28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзевяць самых вар’яцкіх заяў Лукашэнкі аб каранавірусе

26
Дзевяць самых вар’яцкіх заяў Лукашэнкі аб каранавірусе

Кавід-ідыятызм як ён ёсць.

У апошні тыдзень Лукашэнка шчыльна заняўся тэмай барацьбы з каранавірусам. Вынікам гэтага сталі новыя скандальныя выказванні, якія нарабілі гуку ў Беларусі і за яе межамі.

Сайт udf абагульніў сумнеўныя заявы Аляксандр Лукашэнка і вылучыў самыя гучныя з іх.

Парады што да прафілактыкі: трактар, гарэлка, лёд і масла

Напраўду гэта былі розныя выказванні Лукашэнкі, зробленыя ў розныя дні пасля прыходу пандэміі ў Беларусі, але дзеля абсурднасці іх можна абагульніць.

«Там (у сяле) трактар вылечыць усіх. Поле ўсіх лечыць».

«Я чалавек не пітушчы, але апошні час жартам кажу, што гарэлкай трэба не толькі рукі мыць, але і, напэўна, штодзень 40-50 грамаў у пералічэнні на чысты спірт - труціць гэты вірус».

«Тут (на хакейнай арэне - рэдакцыя) няма вірусаў ніякіх. гэта лядоўня. Лепшага за спорт, асабліва лёд, нічога няма. Антывірусныя лекі, самае сапраўднае».

«А масла трэба цяпер есці, выяўляецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца з вірусамі. Калі спецыяліст, навуковец кажа, напэўна, не дурань. Вось я з досведу свайго яго ў гэтым падтрымліваю».

Заява аб "палыханні" ковіду ў Расеі

Пасля таго, як у сакавіку 2020 года ўлады РФ дзеля пандэміі наважылі «закрыць» мяжу з Беларуссю, Лукашэнка ў адплату публічна заявіў: «Расея ўся палае ад каранавіруса».

Магло падацца, што кіраўнік дзяржавы мае нейкую эксклюзіўную інфармацыю, але не. Урад Расіі назваў заявы Лукашэнкі дзіўнымі.

Сцвярджэнне, што ніхто ў Беларусі ад каранавіруса не памёр

Спачатку Лукашэнка сказаў:

«Ніхто ад каранавіруса ў нашай краіне не памрэ. Я публічна аб гэтым заяўляю. Гэта маё цвёрдае перакананне, грунтуючыся на аналізеу не толькі мінулых гадоў».

А наступны раз развіў думку:

«У нас у краіне не памёр ніводны чалавек ад каранавіруса. Ніводны! Яны памерлі ад букета хранічных хвароб, якія яны мелі… І дадаецца каранавірус».

Словы Лукашэнкі выглядалі шчырай маніпуляцыяй, бо менавіта ковід прычыняўся да ўзмацнення хранічных хвароб і смерцяў.

Заява аб перамозе над ковідам

Улетку мінулага года кіраўнік дзяржавы пайшоў яшчэ далей.

«Наша сістэма аховы здароўя выстаяла. Але мы не зніжаем градус барацьбы, хаця ўжо сёння можна сказаць - мы перамаглі», - сказаў Лукашэнка.

Неўзабаве Беларусь чакала новая хваля ковіду. А гэтай восенню яна змагаецца ўжо з чацвёртай - самай маштабнай.

Заніжэнне статыстыкі смяротнасці

Надоечы ў інтэрв'ю CNN кіраўнік краіны заявіў:

«У нас 6-8 чалавек памірае за дзень з падазрэннем на ковід. І мы ўсіх з патолагаанатамам правяраем. І не заўсёды гэта (каранавірус) пацвярджаем. У ЗША тысячамі гінуць, у Вялікабрытаніі сотнямі гінуць».

Але, па-першае, на той момант нават паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя штодзённа памірала больш за 12 чалавек. А, па-другое, медыкі публічна прызнаюцца, што гэтая статыстыка моцна заніжаная.

Незалежныя падлікі гавораць аб тым, што за год з пачатку пандэміі залішняя смяротнасць у краіне склала блізу 30 тысяч чалавек.

Парада ўдыхаць "сумесь"

Малапрыкметным у Беларусі, затое гучным у Расеі стаў нядаўні аповед журналіста Дзмітрыя Гордана. Паводле ягоных слоў, Лукашэнка пры асабовай сустрэчы раіў яму "рукі пырскаць сумессю і ўдыхаць - каб і ў лёгкія ішло".

Журналіст пажартаваў: «Лукашэнка - цяпер ён вялікі навуковец».

Выказванне аб тым, што нашэнне масак неэфектыўнае

На мінулым тыдні Лукашэнка скасаваў абавязковы маскавы рэжым, а ў аўторак патлумачыў сваю пазіцыю так: культуру выкарыстання ахоўных сродкаў маюць толькі лекары, а грамадзяне зазвычай не выконваюць усе захады засцярогі і рэкамендацыі пры нашэнні масак, таму іх выкарыстанне такім чынам неэфектыўнае.

Гэта ідзе поўнасцю насуперак рэкамендацыям САЗ і навукоўцаў з усяго свету.

Гіпотэза, што ковід гамуе развіццё раку

Яшчэ адно шакавальнае выказванне апошняга тыдня. Лукашэнка сказаў, што COVID-19 «прыціснуў» грып, а таксама звярнуў увагу на гіпотэзу, што адказ імуннай сістэмы на каранавірусную інфекцыю можа гамаваць развіццё пухлін.

Ужо праз некалькі дзён Лукашэнка абурыўся тым, што яго не так зразумелі:

«Але я ж не кажу, што ковід лечыць рак. «Вось такія факты. І дай божа, каб гэта было», - так было сказана».

Прызнанне, чаму ўлады не закупляюць заходнія вакцыны

Самае апошняе скандальнае выказванне Лукашэнкі.

«Нам падкідваюць гэтыя «опы», завязіце «Пфайзэр», «Джонсан і Джонсан», «Мадэрну» ды іншыя. Для чаго? Каб яны маглі прышчапіцца, атрымаць пашпарт і ехаць туды, да сваіх, інструкцыі атрымліваць. Каб на Захад выехаць. Вось для чаго ім трэба», - заявіў кіраўнік краіны.

Тым самым Лукашэнка паставіў свае палітычныя інтарэсы вышэй за клопат людзей аб уласным здароўі: частка беларусаў не давяраюць расейскай і кітайскай вакцынам, а вось заходнімі прышчэпку зрабілі б.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках