Пуцін пагадзіўся абвясціць у Расеі непрацоўныя дні з 30 кастрычніка
6- 20.10.2021, 15:22
- 7,468
У некаторых рэгіёнах такі захад могуць увесці датэрмінова.
Уладзімір Пуцін пагадзіўся з прапановай віцэ-прэм'ера РФ Таццяны Голікавай аб увядзенні ў Расеі новага перыяду непрацоўных дзён у сувязі з пандэміяй COVID-19, паведамляе РБК.
У ліку іншых прапаноў Голікавай было:
Дазволіць допуск на асобныя аб'екты (у тым ліку на працоўныя месцы) выключна для прышчэпленых і перахварэлых на каранавірус пры прад'яўленні QR-кода;
перавесці на месяц на самаізаляцыю не прышчэпленых і не перахварэлых на каранавірус асоб, старэйшых за 60 гадоў.
На нарадзе Голікава таксама прапанавала грамадзянам устрымацца ад паездак у іншыя рэгіёны.
У рэгіёнах з найбольш складанай сітуацыяй рэжым непрацоўных дзён можа пачацца ўжо 23 кастрычніка.
19 кастрычніка віцэ-прэм'ер урада Таццяна Голікава прапанавала абвясціць непрацоўнымі дні ў перыяд з 30 кастрычніка да 7 лістапада для прадухілення росту захворвання на каранавірусную інфекцыю. З яе слоў, у некаторых рэгіёнах ўвесці такі захад можна з 23 кастрычніка.
Пуцін таксама сказаў кіраўнікам рэгіёнаў, што яны могуць устанавіць непрацоўныя дні датэрмінова - не чакаючы 30 кастрычніка.