30 лiстапада 2021, aўторак, 10:15
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерый Карбалевіч: Палітычныя самастрэлы Лукашэнкі паўтараюцца з зайздроснай упартасцю

9
Валерый Карбалевіч: Палітычныя самастрэлы Лукашэнкі паўтараюцца з зайздроснай упартасцю
Валерый Карбалевіч

На разгляд рэальных праблем сіл не застаецца.

Мінулы тыдзень паказаў, што галоўным кірункам усіх намаганняў уладаў працягвае быць барацьба за выжыванне кіроўнага рэжыму. Гэта праяўляецца як ва ўнутранай, так і ў замежнай палітыцы. На разгляд рэальных праблем краіны сіл не застаецца, піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Валер Карбалевіч.

Крах з самітам

14-15 кастрычніка ў Менску адбыліся саміты ЕАЭС і СНД. У парадку чаргі, іх пляцоўкай стала беларуская сталіца. Быццам бы нічога незвычайнага, шараговая падзея, руціна.

Аднак беларускае кіраўніцтва ўскладала вялікія надзеі на гэтыя саміты. Беларусь знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі, Лукашэнка востра мае патрэбу ў кантактах на найвышэйшым узроўні для пацвярджэння сваёй замежнапалітычнай легітымнасці. А такіх кантактаў відавочна не стае. Міжнароднае выгнанне цяперашняга рэжыму цяжка схаваць нават ад яго фанатаў, якія глядзяць БT.

Таму саміты ЕАЭС і СНД павінны былі паказаць, што ніякай ізаляцыі няма. А галоўным довадам гэтага павінна было стаць з'яўленне ў Менску прэзідэнтаў постсавецкіх дзяржаў. Маўляў, аб якой ізаляцыі, якім выгнанні можа ісці гаворка, калі ў краіне праходзяць два міжнародныя саміты.

Той факт, што зусім нядаўна, 16 верасня, саміт АДКБ у Душанбэ прайшоў офлайн, усяліў упэўненасць у планы афіцыйнага Менска. Толькі Пуцін тады не прыехаў, таму што людзі ў ягоным асяроддзі захварэлі на COVID, а астатнія лідары прысутнічалі ў сталіцы Таджыкістана ўжывую. А ў АДКБ уваходзяць практычна тыя ж краіны, што і ў ЕАЭС.

Таму Аляксандр Лукашэнка выпраменьваў аптымізм. 12 верасня знаходзячыся на вайсковым палігоне, ён абвясціў аб планах сустрэчы з Пуціным на саміце СНД у Менску 15 кастрычніка.

У той жа дзень прэс-сакратар расейскага лідара Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў гэтую інфармацыю: «Так, такія планы ёсць».

27 верасня кіраўнік выканкама СНД Сяргей Лебедзеў заявіў:

«Мы вельмі ўсе спадзяёмся, што пасяджэнне Рады кіраўнікоў дзяржаў пройдзе ў вочным фармаце. Цяпер пакуль ніхто з кіраўнікоў дзяржаў не адмовіўся ад удзелу ў вочным фармаце ў пасяджэнні ў Менску. І кіраўніцтва Беларусі, і Выканаўчы камітэт, размешчаны ў Менску, вядома ж, хочуць, каб гэта пасяджэнне прайшло ў вочным фармаце».

Інакш кажучы, усё складвалася так выдатна.

Аднак у апошні момант нешта пайшло не так. 11 кастрычніка стала вядома, што Пуцін у Менск не прыедзе. А потым высветлілася, што перадумалі і іншыя лідары постсавецкіх краін. Альбо яны атрымалі загад з Масквы, альбо самі правільна ўлавілі сігнал з Крамля. У Менск ніхто не прылятаў. Атрымаўся канфуз. У выніку саміты ЕАЭС і СНД прайшлі ў рэжыме онлайн праз відэасувязь.

Яшчэ раз звяртаю ўвагу на гэты нюанс. У Душанбэ хоць Пуцін не прыляцеў, астатнія лідары краін-чальцоў АДКБ прыбылі на саміт. А на менскіх самітах адсутнасць прэзідэнта РФ стала сігналам для аналагічнай пастановы ўсіх астатніх кіраўнікоў дзяржаў.

Чаму не прыехаў Пуцін? Не думаю, што прычына тут у ягоным здароўі. Бо ён праводзіць мерапрыемствы згодна са сваім працоўным графікам, у тым ліку сустракаецца з замежнымі палітыкамі.

Я мяркую, што адмова Пуціна прыехаць у Менск - гэта помста Крамля за знішчэнне «Комсомольской правды». Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, які знаходзіўся ў Менску на сустрэчы міністраў замежных спраў краін СНД, заявіў, што абмяркоўваў тэму функцыянавання расейскіх СМІ ў Беларусі з беларускім калегам Уладзімірам Макеем. Гэта значыць ён публічна агучыў гэтую праблему.

Дарэчы, Лукашэнка не прыняў Лаўрова, што даволі знакава. Бо Лукашэнка звычайна прымае губернатараў нават заняпалых расейскіх губерняў. А тут ён не сустрэўся з міністрам замежных спраў Расейскай Федэрацыі, вельмі значнай фігурай у асяродку Пуціна. Што пацвярджае астуджэнне стасункаў паміж Менскам і Масквой

Самастрэлы працягваюцца

І тут мы зноў вяртаемся да тэмы палітычных самастрэлаў, якія паўтараюцца з зайздроснай упартасцю, раз за разам. Гаворка ідзе пра тое, што беларускія ўлады ўласнымі не вельмі разумнымі дзеяннямі ствараюць праблемы самі сабе.

Пасадка самалёта кампаніі Ryanair дзеля захопу Рамана Пратасевіча справакавала рэальныя эканамічныя санкцыі ЕЗ і ЗША. Ці варта было гэтага?

Брутальны разгром «Комсомольской правды» астудзіў стасункі з Расеяй і сарваў саміты ЕАЭС і СНД у рэжыме офлайн. Цана, заплачаная беларускімі ўладамі за гэту пастанову, была вышэйшай за чаканую палітычную выгаду ад прыезду ў Менск лідараў краін СНД. Каму перашкаджала гэтая газета?

Яшчэ адзін свежы прыклад палітычнага самастрэлу – міграцыйны крызіс. Задумваючы гэтую спецаперацыю, афіцыйны Менск хацеў адпомсціць суседзям за іх пазіцыю, прымусіць Еўразвяз да перамоў на ўмовах беларускіх уладаў.

Аднак вынік быў зусім не такім. Па-першае, выправаджэнне ўладамі Польшчы і Літвы мігрантаў назад на беларускую тэрыторыю стварае праблемы ўжо для самой Беларусі. Мабыць, не выпадкова ў апошнія дні з'явілася інфармацыя, што беларускія ўлады пачынаюць згортваць гэтую кампанію. Грамадзяне з Сірыі, Егіпта, Афганістана, Пакістана, Емена, Ірана і Нігерыі больш не змогуць атрымаць візу ў аэрапорце Менска, як гэта было раней. Касуюцца рэйсы ў сталіцу Беларусі з блізкаўсходніх гарадоў - нават тыя, квіткі на якія ўжо распрададзеныя.

Па-другое, шантаж мігрантамі не прымусіў ЕЗ да перамоў. Наадварот, адказам на міграцыйны крызіс стане новы, пяты пакет санкцый ЕЗ.

Такім чынам, мы бачым няздольнасць кіроўнай каманды ацэньваць мэты і сродкі. Працягваецца тактыка бязладнай страляніны пры дэфіцыце патронаў. Мысленне людзей, якія прымаюць пастановы, адбываецца ў вузкім дыяпазоне палітыкі барацьбы з ворагамі, часта ўяўным, прыдуманымі ад страху. Наступствы ніхто не прадбачыць. Не да таго. Інстынкт выжывання засланяе ўсё, рэзка звужае гарызонты прагназавання. Толькі дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца. Да таго ж ніхто не наважыцца пярэчыць аднаму чалавеку, які апынуўся сам-насам са сваімі ўнутранымі дэманамі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».