26 красавiка 2024, Пятніца, 2:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З аптэк зніклі ртутныя тэрмомэтры сярод чарговай хвалі COVID-19

7
З аптэк зніклі ртутныя тэрмомэтры сярод чарговай хвалі COVID-19

Беларусы ў шоку, што звычайныя ртутныя тэрмомэтры ў дэфіцыце.

Сярод чацвёртай хвалі каранавіруса шмат хто сутыкнуўся з праблемай куплі ртутных тэрмомэтраў у Баранавічах. Куды і чаму яны зніклі з аптэк, высвятляў intex-press.by.

Аб праблеме купіць у месце ртутны тэрмометр у рэдакцыю паведаміла жыхарка Баранавіч Наталля. Гараджанка днямі выпадкова разбіла свой стары ртутны тэрмомэтар, а купіць новы не здолела, хоць абышла дзеля гэтага не адну аптэку.

- Самае цікавае, што літаральна ўвесну я гэтак жа разбіла ртутны тэрмомэтар, тады наогул ніякай праблемы не было. А цяпер ні ў воднай аптэцы не змагла яго знайсці. Я ў шоку, ніколі б не падумала, што звычайныя ртутныя тэрмомэтры будуць у такім дэфіцыце, - распавядае Наталля. - У адной з аптэк мне сказалі, што цяпер усе яны, нібыта, ідуць у шпіталі, а ў аптэкі пастаўляюць ужо тое, што застаецца. Можа, так яно і ёсць.

Беларусцы нічога не заставалася, як купіць электронны тэрмомэтар.

- Я электронным тэрмомэтрам не надта давяраю: яны не такія дакладныя, дый батарэйка можа высіліцца ў кожны момант. Але давялося купляць, а што рабіць? - кажа Наталля.

«Раскупляюць імгненна»

Каб зразумець маштаб праблемы, для пачатку журналісты наважылі паглядзець базу аптэк Баранавіч у інтэрнэце. Выявілася, што ртутныя тэрмомэтры ў наяўнасці ўсё ж такі ёсць, праўда, толькі ў некалькіх аптэках і па адной штуцы, якія ўжо кімсьці зарэзэрваваныя. Дарэчы, каштуюць іртутныя тэрмомэтры ад 9 рублёў за штуку, у той час як цана электроннага стартуе ад 12 рублёў.

Пасля гэтага журналісты надумалі прайсціся па аптэках, каб пагаварыць з фармацэўтамі і зразумець, куды ж усё-такі тэрмомэтры зніклі і калі яны вернуцца.

- Мы не маем іртутных тэрмомэтраў. Мабыць, іх знялі з вытворчасці, - адрапартавала правізарка ў першай жа аптэцы ў тэкстыльным мікрараёне. - Паглядзіце ў дзяржаўных, бо, наколькі мне вядома, у прыватных аптэках вы нічога не знойдзеце.

Але і ў дзяржаўнай аптэцы недалёка ад цэнтра таксама паведамілі, што ртутных тэрмомэтраў у іх у продажу няма, «і калі будуць - невядома».

У краме медыцынскіх тавараў, куды таксама зайшлі па дарозе, паабяцалі прывоз найбліжэйшым часам і сказалі, што яны «маюць добрую альтэрнатыву - электронны тэрмомэтар», які, са слоў правізаркі, у дакладнасці не саступае ртутным.

- Іртутныя тэрмомэтры ў нас з'явяцца бліжэй да канца тыдня, і тое штук 10-12. На іх цяпер такі бум, што раскупляюць імгненна. Вы тэлефануйце перыядычна, - сказала фармацэўтка.

Увогуле, ва ўсіх аптэках, якія мы наведалі, іртутных тэрмомэтраў не было, а на пытанне, куды яны зніклі і калі з'явяцца, большасць супрацоўнікаў толькі моўчкі паціскала плячыма.

«Попыт павышаны праз эпідэмічную сітуацыю»

Як здолелі высветліць журналістам, іртутныя тэрмомэтры, якія паступаюць у продаж у Баранавічах, вязуць з Расеі ды Кітая.

І, як растлумачылі кіраўнікі ўстаноў, імі гандлююць, з пастаўкамі апошнім часам паўсталі праблемы.

- У кампаніі, дзе мы закупляем іртутныя тэрмомэтры, паўсталі нейкія праблемы з правядзеннем метралагічнай верыфікацыі прадукцыі, вырабленай пасля лютага 2020 года. Без гэтай верыфікацыі ртутныя тэрмомэтры не возьме ніводная аптэка. Таму пакуль прадаваць нам няма чаго, - растлумачыў Эдуард Брэслаў, дырэктар баранавіцкай філіі УП «Медтэхніка».

Некаторыя прадаўцы, са слоў кіраўнікоў аптэк, проста скарацілі аб'ёмы паставак.

- Праз узніклую эпідэмічную сітуацыю попыт на тэрмомэтры падвышаны, іх хутка раскупляюць. А ртутныя тэрмометры, да якіх насельніцтва прызвычаілася, у нас у краіне не вырабляюцца, мы вымушаны закупляць іх у расейскага прадаўца, які адпраўляе менш за тую колькасць, якую мы пазначаем ў заяўцы. Вось і выходзіць нястача, - патлумачыла Святлана Барткевіч, загадчыца Баранавіцкай ЦРА № 10.

Фармацэўты не магу дакладна сказаць, колькі часу будуць перапынкі з пастаўкамі і калі ртутныя тэрмомэтры зноў з'явяцца ў аптэках места. Таму раяць пераходзіць на электронныя тэрмомэтры.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках