29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія ўлады наўмысна заражаюць палітычных зняволеных COVID-19

4
Беларускія ўлады наўмысна заражаюць палітычных зняволеных COVID-19
ФОТА: VASILY FEDOSENKO/REUTERS

ЦІП і ІЧУ сталі рассаднікамі каранавіруса.

У Беларусі стала штодзённасцю, што палітычныя арыштанты выяўляюць у сябе каранавірус. На гэта дзяржава, у абавязках якой ахова грамадства ад эпідэміі, кажа, што «ўжытыя ўсе магчымыя захады для прафілактыкі і мінімізацыі рызык распаўсюджвання каранавіруса».

Naviny.by даведаліся, якія такія захады спрыяюць таму, што палітычныя заражаюцца небяспечным вірусам.

Пасля выбараў праз палітычныя рэпрэсіі ў выглядзе адміністрацыйнага арышту прайшлі ўжо дзясяткі тысяч беларусаў. Многія з іх выходзяць на волю з кавідам. Пры гэтым у «свабоднай» частцы грамадства ўлада ўвяла жорсткі рэжым для прафілактыкі распаўсюджвання каранавірусу - абавязковае нашэнне масак у грамадскіх месцах, дэзінфекцыя, абмежаванні па масавых мерапрыемствах і інш.

Каб выключыць падазрэнні, што падчас адміністрацыйнага арышту людзі дадаткова зазнаюць катаванні праз стварэнне ўмоў для заражэння кавідам, мы звязаліся з прэс-службай МУС.

На запыт журналістаў, якія захады і дзеянні ўжываюцца ў дачыненні адміністрацыйных арыштантаў у сувязі з COVID-19, МУС даслала ўніклівы адказ:

«На аб'ектах МУС ужываюцца ўсе магчымыя захады для прафілактыкі і мінімізацыі рызык распаўсюджвання каранавіруса ў адпаведнасці з ведамаснымі нарматыўнымі прававымі актамі абмежаванага распаўсюджвання, а таксама распрацаванымі і зацверджанымі Міністэрствам аховы здароўя».

Восем разнастайных захадаў ад МУС

Так як з адказу МУС нічога не зразумела, журналісты пагаварылі з беларусамі, якія прайшлі праз арышт. Па нешчасліваму збегу абставінаў, яны перахварэлі на каранавірус. Гэта музыкі Андрусь Такінданг і Цімафей Суладзэ.

Па выніку мы склалі спіс з васьмі захадаў «для прафілактыкі і мінімізацыі рызык распаўсюджвання каранавіруса», якія ўжываюцца МУС у дачыненні да адміністрацыйных арыштантаў:

Невыкананне сацыяльнай дыстанцыі;

Невыкананне маскавага рэжыму;

Адсутнасць дэзінфекцыі памяшканняў;

Адсутнасць рэгулярных шпацыраў на свежым паветры;

Выкарыстанне арыштаванымі агульнага посуду без спецыяльнай апрацоўкі;

Адсутнасць маніторынгу тэмпературы цела;

Ненаданне медыцынскай дапамогі;

Адмова ў перадачы медыкаментаў.

З цікавасцю чакаем ад прадстаўнікоў МУС каментару гэтых звестак.

Наяўнасць такіх парушэнняў у ізалятарах часовага ўтрымання пацвярджаецца і высновамі грамадскага аб'яднання «Прававая ініцыятыва» , якое праводзіць маніторынг катаванняў у месцах зняволення.

«Лекар прыйдзе, калі будзе труп»

Цімафей Суладзэ, музыка, атрымаў у суме 28 дзён за ўдзел у дваровых канцэртах.

«Ніякай прафілактыкі няма. Я перакананы, што нас наўмысна заражаюць каранавірусам з мэтай застрашвання і знішчэння. Яны забілі Тарайкоўскага, яны забілі Бандарэнку, іншых людзей. А цяпер наўмысна знішчаюць беларускі народ, гэта генацыд для таго ж, для чаго ў 37-м годзе гэта рабілі, каб знішчыць найлепшых. Гэта адмоўная селекцыя.

Яны хочуць пакінуць паслухмяны маўклівы статак, які ў 21-м стагоддзі яны спрабуюць загнаць у стойла, у калгасы, прымусова працаўладкоўваць за капейкі. Проста расстрэльваць у іх цяпер не атрымліваецца і газам труціць, таму так дзейнічаюць», — сказаў Цімафей Суладзэ, падкрэсліваючы, што гэта ягонае асабістае меркаванне.

У сваю другую «ходку» ў лістападзе наш суразмоўца сядзеў у ІЧУ ў Жодзіне. На свабоду выйшаў з каранавірусам. Сімптомы ён выявіў яшчэ ў камеры: знік нюх, павысілася дрымотнасць.

«Я не адчуў паху камеры - шкарпэткі там, цыгарэты - і стаў нюхаць цыбулю, часнок і мыла гаспадарчае. Я стаў барабаніць у кармушку, патрабаваць лекара, але гэта ігнаравалася. Я тры дні спрабаваў гэта рабіць. У выніку зразумеў, што лекар прыйдзе, калі будзе труп», - распавёў Цімафей Суладзэ.

На ацэнку музыкі, гэта быў канцлагер, дзе да асуджаных ужываюць псіхалагічныя катаванні.

За восем дзён Цімафея з сукамернікамі вывелі на шпацыр адзін раз, не было душа, елі з адной талеркі на дваіх: «адзін паесць, потым у камеры памые, потым іншы есць. Гэтак жа з гарбатай, то бок, адзін кубак на дваіх».

«Калі нас перавозілі ў Магілёў, я даведаўся, што мама перадавала мне пакет з лекамі, на ўпакоўцы яна напісала «на выпадак каранавіруса». Гэта каштавала ёй блізу сто рублёў. У Жодзіне ад мяне іх утаілі», - распавёў музыка.

Ніякай дэзінфекцыі камеры, са слоў Цімафея, не праводзілася, за выкананнем маскавага рэжыму для арыштантаў ніхто не сачыў, не кажучы ўжо пра сацыяльную дыстанцыі, тэмпературу цела вымяралі толькі пры афармленні на адседку.

«Нашага музыку з турмы ў лякарню прывезлі ў цяжкім стане»

Аб такіх жа ўмовах утрымання і распавёў лідар гурта «Рэха» Андрусь Такінданг. Ён у канцы лістапада адседзеў таксама за дваровы канцэрт.

«Пакаранне кавідам, на мой погляд, яно ненаўмыснае. Проста яны не могуць справіцца з такой колькасцю людзей, якіх яны арыштоўваюць. У іх ёсць механізмы, акрамя кавіда, якія могуць пагоршыць тваё становішча. Аднойчы да нас у камеру зайшоў начальнік ЦІП і зрабіў заўвагу за гучны смех, а пасля гэтага візіту ў нас знікла гарачая вада», — распавёў Андрусь Такінданг.

Наш суразмоўца дрэнна сябе адчуў у камеры ў ЦІП на Акрэсціна: тры дні была слабасць, потым знізіўся нюх. Такінданг сядзеў у камеры з шасцю іншымі затрыманымі. У сукамернікаў таксама з'явіліся сімптомы каранавіруса.

Андрусь па медыцынскую дапамогу не звяртаўся «таму што не хацеў лішні раз сутыкацца з сістэмай». Калі выйшаў на свабоду, то даведаўся, што і ў чатырох музыкаў ягонага гурта «Рэха» таксама COVID-19.

Са слоў Такінданга, на ранішніх пабудовах у калідоры супрацоўнікі ЦІП казалі, каб арыштаваныя пры пабудове насілі маскі, калі яны ёсць.

«Медыцынскія маскі дазвалялася перадаваць у пасылках. Мне з дому перадалі. Ахоўнікі рэкамендавалі, калі цябе выводзяць з камеры, насіць маску, але не настойліва. У самой камеры насіць маску было бессэнсоўна. Шэсць чалавек, якія ўвесь час разам...я чуў, як нехта звонку камеры дэзінфікуе дзвярныя ручкі, быў характэрны пах спірту», - распавёў Андрусь.

Вялікая рызыка заразіцца праз посуд: асабісты мець не дазволена - усе прыборы і талеркі агульныя, якія перад абедам раздаюць супрацоўнікі ЦІП, а потым іх забіраюць назад.

«Посуд арыштаваныя павінны мыць самі, у камеры. У нас не было сродкаў дэзінфекцыі і нават сродку для мыцця посуду. Проста халоднай вадой мылі. Таму маскі былі бессэнсоўныя», - сказаў Андрусь Такінданг.

Кантроль тэмпературы рабілі толькі адзін раз, калі размяшчалі па камерах. Тэмпературу таксама маглі памераць, калі ты маеш скаргі на здароўе.

«Наш музыка Кастусь Лісецкі трапіў з кавідам у лякарню з магілёўскай турмы, куды яго прынялі ў цяжкім стане, змясцілі ў адзіночную камеру і выклікалі хуткую дапамогу. Тыдзень музыку лячылі ў лякарні», — распавёў музыка.

«Яны часта не паспяваюць перавозіць асуджаных у Баранавічы, Жодзіна ці Магілёў. Для мяне відавочна, што сістэма не паспявае перапрацаваць такую колькасць людзей, каб усё працавала зладжана, у адпаведнасці з іх правіламі, каб гарантаваць бяспеку ад кароны. Імкненне ўсіх перасаджаць — яно вар'яцкае», — оэзюмуе музыка.

Праваабаронца: «Не толькі бесчалавечнае абыходжанне, але і парушэнне закона»

Прававую ацэнку бяздзейнасці ўладаў даў Сяргей Усцінаў, чалец праўлення «прававой ініцыятывы»:

«Усе дзеянні ўладаў і службовых асоб, напрыклад, можна характарызаваць як мэтанакіраванае ўтрыманне людзей ва ўмовах падвышанай рызыкі заражэння COVID-19.

Небяспека заражэння каранавірусам падцікоўвае грамадзян з моманту затрымання, калі людзей хапаюць і шчыльна пакуюць у аўтазакі, і да заканчэння адбыцця адміністрацыйнага арышту ва ўмовах знаходжання ў замкнёных прасторах.

Нам вядома пра тое, што ні ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна, ні ў ІЧУ Жодзіна, ні ў ІЧУ Баранавічаў не праводзяцца дэзінфекцыйныя мерапрыемствы камер. Больш таго, скажу, што людзей проста не выводзяць на вуліцу. Таксама вялікую небяспеку ўяўляюць першыя дні затрымання, калі людзей саджаюць у перапоўненыя камеры, дзе на два чалавекі прыпадае толькі адно спальнае месца. Ежу да суда, асабліва ў Жодзіне, у перапоўненыя камеры раздаюць адну талерку ежы на два чалавекі або адзін кубак гарбаты на дваіх.

Усе гэтыя дзеянні з'яўляюцца не толькі бесчалавечным абыходжаннем, але і парушэннем ч.4 арт.2.4 ПВКоАП, якая абвяшчае: утрыманне фізічнай асобы, затрыманай за адміністрацыйнае правапарушэнне або адміністрацыйна арыштаванага, павінна ажыццяўляцца ва ўмовах, якія выключаюць пагрозу для ягонага жыцця і здароўя.

У ідэальным варыянце было б не саджаць людзей у пік пандэміі COVID-19. Ёсць мноства варыянтаў, было б жаданне:

1) адтэрміноўка выканання адміністрацыйнага арышту на тэрмін да 1 месяца (ч.1 арт.14.7 КоАП),

2) вынясенне пастановы ў выглядзе штрафу,

3) вызваленне ад адміністрацыйнай адказнасці па малазначнасці правапарушэння (арт.8.2 КоАП)

«Калі дзяржава не можа засцерагчы здароўе і жыцця затрыманых, то не трэба саджаць людзей, мэтанакіравана заражаючы іх COVID-19», - падкрэсліў Сяргей Усцінаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках