25 красавiка 2024, Чацвер, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аб кампенсацыі за падатковы манеўр можна забыцца?

4
Аб кампенсацыі за падатковы манеўр можна забыцца?

Беларусь можа недалічыцца амаль 10 мільярдаў даляраў.

Нягледзячы на гучныя заявы аб падпісанні ўсіх інтэграцыйных мапаў Расеі і Беларусі, у тым ліку ўзгаднення кампенсацыі ад падатковага манеўру старэйшага брата, поўнай яснасці на гэты конт дагэтуль няма, піша ej.by.

Страты беларускага бюджэту ад падатковага манеўру ў нафтавай сферы Расеі ацэньваюцца ў 2022 годзе на 500 млн рублёў пры кошце нафты маркі Urals 60 даляраў за барэль. Гэта вынікае з тлумачэнняў да праекту бюджэту на наступны год. Пры гэтым улады Беларусі спадзяюцца ўсё ж атрымаць ад РФ кампенсацыю за манеўр.

Параметры падатковага манеўру прадугледжваюць штогадовае зніжэнне ў 2019-2024 гадах стаўкі вывазнога мытнага падатку на нафту (на 5 адсоткаў за год) з давядзеннем яго да нуля да 2024 года пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ).

На ацэнкІ Мінфіна Беларусі, за 6 гадоў Беларусь можа недалічыцца на манеўры амаль 10 млрд даляраў. З іх траціна сумы прыпадае на абнуленне падаткаў, а астатняя - на пагаршэнне сітуацыі на нафтаперапрацоўчых заводах. У 2021 годзе сумарныя страты беларускага бюджэту і НПЗ ацэньваюцца на 400 млн даляраў, піша «Ежедневник».

На наступны год парадак упушчанай выгады можа быць падобным. Напрыклад, у 2022 годзе Беларусь можа не далічыцца 115,3 млн рублёў ад паступлення вывазных мытных падаткаў на паліва. Улічваючы, што стаўкі вывазных мытных падаткаў на нафтапрадукты прывязаныя да стаўкі экспартнага падатку на нафту, гэта вядзе да зніжэння паступленняў даходаў бюджэту ад экспарту нафтапрадуктаў. Акрамя таго, чакаецца павелічэнне аб'ёмаў светлых і змяншэнне аб'ёмаў цёмных нафтапрадуктаў у выніку мадэрнізацыі вытворчасці.

Пры гэтым экспарт цёмных нафтапрадуктаў абкладаецца мытнымі падаткамі ў суме 100% падатку на нафту, а светлых - 30% падатку на нафту, што прывядзе да зніжэння даходаў бюджэту на 197,8 млн рублёў. Таксама магчымае зніжэнне аб'ёму імпарту нафты ў Беларусь з 16 да 12,6 млн тон, што таксама прывядзе да стратаў яшчэ 181,2 млн рублёў.

Што да аб'ёмаў нафты, то пакуль канчатковай інфармацыі на гэты конт няма. Віцэ-прэм'ер Юрый Назараў паведаміў, што да канца 2021 года НПЗ у Мазыры і Наваполацку перапрацуюць 16,8 млн тон сыравіны, што практычна на 0,5 млн тон больш, чым у 2020 годзе. «Мы думаем, што гэта на сёння аптымальная загрузка», - адзначыў віцэ-прэм'ер. Іншая справа, што расейскія нафтавікі перыядычна прапануюць павялічыць кошт сыравіны для Беларусі, бо «рызыкоўна працаваць» праз заходнія санкцыі ў дачыненні да «Нафтана» і экспарту часткі нафтапрадуктаў.

Зрэшты, ключавая праблема для Беларусі ад манеўру ў росце кошту расейскай нафты. Справа ў тым, што Беларусь купляе сыравіну ва ўсходняга суседа ў прывязцы да сусветных каціровак за мінусам экспартнага падатку. Аднак рэалізацыя падатковага манеўру ў Расеі набліжае кошт нафты для беларускіх НПЗ да сусветнага. Калі ў 2018 годзе заводы куплялі нафту коштам блізу 75% ад сусветнага, то ў 2021 годзе - ужо 88-90% ад сусветнага. У наступным годзе розніца можа стаць яшчэ меншай.

Тэма кампенсацыі падатковага манеўру гучала з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі ўсё лета. У чэрвені ён заявіў, што Беларусь і Расея дасягнулі прынцыповай дамоўленасці ў мінімізацыі стратаў беларускіх НПЗ ад падатковага манеўру ў Расеі з 1 студзеня 2022 года. Урадам даручана канчаткова адпрацаваць гэту схему.

Падтрымка Беларусі ў сувязі з падатковым манеўрам у Расеі была адной з тэм ліпеньскай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў у сваю чаргу заявіў аб крэдытнай падтрымцы Беларусі ў сувязі з гэтым пытаннем.

9 жніўня падчас «Вялікай размовы» Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць зрухі ў пытанні кампенсацыі падатковага манеўру.

«З нашага боку таксама былі абавязальніцтвы, мы іх выканалі і зрабілі першы крок. Гэта ў суме блізу 50 адсоткаў. Мы не хочам нейкую суму, мы хочам, каб нашы прадпрыемствы нафтаперапрацоўкі (а гэта іх тычыцца) былі ў роўных умовах з расейскімі хаця б у гэтым плане», – сказаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што ад увядзення падатковага манеўру пацерпяць толькі беларускія прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць расейскую нафту. Расея ж увяла для сваіх нафтавых кампаній механізм субсідавання ў рамках манеўру.

9 верасня Уладзімір Пуцін паабяцаў Беларусі выдзеліць крэдыты да канца 2022 года на 630-640 млн даляраў. Пазней рэйтынгавае агенцтва S&P увязала гэтыя грошы з частковай кампенсацыяй Беларусі страт ад падатковага манеўру ў нафтавай сферы РФ.

Аднак ні пацверджання, ні зняпраўджвання гэтай інфармацыі не было. Таму, нягледзячы на заявы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі, пытанне аб кампенсацыі за падатковы манеўр дагэтуль застаецца адкрытым.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках