23 красавiка 2024, aўторак, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачыненні Менска і Кіева не палепшацца без палітычных пераменаў у Беларусі

5
Дачыненні Менска і Кіева не палепшацца без палітычных пераменаў у Беларусі

Экспэрты налічваюць 32 тыпы рознагалоссяў паміж краінамі.

Унутрыпалітычны крызіс у Беларусі прывёў да істотнага пагаршэння стасункаў з Украінай. Вастрыню ўзніклага супрацьстаяння наглядна пацвердзіла адмова Кіева прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і, як следства, легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі, піша naviny.by.

Можна меркаваць, што на гэтую пастанову моцна паўплывала гісторыя з затрыманнем у Беларусі групы расейскіх грамадзян, названых сябрамі «ПВК Вагнера». Наступная перадача іх Расеі была ўспрынятая ва Украіне надзвычай хваравіта, бо гэтых людзей там падазраюць ва ўчыненні злачынстваў падчас канфлікту на Данбасе, а таму Кіеў дамагаўся іх выдачы.

У выніку ўкраінскаму кіраўніцтву выявілася значна лягчэй далучыцца да санкцый супраць Беларусі, уведзеных Еўразвязам, што, у сваю чаргу, выклікала рэзка негатыўную рэакцыю ў Менску.

Вядома, не паводзіны Кіева падштурхнулі беларускія ўлады да частага правядзення ў краіне вайсковых вучэнняў, у тым ліку «Славянскае братэрства» з удзелам Расеі ў верасні 2020 года. Затое пры адсутнасці даверу хуткае разгортванне расейскіх паветрана-дэсантных войскаў на беларускай тэрыторыі стала для ўкраінскіх палітыкаў і стратэгаў чарговым довадам наяўнасці пагрозы з поўначы.

І ў далейшым змякчэння абстаноўкі не адбылося, абмен недружалюбнымі акцыямі і выказваннямі прадаўжаўся. Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба паведаміў, што надалей Лукашэнка будзе называцца без указання пасады.

Абурэнне ў Менску выклікаў таксама ўказ прэзідэнта Украіны, які даручыў ураду ўкараніць пілотны праект спрошчанага афармлення дазволу на жыхарства для ІТ-адмыслоўцаў, якія пакідаюць Беларусь.

Рэзка пагоршыўся імідж беларускай дзяржавы ў вачах украінскіх экспэртаў. Яго палічылі недружалюбным 45% экспэртаў, апытаных Радай замежнай палітыкі «Украінская прызма» ў канцы 2020 года, тады як годам раней - усяго 10%.

Гандаль стаў горшым

За мінулы год пагоршыліся і паказчыкі эканамічнага супрацоўніцтва. Узаемнае тавараабарачэнне за дзесяць месяцаў 2020 года склала 3,67 млрд даляраў супраць 4,9 млрд даляраў за аналагічны перыяд 2019-га, то бок, скарацілася на чвэрць. Пры гэтым дадатнае для нашай краіны сальда зменшылася на траціну - з 2,1 млрд да 1,4 млрд даляраў.

Варта, праўда, мець на ўвазе, што з прычыны пандэміі каранавіруса ўвесь беларускі замежны гандаль за той жа перыяд абрынуўся амаль на 17%. Аднак доля Украіны ў ім паменшылася з 8,4% да 7,5%, хоць гэтая краіна і застаецца пакуль на другім месцы сярод замежнагандлёвых партнёраў Беларусі.

Менавіта ў сілу палітычных рознагалоссяў быў скасаваны леташні форум рэгіёнаў дзвюх краін. Прычым амбасадар Украіны Ігар Кізім выказаў здагадку, што сёлета трэці форум рэгіёнаў, хутчэй за ўсё, таксама не адбудзецца. Акрамя таго, існуе цэлы шэраг менш маштабных рознагалоссяў. Ва Украіне пачатае антыдэмпінгавае расследаванне паставак цеплаізаляцыйных матэрыялаў з Беларусі. Таксама абмежаваныя пастаўкі беларускіх запалак, будаўнічых блокаў, прадукцыі Берасцейскага электралямпавага завода і г.д.

Усяго ўкраінскія экспэрты налічваюць 32 тыпы рознагалоссяў такога кшталту.

Так што, хоць Кіеў пакуль не далучыўся да эканамічнага чынніка санкцый ЕЗ, перспектывы і ў гэтай сферы спрыяльнымі не выглядаюць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках