19 красавiка 2024, Пятніца, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у розных краінах стымулююць людзей прышчапляцца ад каранавіруса

1
Як у розных краінах стымулююць людзей прышчапляцца ад каранавіруса

Зрабі ўкол і выйграй кватэру.

У Расеі тым, хто прышчэпліваецца ад каранавіруса, даюць шанец выйграць кватэру. У некаторых штатах ЗША праводзяць грашовыя латарэі з прызавым фондам некалькі мільёнаў даляраў. У Польшчы акрамя грошай сярод прышчэпленых грамадзян разыгрываюць электронныя самакаты і гібрыдныя аўто. А на поўначы Тайланда мясцовыя ўлады праводзяць для прышчэпленых грамадзян розыгрыш кароў (і гэта працуе!). «Онлайнер» сабраў цікавыя спосабы, якімі ў розных краінах стымулююць людзей укалоць вакцыну ад COVID-19.

Розыгрышы кватэр і аўто

«Масквічы, якія зрабілі прышчэпку ад каранавіруса, змогуць выйграць кватэру», - такім паведамленнем на днях парадавала гараджан маскоўская мэрыя.

Узяць удзел у акцыі «Вакцына - твой ключ да здароўя!» проста: трэба мець маскоўскі поліс і жаданне прышчапіцца. Сярод тых, хто ўвядзе першы ці другі кампанент вакцыны ад каранавіруса ў найбліжэйшы месяц, гарадскія ўлады разыграюць 10 аднапакаёвых кватэр. Гучыць больш чым прывабна.

Гэта ўжо не першая спроба расейскіх уладаў прывабіць людзей на вакцынацыю з дапамогай разнастайных латарэй. Улетку была разыграная трохпакаёвая кватэра ў Падмаскоўі і аднапакаёвая ўва Уфе (і бонусам ішлі 10 модных смартфонаў).

Таксама летам у Маскве за вакцынацыю раздалі 20 аўтамабіляў Renault Logan, кожны коштам амаль 1 млн расейскіх рублёў ($14 тысяч).

Не забываем пра агульнарасейскую грашовую латарэю, якая праводзіцца кожны месяц і скончыцца 1 снежня. Усяго абяцаюць выбраць тысячу пераможцаў, кожнаму дастанецца па 100 тысяч рублёў ($1400). Удзельнічаюць усе, хто прышчапіўся да пачатку розыгрышу.

У дадатак паджылым жыхарам Масквы ўлады прапанавалі праграму «Мільён прызоў». Пасля першага ўколу пенсіянеры атрымліваюць падарункавую карту наміналам 1000 рублёў ($14) або промакод на аналагічную суму. Грошы можна выкарыстоўваць для куплі тавараў або аплаты паслуг у шэрагу крамаў, кавярняў і аптэк.

Латарэі з мільённымі прызамі

У некаторых амерыканскіх штатах сёлета запускалі буйныя грашовыя латарэі для тых, хто гатовы прышчапіцца ад каранавіруса. Сумы выйгрышу былі заяўленыя вялікія. Так, губернатар штата Нью-Ёрк паабяцаў пераможцу аж $5 млн, умовай было прышчапіцца ў адной з 10 дзяржаўных устаноў. Пазней у Нью-Ёрку прапанавалі пералічваць на карту па $100 усім, хто зробіць першую дозу прышчэпкі.

У штаце Агаё запусцілі латарэю Vax-a-Million і паабяцалі падзяліць $5 млн паміж пяццю ўдзельнікамі. Вось тут амерыканскія журналісты пісалі пра першую пераможцу, якой стала 22-гадовая дзяўчына Эбігейл Бугенске.

Часам латарэі праводзяць буйныя кампаніі. Напрыклад, Amazon гэтай восенню наважыў разыграць паміж сваімі супрацоўнікамі 18 прызоў агульным коштам амаль $2 млн. Можна выйграць буйныя сумы $100 і 500 тысяч, а таксама аплачаны адпачынак, турыстычны тур і іншыя прызы.

У Польшчы летам таксама запусцілі латарэю для прышчэпленых грамадзян. Кожнага 2-тысячнага ўдзельніка Дзяржаўнай праграмы вакцынацыі гарантавана заахвочваюць прызам у суме 500 злотых ($126). Раз на тыдзень праводзіцца латарэя, дзе паміж прышчэпленымі грамадзянамі разыгрываюць па 50 тысяч. злотых (блізу $12,5 тысяч) і электрычныя самакаты. Раз на месяц палякам прапануюць латарэю з прызам 100 тысяч злотых ($25 тысяч) плюс гібрыдны аўтамабіль. У фінале абяцаюць выбраць двух пераможцаў, якія атрымаюць па 1 млн злотых (блізу $253 тысяч) і гібрыдную машыну.

У Латвіі для павышэння тэмпаў вакцынацыі ўрад арганізаваў латарэю з прызамі ад 100 да некалькіх тысяч еўраў і галоўным выйгрышам 100 000 еўраў.

У некаторых еўрапейскіх краінах не праводзяць ніякіх латарэй, а проста раздаюць грошы і прызы ўсім, хто паспеў прышчапіцца да пэўнай даты. Так паступілі ў Сербіі, дзе прышчэпленыя хоць бы адной дозай да 31 траўня атрымалі па 3000 сербскіх дынараў (блізу €25).

А ў Славаччыне грошы раздаюць тым, хто пераканае невакцынаваных зрабіць прышчэпку. Сума прыза залежыць ад таго, у якім узросце знаходзіцца той, каго вы прыведзяце на вакцынацыю. За прышчэпленага славака да 50 гадоў актывісты могуць атрымаць €30, ад 50 да 60 гадоў - €60, а за тых — каму больш за 60 гадоў, - €90. І куды ж без латарэі. Штотыднёвы прызавы фонд у Славаччыне складае 2 млн еўраў. Максімальная сума выйгрышу - €100 тысяч, мінімальная — €1 тысяча.

І трохі дзівацтваў: селядзец, каровы і бясплатнае віно ў абмен на вакцынацыю

У Нідэрландах у якасці стымулу для вакцынацыі выкарыстоўваюць бясплатнага селядца. Не здзіўляйцеся: гаворка ідзе пра першыя партыі Hollandse nieuwe-традыцыйнага далікатэсу. Звычайна малады селядзец прадаюць з аўкцыёну, але сёлета яго размеркавалі па цэнтрах вакцынацыі і дораць усім, хто прыходзіць на ўкол.

А на поўначы Тайланда, у раёне Мэй Чаем, мясцовыя ўлады наважылі прывабіць людзей на вакцынацыю жывымі каровамі. Пачынаючы з чэрвеня кожны тыдзень там выбіраюць шчасліўчыка, які атрымлівае маладую карову коштам амаль 10 000 бат ($323). Кажуць, вясковыя жыхары вельмі цэняць кароў, таму пасля абвяшчэння аб розыгрышы ахвотных прышчапіцца значна дадалося.

У некаторых рэгіёнах ЗША мясцовыя ўлады таксама паказваюць крэатыў. Так, жыхарам Заходняй Вірджыніі прапанавалі латарэю, у якой за прышчэпку можна атрымаць пажыццёвую паляўнічую ліцэнзію і стрэльбу. У Алабаме тым, хто пройдзе вакцынацыю, далі магчымасць пракаціцца на хуткасным трэку, у Фларыдзе са зніжкай прапаноўвалі квіткі на рок-канцэрт, а ў штаце Нью-Джэрсі і Канэктыкут частуюць бясплатным віном і кактэйлямі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках