26 красавiка 2024, Пятніца, 0:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэмію Гедройца ўпершыню атрымала жанчына

1
Прэмію Гедройца ўпершыню атрымала жанчына

Інтэрв'ю з пісьменніцай Евай Вежнавец.

У Варшаве абвясцілі пераможцаў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца за найлепшую кнігу на беларускай мове, якую выдалі ў 2020 годзе. Сёлета пераможцай стала пісьменніца Ева Вежнавец з кнігай «Па што ідзеш, воўча?» (рус. «За чем ідешь, волче?»). Яна ж атрымала і спецыяльную прэмію «Еўрарадыё» – кніга выйдзе ў аўдыяфармаце. Пісьменніца Ева Вежнавец расказала ў праграме «Студыя Белсат» пра саму кнігу, свае ўражанні ад перамогі, а таксама пра цяперашнюю беларускую рэчаіснасць.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца сёлета адзначыла 10 гадоў свайго існавання. Пісьменніца Ева Вежнавец стала першай жанчынай, якая атрымала яе за ўсе гэтыя гады. Аўтарка кажа, што перамога стала для яе нечаканай.

«Я яшчэ нават не ўсвядоміла, бо гэта адбылося, шчыра кажучы, нечакана. Я марыла дабрацца да тройкі. Падчас сваёй імправізаванай прамовы я сказала, што калі нарэшце жанчына атрымае прэмію, то чаму б гэтай жанчыне не быць мной. І я была вельмі задаволеная, што гэтая жанчына я».

Пісьменніца мяркуе, што нават у беларускай літаратуры існуе няроўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі, аднак яна не бачыць у гэтым чыёйсьці канкрэтнай віны, а таксама заўважае, што сітуацыя паціху пачынае мяняцца ў лепшы бок.

«Грамадства не вінаватае, таму што змены ментальныя адбываюцца не адразу, іх трэба пачакаць, і трэба зрабіць пэўныя намаганні. Раней я меркавала інакш, але пасля рэвалюцыі 2020 года я пераканалася, што нашае грамадства вельмі згодлівае на развіццё, на новыя ідэі, яно не такое ўжо кансерватыўнае, і што нашы мужчыны проста золата нейкае. І я думаю, што ўсё будзе добра ў пэўнай будучыні, і спадзяюся ўбачыць гэтую будучыню».

Упершыню за 10 гадоў існавання прэмія імя Ежы Гедройца ўручалася не ў Беларусі, а за мяжой – у Варшаўскім універсітэце, што выклікана палітычным становішчам у нашай краіне. Ева Вежнавец кажа, што на цырымоніі ў яе былі супярэчлівыя пачуцці, бо цяпер многія яе калегі знаходзяцца за кратамі.

«Сум, прыгнечанасць, і нянавісць, і ўсё, што мы адчуваем, усё гэта было і там, але была адначасова радасць і надзея. Я думаю, што нас чакаюць светлыя часы, і на прэміі вось гэтае змешванне пачуццяў прысутнічала. І мы, вядома, успомнілі тых літаратараў, якіх мы цяпер бачым у каменных мяшках без паветра. Яны сядзяць там толькі таму, што яны людзі, якія думалі і гаварылі, і пісалі. Толькі за гэта выключна сядзяць Аляксандр Фядута, Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, Уладзімір Мацкевіч, Максім Знак».

Ева Вежнавец мяркуе, што неўзабаве і палітычная сітуацыя ў нашай краіне зменіцца.

«Я напісала сваё апавяданне “Хутка вылупіцца цмок” (рус. “Скоро вылупится дракон”) у 90-я і чакала, што гэты цмок беларускай рэвалюцыі вылупіцца ў 90-я. І з таго часу я столькі разоў памылялася, што я баюся прарочыць. Але інтуіцыя мая кажа, што гэтаму канцэнтраванаму злу не будзе дазволена знаходзіцца на паверхні доўга».

Кніга Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» стала другой для пісьменніцы, паводле словаў аўтаркі, твор прысвечаны найперш беларускім бабкам.

«Адчуванню рэчаіснасці і беларускасці я навучылася ад бабулі. І калі я пачула, што ЮНІСЭФ прапанаваў бабак, бабуляў, уважаць за перадачу вуснай спадчыны і чалавечнасці, перадачу традыцыі, я зразумела, што павінна напісаць пра беларускіх бабак. Таму што яна была не адна, я такіх бабак сустракала вельмі шмат. Дзяды паміраюць рана, і дзяды не цікавяцца такімі дробнымі рэчамі, якімі цікавяцца бабулі. Гэта, хутчэй за ўсё, не кніга, а адкрытая, жывая гаворка».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках