законы, якія можна выкарыстоўваць. Мы павінны знайсці і выкарыстоўваць любую магчымасць, каб даставіць Лукашэнку ў суд, а таксама тых, хто мае дачыненне да ўсёй сітуацыі ў Беларусі.

— Шмат хто крытыкуе Брусэль за тое, што нягледзячы на санкцыі гандлёвае абарачэнне паміж ЕЗ і беларускім рэжымам толькі расце. Ці ёсць у аб'яднанай Еўропы палітычная воля, каб сапраўды спыніць узаемадачыненні з дыктатарам?

- Існуе занадта шмат сіл, у тым ліку і эканамічных, якія атрымліваюць нешта ад гандлю з рэжымам, што абцяжарвае спыненне ўсіх эканамічных стасункаў. З палітычнага пункту гледжання, я думаю, што ЕЗ паказаў сваю сілу, з ухвалы большасці краін былі ўведзеныя санкцыі. Таксама я бачу, што ў маёй краіне, Швэцыі, санкцыі вітаюцца з усіх бакоў - і правага, і левага.

Думаю, што мы павінныя выкарыстоўваць не толькі санкцыі для ціску на рэжым, але і іншыя інструменты. Час прымяніць юрыдычныя працэсы, якія могуць быць мацнейшымі за санкцыі. Думаю, што час ацаніць магчымасць яго адпраўкі ў суд.

- У сеціве была даволі папулярнай фатаграфія з сустрэчы АБСЕ ў Стакгольме, дзе міністр замежных спраў Швэцыі размаўляе з кіраўніком МЗС Беларусі Макеем, але дэманстратыўна трымае рукі за спінай. Ці ёсць у Еўропе разуменне таго, што рэжым Лукашэнкі павінен заставацца нерукапаціснутым?

- Паглядзіце, як цёпла сустрэлі Святлану Ціханоўскую ў Брусэлі, дзе яна паціснула рукі і правяла сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаў. Я б нават сказала, што гэтая сустрэча, дзе яна выступіла з прамовай, была адным з наймацнейшых момантаў гэтага года. Атмасфера і цёплы прыём былі проста цудоўныя. Прадстаўнікі дыктатараў могуць выступаць на падобных сустрэчах, як была ў Стакгольме, але ніхто не ўспрымае іх усур'ёз. Нават для іх гэта таксама відавочна.

- Вы вельмі шмат казалі пра суд над Лукашэнкам. Ці можа ЕЗ ініцыяваць трыбунал, каб дапамагчы пакараць вінаватых у злачынствах супраць беларускага народа, а таксама мігрантаў?

- Заўсёды складана стварыць структуру для прыцягнення да адказнасці лідараў рэжымаў. Аднак у нас ёсць магчымасці ў галіне міжнароднага права. Мы павінны рухацца наперад на аснове і іншых канвенцый, якія рэгулююць, напрыклад, бяспеку ў паветры. Калі мы хочам бачыць Лукашэнку ў турме, то павінны выкарыстоўваць усе законныя магчымасці. Магчыма, нават не адну.

Акрамя таго, у розных краінах ЕЗ існуюць розныя спосабы прыцягнення рэжыму да адказнасці. Мы мусім ацаніць і вызначыць эфектыўныя метады для прасоўвання наперад. Маё жаданне - у 2022 годзе ўбачыць Лукашэнку ў судзе.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках