У Латвіі пазбавілі ліцэнзіі апошні ў краіне тэлеканал, які вяшчаў на расейскай мове
11- 23.10.2021, 16:54
- 8,048
Першы Балтыйскі канал парушыў латвійскі Закон аб трансляцыі.
У Латвіі пазбавілі ліцэнзіі Першы Балтыйскі канал - апошні ў краіне, які вяшчаў на расейскай мове. 21 кастрычніка рэгулятар адклікаў у яго ліцэнзію, патлумачыўшы, што прычына адклікання - парушэнні Закона аб трансляцыі, у тым ліку распаўсюд ілжывай інфармацыі пра COVID-19, паведамляе «Настоящее время».
Першы Балтыйскі канал ствараўся для рэтрансляцыі праграм расейскага Першага канала ў краінах Балтыі. У Рызе ў Першага Балтыйскага была свая студыя і рэдакцыя. Мясцовыя журналісты здымалі перадачы пра жыццё ў Латвіі, а таксама ў Літве і Эстоніі і распавядалі пра тое, што адбываецца, на расейскай мове.
Кіраўнік Латвійскай рады ў электронных СМІ тлумачыць, што пазбаўленне ліцэнзіі на вяшчанне Першага Балтыйскага звязанае з парушэннямі. 51% праграм тэлеканала паводле закона павінен быць створаны ў краінах Еўропы, а гэтая прапорцыя не была выкананая. Яшчэ адно парушэнне - недакладная інфармацыя аб COVID-19 у адной з праграм: у ёй гаварылася, што калі есці селядзец, то на каранавірус не захварэеш.
Ліцэнзія Першага Балтыйскага ануляваная з 26 кастрычніка, але гэтую пастанову канал яшчэ можа аспрэчыць у судзе.