Мне прапаноўвалі грошы за скасаванне страйку
23- Сяргей Дылеўскі
- 28.10.2021, 14:04
- 46,578
Тэрміновы зварот лідара Беларускага аб'яднання рабочых.
Лідар Беларускага аб'яднання рабочых Сяргей Дылеўскі звярнуўся да беларусаў:
- Дарагія свабодныя беларусы! 25 кастрычніка мы, Беларускае аб'яднанне рабочых, абвясцілі пра пачатак агульнанацыянальнай забастоўкі з 1 лістапада 2021 года. Вялікі дзякуй тым актывістам, структурам і палітыкам, якія падтрымалі стачку. Нас ужо сотні тысяч, і нас будуць мільёны.
Таксама апошнімі днямі мы сутыкнуліся з неймаверным ціскам, каб мы адмовіліся ад сваёй пастановы. На наступны дзень пасля абвяшчэння даты забастоўкі да мяне прыйшлі былыя (?) супрацоўнікі міліцыі і сталі актыўна пераконваць скасаваць страйк. Яны нават прапанавалі мне грошы, каб я адмовіўся ад нашай пастановы. Але мы не здаемся і не адступім ад сваёй пазіцыі. Страйку з 1 лістапада быць!
Страйк патрэбны менавіта цяпер:
- Большая частка супрацоўнікаў прадпрыемстваў ужо на лістках непрацаздольна сці. Штодзень у краіне памірае блізу 300 чалавек.
- На прадпрыемствах востры дэфіцыт работнікаў.
- Звальненні актывістаў на Добрушскай фабрыцы - гэта і ёсць тая самая «аптымізацыя» працэсаў, калі звальняюць найбольш актыўных. Калі мы не пакажам сваю сілу цяпер, большасць актыву будзе звольненая і арыштаваная.
- Бо ў «чорных спісах» улады тысячы і тысячы людзей. Далей рабіць забастоўку не будзе з кім.
- Калі мы перанясем страйк хаця б на месяц, мы страцім амаль 9000 жыццяў.
Час дзейнічаць! Мы на правільным шляху. Мы не маем права марудзіць і пераносіць дату пачатку забастоўкі на нявызначаны тэрмін! Кожны дзень прамаруджвання каштуе сотні чалавечых жыццяў.
Заклікаю ўсіх актывістаў дэмакратычных сіл і рабочага руху, працоўных усіх сфер грамадства падтрымаць пачатак страйку з 1 лістапада 2021 года. Ад вас залежаць чалавечыя жыцці і будучыня нашай краіны. Мы павінны дапамагчы медыкам, абвясціўшы народны локдаўн.
Жыве Беларусь!
Страйку быць!
Нагадаем, лідар Беларускага аб'яднання рабочых Сяргей Дылеўскі заявіў аб пачатку забастоўкі 1 лістапада.