19 красавiка 2024, Пятніца, 12:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Герояў: 27 лістапада пачаўся «Слуцкі Збройны Чын»

4
Дзень Герояў: 27 лістапада пачаўся «Слуцкі Збройны Чын»

У гэты дзень адбыліся першыя баі паміж беларускімі паўстанцамі і сіламі бальшавікоў.

Два гады, з 1919 да 1920, ішла вайна паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Асноўныя баявыя дзеянні ішлі на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Скончылася яна падпісаннем Рыжскага міру 12 кастрычніка 1920 года. Нягледзячы на тое, што беларусы не былі нават запрошаныя на мірныя перамовы і яны праходзілі без іх удзелу, тэрыторыя нашай краіны была падзеленая паміж Польшчай і Савецкай Расеяй.

Гэтая падзея выклікала хвалю абурэння сярод прыхільнікаў незалежнасці Беларусі, якія не пакідалі надзеі на аднаўленне БНР, абвешчанай за два гады да гэтых падзеяў. У многіх раёнах краіны пачаліся ўзброеныя выступленні супраць Чырвонай арміі, якая надыходзіць з усходу.

Найбольшага поспеху дасягнулі дзеянні Слуцкага і Грозаўскага палкоў арміі Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёння гэтыя дзеянні вядомыя пад назвай "Слуцкі Збройны Чын".

Слуцк быў адным з самых вялікіх гарадоў на поўдні Цэнтральнай Беларусі, а сама гэта тэрыторыя – адным з самых багатых рэгіёнаў краіны, яе жытніцай. Яна адрознівалася традыцыйна высокім узроўнем адукацыі і моцным нацыянальна-дэмакратычным рухам, які падтрымлівалі і інтэлігенцыя, і сяляне.

Час, калі палякі адступілі, а Чырвоная армія яшчэ не прыйшла, беларускія патрыёты ў Слуцку выкарыстоўвалі для арганізацыі барацьбы за свабодную Беларусь, за ўсталяванне ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай у сакавіку 1918 года.

14 лістапада 1920 года быў скліканы з'езд, які абраў часовы ўрад – Раду Случчыны на чале з Уладзімірам Пракулевічам. Рада пачала стварэнне вайсковых фармаванняў, была абвешчаная мабілізацыя, якая прайшла вельмі актыўна сярод насельніцтва Слуцкага павета. У хуткім часе агульная колькасць ваенізаваных атрадаў склала больш за 5000 чалавек.

Рада сфармавала два палкі: Першы Слуцкі полк пад камандаваннем падпалкоўніка Ахрэма Гаўрыловіча і Другі Грозаўскі полк пад камандаваннем капітана Семянюкі. Характэрна, што Другі Грозаўскі полк быў сфармаваны выключна з моладзі. Гэтыя два палкі ўтварылі Слуцкую брыгаду пад камандаваннем капітана Пятра Чайкі. Камандаванне войскамі, у сувязі з набліжэннем Чырвонай арміі, было размешчанае ў мястэчку Семежава.

27 лістапада 1920 года пачаліся баі паміж беларускімі ўзброенымі фармаваннямі і савецкімі войскамі.

Слуцкая брыгада правяла некалькі паспяховых атак каля Капыля, Цімкавічаў і Вызны (цяпер – Чырвоная Слабада). Яе дзеянні падтрымлівала не толькі мясцовае насельніцтва, але і салдаты Чырвонай арміі, многія з якіх самі былі сялянамі з цэнтральных, "хлебных" рэгіёнаў Расеі. Яны ўжо на сабе ведалі, што нясе бальшавізм і пераходзілі на бок беларусаў ці проста дэзертыравалі.

Тады савецкае камандаванне змяніла тактыку і кінула на фронт часткі, сфармаваныя з башкіраў і кітайцаў. 4 снежня пачаўся новы наступ Чырвонай арміі, сілы якой шматразова пераўзыходзілі колькасць Слуцкай брыгады. Нягледзячы на колькасную перавагу ворага, ягоную жорсткасць і недахоп харчавання і амуніцыі сярод беларускіх войскаў, супраціў доўжыўся блізу месяца. Толькі 31 снежня 1920 года Слуцкая брыгада з баямі адышла на польскую тэрыторыю.

Частка салдатаў прадаўжала ўзброены супраціў савецкай уладзе ў складзе войскаў Булак-Балаховіча, Зялёнай арміі ды іншых партызанскіх фармаванняў.

Барацьба за свабоду ў Беларусі мае шмат гераічных старонак, але “Слуцкі Збройны Чын” істотна адрозніваецца ад іншых. Ён быў добра падрыхтаваны, меў выразную, яскравую палітычную праграму – незалежнасць і абарона БНР. Гэта была адна з першых акцыяў нацыянальнага руху з выразным праеўрапейскім кантэкстам. Лідары Рады Случчыны звярнуліся менавіта да еўрапейскай супольнасці з просьбай дапамогі ў барацьбе. На жаль, "старая" Еўропа праігнаравала просьбы беларусаў. Потым падобныя памылкі, а менавіта ігнараванне правоў невялікіх народаў, каб дагадзіць таталітарным дыктатурам, будуць здзяйсняцца не раз. Не раз Еўропа заплаціць за гэтыя памылкі вялізны кошт.

Хацелася б адзначыць яшчэ адзін бок тых падзеяў.

Усе салдаты Слуцкай брыгады, усе лідары нацыянальнага руху на Случчыне ведалі, што сілы ворага нашмат большыя і ўзброены ён нашмат лепш. Але ніхто пры гэтым не думаў, варта ваяваць ці не. Яны ішлі і ваявалі. Часам ішлі без зброі, часам ішлі без ежы і абмундзіравання. Тады ніхто не баяўся вайны за сваю краіну і яе будучыню. Бацькі з гонарам выпраўлялі сваіх сыноў абараняць радзіму і свабоду.

Гераізму, адвазе і мужнасці вучыць "Слуцкі Збройны Чын" нас, сучасных патрыётаў Беларусі. Толькі так, не думаючы пра сябе, не думаючы пра тое, наколькі моцны вораг, можна абараніць сваю свабоду і сваю краіну.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках