29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто зладзіў пекла для АМАПу

114
Хто зладзіў пекла для АМАПу
СІЛАВІКІ НА АКЦЫІ ПРАТЭСТУ Ў ЖНІЎНІ/«РАДЫЁ СВАБОДА»

Сілавікам цяпер не спіцца.

Дзмітрый Балаба, камандзір менскага АМАПу, паскардзіўся ў эфіры СТВ: «Байцам атрада міліцыі асаблівага прызначэння ў гэтым годзе жыццё ператваралі ў пекла». І гэта праўда. Лепш не скажаш, піша ў артыкуле для «Радыё Свабода» (пераклад - ex-press.by) педагог і пісьменніца Ганна Севярынец.

Так, таварыш Балабы. На жаль, жыццё АМАПа ператварылі ў пекла

Бо гэта сапраўды пекла - калі ты, малады хлопец, значна маладзейшы за сваіх камандзіраў, міністраў і прэзідэнтаў, кожны дзень думаеш: А што будзе потым? Яны не сыдуць, дык памруць, а я тады куды?

Бо гэта сапраўды пекла - калі ты, малады хлопец, не можаш выйсці ў краму без балаклавы, на піва ў парк без страху, у кіно без аховы.

Бо гэта сапраўды пекла - калі з табой не вітаюцца аднакласнікі і былыя сябры, а суседзі не едуць з табой у ліфце.

Гэта нішто іншае, як пекла, калі ты штораніцы праглядаеш тэлеграм-каналы: што і хто яшчэ зліецца ByPol.

Сапраўды - перабіраць зноўку і зноў падзеі той ночы і ліхаманкава думаць: а ці не пазнаюць мяне потым на відэа?

А ці не патрапіў я дзе на камеры? А ці сапраўды не зліюць - менавіта мяне, першага цi аднаго з усіх, бо кагосьці ж зліюць, кагосьці ж прынясуць у ахвяру, кімсьці ж будуць гандляваць дзеля грошай ад Еўропы ці нават ад Расеі (чулі, як сёння расейцы сказалі: гэта не нашы метады? А што гэта такое? Нам цяпер і туды - ніяк?)

Страшнае, ненавіснае, не занадта зразумелае слова - «люстрацыя», дулю вам, дубінку ў дупу, а не люстрацыя, змагар чортаў, а што, калі будзе? А што, калі будзе люстрацыя? Прэч да д'ябла са сваёй люстрацыя, дайце заснуць!

Але не спіцца. Не спіцца. Бо жыццё АМАПу ператварылі ў пекла. У пекле не спіцца.

А яшчэ хлусяць, што атрымліваем шалёныя грошы. Удушыцеся вы гэтымі грашыма. Мы не атрымліваем шалёных грошай.

Мы цяпер і за бясплатна нікуды не рыпнемся - куды?

І дзеці саромеюцца цяпер у садку сказаць, што тата ў АМАПе працуе. Даўно забаранілі такое казаць. І жонка нікому не кажа.

І ў вёску не паедзеш. І маці выйсці на вуліцу баіцца.

І выйсця ніякага няма.

Пекла - гэта акурат і ёсць тое самае, калі няма выйсця.

Калі ты нават разумееш усё - але не. Сціснуў зубы - і наперад, у самае пекла. Бо за спінай таксама яно.

Так, таварыш Балаба. На жаль, жыццё АМАПу ператварылі ў пекла.

Вы хацелі, каб мы іх пашкадавалі? Я моцна шкадую. Мне вельмі, вельмі, ад усяго сэрца шкада маладых, прыгожых хлопцаў, якіх калісьці няньчылі на руках мамкі, якія любілі дзяўчат, якія раздзяваліся летам на пляжы - і абывацелі з захапленнем глядзелі на біцэпсы і трыцэпсы. Такога ў іх жыцці не будзе ўжо ніколі.

А цяпер, калі сказаная гэтая праўда, знайдзіце ў сабе сілы - і адкажыце на пытанне. Хто ператварыў іх жыццё ў пекла? На чый загад яны сталі выгнанцамі сярод людзей? І калі б яны не збівалі і не катавалі, не забівалі людзей - жылі б яны цяпер так, як яны жывуць?

Вунь расейскі амапавец схадзіў да збітай ім жанчыны з кветкамі ў рэанімацыю. Мы ж разумеем, і вы, і я: наўрад ці ён так моцна раскаяўся, каб аж з кветкамі цягнуцца да нейкай там жанчыны. Проста ён не хоча, каб яго жыццё ператварылася ў пекла. І начальнік яго, мяркуючы з усяго, не вельмі хоча.

І нашыя не хацелі б, напэўна. Але пекла на тое і пекла. Не хочаш, а патрапіш. І выйсця адтуль няма.

Напісаць каментар 114

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках