20 красавiка 2024, Субота, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як журавіны дапамаглі берасцейцы, якая перахварэла на COVID-19, аднавіцца пасля хваробы

3
Як журавіны дапамаглі берасцейцы, якая перахварэла на COVID-19, аднавіцца пасля хваробы

Гэтыя ягады можна збіраць і зімой, і па вясне.

«Брестская газета» даведалася, колькі сёння каштуюць адны з самых карысных дзікарослых ягад (журавіны) і распытала пра іх шматлікія гаючыя ўласцівасці.

За літровы слоік гандляры просяць 7 руб. (за 1 кг выходзіць 11 руб). Але тыя, хто мае які-ніякі досвед іх збору, паставіцца да такога кошту спакайней. Як і тыя, хто пасля цяжкай хваробы зноўку адкрыў для сябе гаючыя ўласцівасці «кіслага шарыка» (у перакладзе з латыні).

Адна з пакупніц, берасцейка Святлана, якая збіралася забраць з рынку два літровыя слоікі ягад, распавяла:

«Са мной штосьці дзіўнае творыцца. Ніколі да гэтага не ела столькі журавін. А калі перахварэла на ковід, стала есці іх з нейкай смагай.

Калі сыходзіла з лякарні, лекары выпісалі два рэцэпты: на лекі супраць тромбаў і вітамін С у выглядзе парашка. Раствораны вітамін не прыйшоўся па смаку. Затое захацелася журавін. Не магла дачакацца, калі пайду на рынак.

Шмат журавін за раз не купляю: адзін-два літры, і з'ядаем з сямейнікамі хутка. Заканчваецца - купляю яшчэ. Дома ягады маю і перацёртыя з цукрам у місцы драўлянай таўкучкай. У адрозненне ад «гатовага» вітаміну атрымліваю толькі задавальненне. Прыкметна дадалося сіл і бадзёрасці, палепшыўся настрой. Захацелася нават перачытаць, што ж у іх, журавінах, такога карыснага. Даведалася, што добра ўплываюць на імунітэт і сон, шкодныя рэчывы выводзяць, аднаўляюць пасля цяжкай хваробы...усё, як у мяне».

«На жыццё стае»

Пагаварылі журналісты і з тымі, хто дастаўляе на берасцейскі рынак гэты выдатны «кіслы шарык», які вырас на балотах Пружанскага, Драгічынскага, Пінскага і іншых раёнаў Берасцейшчыны. Адзін з іх Дзяніс. Сталыя пакупнікі яго ведаюць.

Адкуль? З Клепачоў, вядома. Вёска Клепачы, што ў Пружанскім раёне, кіламетрах у 20-ці ад райцэнтра, – адно з самых вядомых месцаў, адкуль у Берасце паступаюць журавіны. Балоты там знатныя.

Дзяніс жыве з сям'ёй у Берасці. А калі пачынаецца журавінавы сезон, займаецца нарыхтоўкай ягадаў у Клепачах, а то і яшчэ далей залазіць, на Альманскія балоты. А потым прадае на берасцейскім рынку. Запасу для гандлю стае да Новага года або даўжэй.

Сезон нарыхтоўкі журавін сёлета пачаўся 4 верасня. Былі гады, што і раней ягады спелі - 25-26 жніўня.

«Заробак? - перапытвае Дзяніс. - На жыццё стае. Працуем «сямейным падрадам». Памятаю, як першы раз прыехаў у Клепачы. Ідзем, ідзем, калі ўжо балота?.. Калі прыйшлі, цесць даў грабянец, і я хутка налаўчыўся. Праз тры гадзіны выходзім - мяшок нагрузілі, а яшчэ данесці трэба па гразі ды па купінах. Дома зняў майку - хоць выціскай, думаў, сэрца спыніцца. А паглядзіш, як жанчыны працуюць... пякельная праца.

Ды і дома працы з імі: кожны дзень перабіраць трэба, прыбіраць падгнілыя ягады. 7 руб за літр журавін - таксама нятанна, трэба, каб таварны выгляд быў, і каб людзі былі задаволеныя».

Здаецца, пра журавіны маладзён ведае ўсё: і дзе збіраць, і як захаваць.

«Прыйшлі дадому, залілі вадой - яны да двух гадоў могуць стаяць. – прадаўжае ён свой аповед. - Неяк мы знаёмага пачаставалі журавінамі. Ужо прайшло два гады, ён зайшоў у склеп, а ягады хоць бы што, зверху толькі лёгкая белая плёнка з'явілася. Раней у дубовых бочках захоўвалі. Вадой залівалі - і стаялі. Можна яшчэ з цукрам перацерці. Такая колькасць вітаміну С і антыаксідантаў толькі ў журавінах ёсць.

Гэтыя ягады можна збіраць і зімой, і па вясне. Падмарожаныя журавіны з саладкаватым смакам, морс цёмны, насычаны. Бывала, перабіраем ягады, а адкіды пад кусты буякоў падсыпаем. А вясной разграбаеш мох, трапіцца пару ягад - яны мякчэйшыя сталі, але ляжаць».

«На рынку кожная партыя ягад правераная на радыенукліды»

«Некаторыя пакупнікі сумняваюцца: маўляў, калі журавіны са Столінскага раёна, з Альманскіх балот, то яны брудныя па радыенуклідах, - прадаўжае адукоўваць нас Дзяніс. - Насамрэч гэта не так. Забруджванне тэрыторыі пасля аварыі на ЧАЭС адбывалася плямамі. На Альманах ёсць месцы, дзе журавіны чысцейшыя, чым ва ўсёй рэспубліцы»

Вызначыць на вока, дзе радыеактыўная прадукцыя, немагчыма. Але ёсць адно залатое правіла, якое пакупнікі не заўсёды ведаюць. Яно абвяшчае: купляць дзікарослыя ягады трэба толькі ў месцах санкцыянаванага гандлю, дзе на радыенукліды правяраецца кожная партыя. І не саромецца пытацца ў прадаўцоў сертыфікат. Вось як выглядае гэты дакумент.

Дапушчальная канцэнтрацыя радыенуклідаў, бяспечная для арганізма, - 185 Бк/кг. Сітуацыя ў гэтым годзе на берасцейскім рынку абнадзейлівая. Як распавялі супрацоўнікі лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспэртызы, у гэтым сезоне ні ў адным з узораў не выяўлена перавышэння па цэзіі-137. Хоць на рынку «Юбілейны» такое здаралася.

«Калі выяўляюцца забруджаныя радыенуклідамі ягады, уся партыя падлягае ўтылізацыі, – тлумачаць супрацоўнікі лабараторыі, – а прадаўцу не будзе выдзеленае месца для гандлю на рынку».

Яшчэ раз аб карысці журавін

Асаблівую каштоўнасць уяўляе мінеральна-вітамінавы склад журавін.

Вітамін С падтрымлівае працу імуннай сістэмы і нармалізуе стан скурных пакроваў. Вітамін Е умацоўвае зрок. Марганец неабходны для адэкватнага абмену рэчываў. Медзь паляпшае працу сардэчнай цягліцы.

Журавіны змяшчаюць шмат антыаксідантаў, якія зніжаюць актыўнасць хранічнага запалення і папярэджваюць развіццё злаякасных новаўтварэнняў.

Вітамін С і антыаксіданты паскараюць распад клетак тлушчавай тканкі, што павінна парадаваць людзей з лішняй вагой.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках