29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арцём Чэрнікаў: Якія яшчэ патрэбныя трыгеры, каб усім заставацца дома?

1
Арцём Чэрнікаў: Якія яшчэ патрэбныя трыгеры, каб усім заставацца дома?

Цяпер страйк – адзіны метад не дазволіць адабраць у нас краіну.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў актывіст страйкаму «Гродна Азот» Арцём Чэрнікаў.

- Вы падтрымалі заклік Сяргея Дылеўскага застацца дома з 1 лістапада. Чаму, на вашу думку, гэта так важна?

- Любая ініцыятыва, накіраваная ў бок паляпшэння сітуацыі ў краіне, важная. Ідэя страйку была адной з самых першых тэм пасля жорсткасці сілавікоў на вуліцах краіны. Узгадваючы сусветны досвед і самыя буйныя забастоўкі, не застаецца сумненняў, што ў Беларусі гэта можа стаць адным з самых ключавых момантаў у мірным развязанні канфлікту паміж уладамі і беларускім народам.

Застацца дома - найлепшы варыянт забастоўкі падчас пандэміі. Некаторыя ў Беларусі называюць гэты метад страйку «народным лакдаўнам». Па тым чынніку, што ўлады не клапоцяцца аб захаванні нормаў у сферы аховы здароўя ў той час, як людзі паміраюць сотнямі. А ўлады заплюшчваюць на гэта вочы і скасоўваюць нават самыя элементарныя метады абароны насельніцтва.

- Як, паводле вашай інфармацыі, ідуць справы на «Гродна Азоце», дзе вы працавалі. У апошні час на заводзе шмат аварый. З чым гэта звязана?

- На «Гродна Азот» вельмі шмат людзей былі на бальнічных яшчэ да аб'яўлення агульнанацыянальнага страйку. А з 1 лістапада гэта колькасць значна вырасла. Таксама вядома, што некаторыя ўзялі адпачынкі за свой кошт. Думаю, у працэсе страйку колькасць тых, хто далучыўся да яго, будзе расці. Бо ад гэтага залежыць многае.

Апошні прыпынак вытворчасці на «Гродна Азот» адбыўся 15 кастрычніка ў цэху «Аміяк-3». Надзвычайнае здарэнне адбылося менш, чым праз тыдзень пасля запуску абсталявання, праз чаго спатрэбілася спыніць таксама цэх «Карбамід-3», бо гэтыя два цэхі звязаныя паміж сабой. Можна зрабіць высновы, што якасць рамонтных прац прыкметна знізілася, калі абсталяванне і тыдзень пасля запуску не можа адэкватна працаваць. Думаю, што гэта звязана з тым, што зменшылася колькасць сапраўды класных спецыялістаў, а набор на прадпрыемства праз адтоку кадраў стаў вельмі «лаяльным» да людзей без прафесійнай адукацыі.

- Нядаўна ў Сеціве з'явілася расследаванне пра Ігара Ляшэнку. Як уплывае на працоўных інфармацыя аб тым, што кіраўнік прадпрыемства жыве шыкоўным жыццём, нягледзячы на дрэнныя вынікі працы «Гродна Азота»?

- Ад новага дырэктара ніхто і не чакаў нічога добрага. Зразумела было, што ён едзе на прадпрыемства ўстанаўліваць свае парадкі. Пра яго ранейшыя месцы працы ўсё даведаліся, знайшлі знаёмых і загадзя спыталі, што за чалавек. Станоўчых водгукаў аб ім з ранейшых месцаў працы практычна не было.

Тых, хто прачытаў расследаванне, асабліва здзівіла месца прапіскі, у памяшканні ў Драздах у рэзідэнцыі Лукашэнкі. Былі і жарты на гэты конт.

- Як страйк можа развязаць праблемы работнікаў прадпрыемства?

- Па-першае, гэта вырашыць агульную праблему беларусаў, зменіць ход падзей на нашу карысць.

Па-другое, працоўныя зразумеюць, што яны сапраўды могуць вырашаць пытанні калектыўна. І тады, любы адыёзны кіраўнік, будзе баяцца зрабіць працоўнаму класу нешта не так. Урэжа колькасць працоўнага адзення - страйк. Урэжа прэмію - страйк.

Рабочыя ўсведамляюць, што паляпшэнне іх жыцця залежыць толькі ад іх. Досвед страйку ў Беларусі, пойдзе на карысць усім людзям з гэтай жа прычыны. Страйк - гэта наша канстытуцыйнае права. А Канстытуцыя вышэйшая за любыя кодэксы, якія бясконцую колькасць разоў перапісваліся.

- 4 лістапада самазванец Лукашэнка падпісаў «саюзныя праграмы» з Расеяй. Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў у сувязі з гэтым заявіў, што грамадзянін Лукашэнка здзейсніў дзяржаўную здраду. Што павінны рабіць беларусы зараз для абароны суверэнітэту краіны?

- Лукашэнку ўжо даўно здрадзіў беларускаму народу. Цяпер у дадатак яшчэ і прадаў за свае запазычанасці. У мяне толькі пытанне да некаторых «дэмакратычных сіл»: няўжо вы думалі, што ён гэтага не зробіць? Калі гэта не трыгер, то што ўвогуле можа быць трыгерам? Зразумелая справа, што ягоныя подпісы не з’яўляюцца сапраўднымі, бо ён не з’яўляецца законным «прэзідэнтам». Але сама гэтая сітуацыя з'яўляецца абуральнай. Лукашэнка - злачынец, які павінен сядзець у турме. А міжнароднай супольнасці і дэмакратычным сілам час зразумець, што гуляць з дыктатарам у разы даражэй для ўсіх, чым спыніць любыя ўзаемаадносіны з ім.

Беларусы павінны ўзяць сітуацыю ў свае рукі. У нас краіну па факце спрабуюць забраць. І для аднаўлення законнасці, трэба проста застацца дома. Лепшай ініцыятывы зараз проста няма. Страйк - мірны метад. Гэта павінна быць ясна як двойчы два. Спыніць краіну трэба было яшчэ раней. Але зараз сітуацыя проста жахлівая і ўсім трэба сканцэнтравацца на адным - сыход Лукашэнкі і мірная змена ўлады.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках