18 красавiка 2024, Чацвер, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Для нас і 30 рублёў маюць значэнне»: асаблівасці зніжак па-беларуску

7
«Для нас і 30 рублёў маюць значэнне»: асаблівасці зніжак па-беларуску

Як прайшла «чорная пятніца» ў Менску.

Карэспандэнтка «Салідарнасці» прайшлася па некалькіх гандлёвых цэнтрах і паглядзела, як выглядае «атракцыён нечуванай шчодрасці» на айчынны манер. І ці да пакупак цяпер менчукам.

Паводле падлікаў Белстата, на прадукты беларусы сёлета марнуюць амаль 40% сямейнага бюджэту. Таму пачалі пятнічны марафон з гіпермаркета буйнога рытэйлера, які заклікаў «паспець закупіцца на тыдзень ці нават на месяц наперад са зніжкамі да 65%».

Аднак, на здзіўленне, пакупнікоў тут было не больш, чым у кожную іншую пятніцу. Людзі з вазкамі метадычна хадзілі па зале, ыідавочна, акурат выглядаючы жаданыя зніжкі.

- Нешта не бачу я нічога такога, каб проста захацелася набыць, - падзялілася ўражаннямі са сваім спадарожнікам маладая жанчына. - Хіба што кава.

- Ну давай, раз ужо прыехалі, на тыдзень закупімся, як звычайна, - прапанаваў мужчына. - І паглядзім, што ўжо ёсць з навагодняга.

Дзве жанчыны сярэдніх гадоў у аддзеле марожаных прадуктаў ніяк не маглі адшукаць «зніжкавую» гарбушу, якая без зніжкі каштуе чамусьці, амаль як фарэль - пад 20 рублёў, яшчэ хтосьці ўпакоўкамі грузіў у вазок мінеральную ваду і туалетную паперу.

Але агулам ажыятажу не назіралася.

- А вы ўвечары прыходзьце, - кажа касірка на заўвагу, маўляў, замалыя зніжкі для «чорнай пятніцы», вось людзі і не ідуць. - Тут чэргі будуць, не праціснуцца!

Адмовіліся ад сумнеўнага задавальнення і паехалі ў наступны гандлёвы цэнтр, дзе акрамя гіпермаркета сабранае мноства брэндаў адзення і абутку, электроніка, ювелірныя вырабы – цікава, каму з іх удалося завабіць больш пакупнікоў?

Як высветлілася, у крамах адзення «чорную пятніцу» ўяўляюць сабе вельмі своеасабліва - прапануюць, напрыклад, «4 рэчы па цане 3», або «50% зніжка на другую рэч», або «да 50% на асобныя мадэлі».

- Слухай, ну зайшоў я ў Colambia, – на хаду кажа ў тэлефон мужчына. - Ну, разумееш, калі куртка каштавала 800 рублёў, а стала 650, я ўсё адно яе не куплю, бо ведаю, дзе танней.

Незадаволена абмяркоўваюць пятніцкі шопінг і дзяўчаты-студэнткі.

- Прашу: пакажыце, на што ў вас сёння зніжкі 50%, мне ківаюць на майкі са старой калекцыі. Майкі, Карл. У лістападзе.

- А мае джынсы як каштавалі 80 руб, так і вісяць. Хай самі тады носяць.

«Цяплей» стала толькі ў краме бытавой тэхнікі і электронікі, дзе ці ледзь не на кожным другім тавары красаваўся цэннік са зніжкай, а свабодных кансультантаў пакупнікі расхоплівалі, як гарачыя піражкі.

- Малады чалавек, вось мы з мужам нагледзелі мультыварку, а ваш калега параіў іншую мадэль. Растлумачце, калі ласка, па пунктах, чым яна лепш? – строга запыталася паджылая жанчына. - Для нас, пенсіянераў, і 30 рублёў маюць значэнне - іх сапраўды варта пераплачваць?

Лічбы зніжак тут, заўважаем, дзіўныя ў тым сэнсе, што не круглыя: 19,1%, або 26,2%, або 38,8%. Вялікіх зніжак не шмат, але на дарагой тэхніцы эканомія ўсё адно атрымліваецца істотная. Таму, высветліўшы, што мадэль лядоўні, якая спадабалася, са зніжкай каштуе на 400 рублёў танней, маладая пара наважвае адразу аформіць куплю.

- Напраўду, вядома, гэта не еўрапейскія зніжкі і не амерыканскія, але ў нашых умовах і 25% – ужо прыемна, - уздыхае дзяўчына.

Наступная на чарзе – крама мэблі і тавараў для дома, дзе яшчэ на ўваходзе пазначаныя прывабныя лічбы зніжак ад 20 да 70%. І яны быццам бы ёсць, але не ўсё так проста, як здаецца на першы погляд.

- Дзяўчына, – дакранаецца да пляча нейкая пакупніца, ледзь я прымаюся разглядаць сімпатычныя крэслы. - Дзяўчына, я асабіста купляла такія на кухню пару тыдняў таму, і каштавалі яны на 10 рублёў танней. А цяпер, нібыта са зніжкай даражэй!

Такія ж цуды цэнаўтварэння заўважаем у аддзеле пасцельнай бялізны, сістэм захоўвання, у хатнім тэкстылі, дзе на цэнніках тавары нібыта патаннелі, а фактычна не.

Затое парадаваў будаўнічы гіпермаркет па суседстве: па-першае, тут сумленна пазначана, што зніжкі дзейнічаюць толькі адзін дзень, а не «размазаныя» тонкім пластом на некалькі тыдняў, а па-другое, тут мы знаходзім сапраўдныя зніжкі – 85%. Праўда, дзейнічаюць яны на танныя тавары тыпу пластыкавых кантэйнераў, але ўсё ж знайсці тавары танней можна практычна ў кожным аддзеле.

Мабыць, таму і пакупнікоў даволі шмат. Адны карыстаюцца магчымасцю зэканоміць на электраінструментах, іншыя закупляюць матэрыялы для рамонту, пакуль у будаўнічай сферы зноў усё не падаражэла, трэція шкадуюць, што ва ўжо маляўніча аформленым навагоднім аддзеле зніжак пакуль няма.

Крамы цацак завабліваюць наведвальнікаў зніжкамі да 30% – зрэшты, вялікія зніжкі ў асноўным распаўсюджваюцца на айчынныя і расейскія тавары, або на недарагі асартымент.

- Добра, раз усё адно зайшлі - выбірайце, па ляльцы кожнай або лега на дваіх? - прапануе бацька дзвюм маленькім дочкам.

Але ў дзяўчынак свае планы і, здаецца, яны намагаюць на нятанных плюшавых гадаванцах.

Антылідарамі ў атракцыёне нечуванай шчодрасці аказваюцца вядомы панчошна-шкарпэткавы брэнд, зніжкі якога дасягаюць 15%, і сетка фастфуду, якая прапануе да пэўных катэгорый заказаў маленькі сок бясплатна.

- Эх, думаў, куплю любімага каньяку танней, а на яго зніжак няма, – скардзіцца сябру юнак, які выходзіць з віннага буціка.

– Піць шкодна, так што, мяркуй, зэканоміў, - аджартоўваецца той.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках