25 красавiка 2024, Чацвер, 4:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ходзіць па тонкім лёдзе

5
Лукашэнка ходзіць па тонкім лёдзе

Дыктатар сур'ёзна рызыкуе праз стаўленне да COVID-19.

На нарадзе ў панядзелак 19 кастрычніка Лукашэнка даў указанні наконт «прафілактыкі» каранавіруса. З ягоных слоў вынікае, што трэба адмовіцца ад кантролю за выкананнем маскавага рэжыму (тым больш ад штрафаў), а таксама не дапускаць прымусовай вакцынацыі.

Сайт udf пацікавіўся ў экспэртаў: як заявы Лукашэнкі будуць успрынятыя ў грамадстве і як паўплываюць на ягоную папулярнасць?

«Новы мэсэдж Лукашэнкі будзе скіраваны супраць яго»

Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» і доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч адзначыў, што новы мэсэдж Лукашэнкі будзе дзейнічаць супраць яго.

«Па-першае, пытанне аб каранавірусе - не аснова палітыкі Лукашэнкі. Па-другое, сярод ягоных прыхільнікаў шмат тых, каго можна назваць «ковід-дысідэнтамі», тых, хто падазрона ставіцца да прышчэпак і г.д. Але новы мэсэдж Лукашэнкі будзе скіраваны супраць яго ў нейтральным асяроддзі і асяроддзі праціўнікаў, дзе больш распаўсюджанае меркаванне, што маскавы рэжым і вакцынацыя важныя для захавання жыцця і здароўя», - сказаў Казакевіч.

СМІ, якія вывучылі звесткі, атрыманыя ад хакераў, што ўзламалі сістэму «Пашпарт», пішуць, што з сакавіка 2020 года (з моманту прыходу пандэміі) да сакавіка 2021 года надмерная смяротнасць у Беларусі склала 32 тысячы чалавек. Гэта значыць, у 14 разоў больш, чым паведамлялі ўлады.

Чаму Лукашэнка не прызнае гэтыя лічбы?

«Гэта нежаданне прызнаваць памылкі. Гэта, як і згода на новыя больш жорсткія захады, стала б прызнаннем таго, што палітыка ў барацьбе з каранавірусам да гэтага была неэфектыўнай і няправільнай, што яна была досыць легкадумнай. Прызнанне дадатковых смерцяў паставіла б пытанне, наколькі на кіраўніцтве краіны ляжыць адказнасць за смерці людзей», - мяркуе Казакевіч.

Палітолаг дадаў:

«Цяперашняя сітуацыя з ковід мае наступствы не толькі для здароўя канкрэтных людзей, але і для эканомікі. Рост захворвання цісне на сістэму аховы здароўя і прыводзіць да скарачэння працоўных рэсурсаў. Магчыма, гэта ці ледзь не адзіны фактар, які прымушае ўлады думаць і пра маскавы рэжым, і пра іншыя захады прафілактыкі. Але як бачым, нягледзячы на тое, што былі пэўныя пазітыўныя крокі ў гэтым кірунку, Лукашэнка аўтарытарнай пастановай ініцыяваў адкат назад».

«Хісткі фактар»

Палітолаг, акадэмічны дырэктара BISS Пётра Рудкоўскі адзначыў: цалкам магчыма, што частка насельніцтва з ухвалай прыме скасаванне практыкі штрафаў за адсутнасць масак.

«Але гэта вельмі хісткі фактар. Сітуацыя з ковідам у Беларусі кепская, а будзе, хутчэй за ўсё, яшчэ горшай. Таму грамадскія настроі на гэтай глебе могуць быць вельмі зменлівымі. Дапусцім, сёння большасць ухвальна прыме неабавязковасць масак, а заўтра гэтая ж большасць выбухне гневам праз жудасныя чэргі ў паліклініках, смерці іх блізкіх і адсутнасць якой-кольвечы дапамогі з боку дзяржавы», – мяркуе Рудкоўскі.

«Калі «прэзідэнт» мяркуе, што антыковідныя захады — лухта, а чыноўнікі ўсё ж уводзяць такія захады або самі іх прытрымліваюцца, то тым самым ставяць пад сумнеў уладу «прэзідэнта». Гэта страшэнна злуе Лукашэнку, настолькі, што нават цяпер, калі яму трэба берагчы лаяльных міністраў як зрэнку вока, ён не можа стрымацца», - мяркуе Рудкоўскі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках