25 красавiка 2024, Чацвер, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лякарні без кіслароду і перагружаныя аддзяленні: ВВС расказала праўду пра каранавірус у Беларусі

23
Лякарні без кіслароду і перагружаныя аддзяленні: ВВС расказала праўду пра каранавірус у Беларусі
ФОТА: ТАСС

Што, акрамя статыстыкі, хаваюць улады?

У кастрычніку сярэднедзённае захворванне Covid-19 у Беларусі - блізу 2 тысяч выпадкаў - стала рэкордным за ўвесь час з пачатку пандэміі. Паводле неафіцыйных звестак, колькасць тых, хто заразіўся каранавірусам, можа быць у дзясяткі разоў вышэйшай. Нягледзячы на рэкордную статыстыку Міністэрства аховы здароўя і нізкія паказчыкі вакцынацыі, Лукашэнка скасаваў абавязковае нашэнне масак і заклікаў не прымушаць людзей рабіць прышчэпку. Лекары, якія пакінулі краіну пасля пратэстаў, абвінавачваюць уладу ў хлусні і адмаўленні рэальнасці.

Расейская служба ВВС расказвае, што цяпер адбываецца з Covid-19 у Беларусі, і як мянялася пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да каранавіруса з пачатку пандэміі.

Разыходжанне ў лічбах

"Сітуацыя з Covid-19 у краіне выклікае асцярожны аптымізм. Асаблівых прэтэнзій пакуль выставіць не магу, але расслабляцца нельга. Шчыра дзякую вам", - заявіў Лукашэнка падчас наведвання чырвонай зоны Лідскай цэнтральнай раённай лякарні 26 кастрычніка.

Лукашэнка, акружаны лекарамі і службоўцамі ў медыцынскіх камбінезонах і рэспіратарах, спачатку не з першай спробы правільна надзеў маску, а потым папырскаўся антысептыкам - як калі б гэта быў адэкалон. Затым ён зайшоў да пацыенткі, якая ляжалай у палаце і параіў не пераймацца. "Жыць вы будзеце!" - запэўніў яе Лукашэнка і рэкамендаваў піць пабольш вады.

Апошнім часам правадыра можна было ўбачыць у каранавірусных аддзяленнях лякарань па ўсёй Беларусі ("Лукашэнка цікавіўся, цікавіцца і будзе цікавіцца гэтым пытаннем", - тлумачыць ягоная прэс-сакратарка), аднак "здаровы аптымізм", пра які кажа Лукашэнка, не заўсёды праглядаецца нават у афіцыйнай статыстыцы ад міністэрства.

У кастрычніку сярэднедзённае захворванне на Covid-19 (блізу 2 тысяч выпадкаў) стала рэкордным за ўвесь час з пачатку пандэміі. Пры гэтым кожны дзень у краіне, паводле афіцыйных звестак, памірае 13-17 чалавек. У першую хвалю міністэрства паведамляў пра тысячу выпадкаў заражэнняў на дзень у сярэднім.

Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі было зарэгістравана больш за 590 тысяч выпадкаў захворвання на Covid-19. За гэты час памерлі больш за 4500 чалавек "з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй" (менавіта такой фармулёўкі пільнуецца беларускае Міністэрства аховы здароўя).

Для параўнання, у суседняй Літве з насельніцтвам у тры разы меншым за Беларусь ад Covid-19 памерлі больш за 5,5 тысяч чалавек, у Польшчы - амаль 77 тысяч чалавек.

У Беларусі поўнасцю вакцынавана блізу 20% насельніцтва. У Латвіі, якая абвясціла новы лакдаўн, абедзве прышчэпкі атрымалі 51,8% жыхароў краіны.

З самага пачатку пандэміі беларускія апазіцыянеры і незалежныя СМІ абвінавачвалі ўлады ў замоўчванні рэальных лічбаў пра каранавірус. Яны гаварылі аб заніжанай удвая статыстыцы захваральнасці ў Менску. Яны цытавалі не названых з меркаванняў бяспекі лекараў, якія казалі, што смяротнасць толькі ў адной асобна ўзятай лякарні амаль роўная колькасці смяротных зыходаў па ўсёй краіне.

Фонд медыцынскай салідарнасці Беларусі (заснаваны для дапамогі супрацоўнікам сістэмы аховы здароўя, якія пацярпелі ад рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў) сцвярджае, што статыстыка захваральнасці і смяротнасці ад каранавіруса ў краіне можа быць заніжаная ў дзясяткі разоў. "Штодня толькі ў кожнай з перапрафіляваных пад Covid-19 лякарні Менска паміраюць ад 5 да 15 пацыентаў", - распавялі ВВС у гэтым фондзе.

12 кастрычніка выданне Zerkalo апублікавала матэрыял са звесткамі пра каранавірус у Менску, згодна з якім 7 кастрычніка ў сталіцы было выяўлена больш за тры тысячы выпадкаў захворвання Covid-19 (дакумент быў адпраўлены супрацоўнікам сістэмы аховы здароўя). Міністэрства аховы здароўя сцвярджае, што тады па ўсёй Беларусі былі зарэгістраваны 1 тысяча 995 пацыентаў з Covid-19.

Ад масла да анкалогіі

Сваю "асаблівую пазіцыю" да каранавіруса Аляксандр Лукашэнка абазначыў адразу пасля таго, як пандэмія перакінулася на еўрапейскі кантынент у лютым 2020 года: неўзабаве многія краіны ЕЗ пачалі імкліва закрываць дзяржаўныя межы.

"Аднаму цяжка ў свеце ісці, асабліва супраць плыні. Але я ўсё ж такі прыняў пастанову, што мы не павінны закрывацца. А як можна закрыцца і не працаваць, калі на вёсцы сяляне сеюць?", - заявіў Лукашэнка ў красавіку 2020 года, абазваўшы заходнія краіны, якія абвясцілі лакдаўн, "пабітымі сабакамі".

Тады ж правадыр пачаў раздаваць парады што да таго, як "правільна" лячыцца ад каранавіруса: лянівым - пайсці прадыхацца, хворым - паесці масла (тлушчы яго са слоў Лукашэнкі дапамагаюць лёгкім змагацца з вірусам), пасядзець ля вогнішча ці хаця б выветрыць пакой.

У сакавіку 2020 года ў сацсетках разышліся кадры відэасюжэту аднаго з дзяржаўных СМІ, на якіх Лукашэнка ў хакейнай форме з клюшкай у руках расказвае журналістцы сваю версію да існавання пандэміі: "Вы бачыце каранавірус? Вось і я не бачу"!

У Беларусі правялі парад перамогі 9 траўня нягледзячы на тое, што шэсце скасавалі нават у Расеі, а праз чатыры месяцы Аляксандр Лукашэнка (які на той момант "перахварэў каранавірусам на нагах", як казаў ён сам) заявіў, што 97% беларусаў пераносяць Covid- 19 бессімптомна.

Аднак пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года Лукашэнка нечакана змяніў сваю пазіцыю: на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным ён разважаў аб пагрозе каранавіруса і нават падзякаваў прэзідэнту Расеі за тое, што беларусам дадуць вакцыну "Спадарожнік V". Сам Лукашэнка заявіў, што будзе прышчапляцца толькі беларускай вакцынай, якую абяцаюць пачаць вырабляць у 2023 годзе.

У снежні 2020 года ў Беларусі абвясціліі аб закрыцці наземных межаў - праўда толькі на выезд. Тады многія экспэрты казалі, што гэтая пастанова прадыктаваная не асцярогамі за здароўе людзей, а накіраваная на здушэнне пратэстаў, якія ахапілі краіну пасля прэзідэнцкіх выбараў (абмежаванні на выезд з краіны дзейнічаюць дагэтуль).

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка выставіў сваю гіпотэзу аб карысці захворвання. Выступаючы перад медперсаналам адной з гарадскіх лякарняў ён заявіў, што Covid-19 можа спрыяць лячэнню ракавых захворванняў.

"Анкалогія значна ўпала не таму, што людзі не звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, а таму, што нешта вось адбываецца такое", - заявіў Лукашэнка.

Расейскія і беларускія анколагі на гэта заўважылі, што правадыр як мінімум "памыляецца" - ва ўмовах пандэміі ва ўсім свеце не стае рэсурсаў на пацыентаў з іншымі дыягназамі.

З ботаксам і без

У кастрычніку 2021 года, калі сітуацыя з каранавірусам у краіне значна пагоршылася, Аляксандр Лукашэнка чарговы раз прадэманстраваў нежаданне прытрымлівацца "драконаўскіх метадаў" Захаду: ён скасаваў штрафы за адмову ад нашэння масак, назваўшы гэтую меру "здзекам з людзей" (сам ён на публіцы часта з'яўляецца без маскі), а таксама заявіў, што прымушаць людзей да вакцыны "дубінкай" не варта: "Я не люблю гвалт".

Неўзабаве пасля гэтага з вагонаў метро зніклі аб'явы аб выкананні маскавага рэжыму (карэспандэнт "Медыязоны" паведамляў, што памяткі сарвалі таксама з вокнаў тралейбусаў і аўтобусаў, а 22 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя скасавала абавязковае нашэнне масак.

"Лукашэнка выпісаў рэцэпт, як перажыць каранавірус і Міністэрству аховы здароўя, і МУС", - заявіла праз два дні вядоўца аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў.

23 кастрычніка вядучы праўладнага тэлеканала СТВ Яўген Пуставы заявіў, што Лукашэнка - "адзіны правадыр, які ў ковід не хаваўся ад народа па бункерах, а ад міністраў і журналістаў - з дапамогай тэлеканферэнцый", магчыма ківаючы на Уладзіміра Пуціна, які падчас пандэміі менш з'яўляўся на публіцы і праводзіў нарады дыстанцыйна.

"Бяссонныя ночы перажыванняў адбіваліся на твары Лукашэнкі - ботаксам не карыстаецца", - дадаў вядучы.

Словы патрапілі ў расейскія сацсеткі і медыя, Пуставому і яго калегам давялося здаваць назад і казаць, што меўся на ўвазе не Уладзімір Пуцін, а Джо Байдэн.

Сталовыя без кіслароду

Аб сітуацыі з каранавірусам на месцы даведацца цяжка: лекары ў Беларусі баяцца мець зносіны з журналістамі, асцерагаючыся звальненняў і крымінальных спраў. У асноўным інфармацыя паступае ад тых, хто паспеў з'ехаць за мяжу ці ананімна.

Расейская служба ВВС звярнулася па каментар аб сітуацыі з каранавірусам у Міністэрства аховы здароўя Беларусі; на момант публікацыі адказу атрымана не было.

Сузаснавальнік платформы "е-Здароўе" (якая дае онлайн-кансультацыі з лекарамі) і прадстаўнік апазіцыйнага Фонду медыцынскай салідарнасці Уладзімір Свіркоў кажа ВВС, што беларускія ўлады "адмаўляюць наяўнасць праблемы з каранавірусам".

"Усе разумеюць складанасць сітуацыі, аж да міністра аховы здароўя ўсе разумеюць, што ў краіне эпідэміялагічная катастрофа, - гаворыць Уладзімір Свіркоў. - Аднак з-за пазіцыі ўлады, яны не наважваюцца прымаць правільных дзеянняў, накіраваных на барацьбу з пандэміяй".

Ён мяркуе, што бягучая хваля каранавіруса ў Беларусі - найбольш цяжкая за ўвесь час з пачатку пандэміі: "Брак кадраў вышэйшы, сярод непрышчэпленых высокая смяротнасць, адчуваецца стомленасць медперсаналу, абсталяванне лякарняў горшае, пры гэтым пацыентаў больш. Гэты штам [Дэльта-лайт, які у краіне ўпершыню выявілі 25 кастрычніка] чакаўся яшчэ ў пачатку лета, але ігнараванне праблемы прывяло да таго, што мы маем".

Са звестак Фонду медыцынскай салідарнасці, аддзяленні для лячэння пацыентаў з Covid-19 у Беларусі перагружаныя больш як на 20%. Пад палаты абсталююць адсекі ў калідорах і сталовыя, дзе ўвогуле няма выхадных пунктаў падачы кіслароду.

Аднак Міністэрства аховы здароўя малюе іншую карціну: тэмпы прыросту захворвання на каранавірус зніжаюцца, колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на ШВЛ, змяншаецца на некалькі чалавек на дзень, а, напрыклад, у Гарадзенскай вобласці для лячэння пацыентаў з Covid-19 задзейнічана ўсяго 35 адсоткаў ад усіх ложкаў.

Адначасова з гэтым яшчэ 18 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя абвясціла аб прыпыненні ўсёй планавай медыцынскай дапамогі, каб "засцерагчы пацыентаў ад заражэння Covid-19". Аднак Лукашэнка раскрытыкаваў гэту пастанову, і 25кастрычніка міністэрства яе скасавала.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках