28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянціна Гарцуева: Раней салідарнасць для мяне была проста словам

3
Валянціна Гарцуева: Раней салідарнасць для мяне была проста словам
Фото: «Наша Ніва»

Вялікае інтэрв'ю з прымай Купалаўскага тэатра.

Валянціна Гарцуева — прыма Купалаўскага тэатра. Дакладней, была. Афіцыйны тэатр застаўся без прымы, а актрыса сышла разам з групай вольных купалаўцаў. Пра сямейнае жыццё, вандроўкі з мужам па Беларусі, прапановы аб працы і адчуванне вайны — у нашым інтэрв'ю.

Фото: «Наша Ніва»

«Наша Ніна» апублікавала інтэрв’ю з актрысай.

«Клікалі ў іншую трупу, але я не спяшаюся»

«Наша Ніна»: Як прайшлі вашы месяцы пасля звальнення?

Валянціна Гарцуева: Праўду кажучы, вельмі хутка, вельмі інтэнсіўна, я нават не заўважыла, як яны прайшлі. Мы нічога не рабілі спецыяльна, у нас не было ніякага плану, калі звальняліся. Мы не ведалі, куды ідзем і што будзем рабіць. Мы спрабавалі слухаць сэрца. Так атрымалася, што працы шмат. Мы не сядзім на адным месцы, сустракаемся, у нас ёсць рэпетыцыі.

«НН»: Сумуеце па чымсьці ў тэатры?

ВГ: Гэта, напэўна, дзіўна, але не сумую. Усё, аб чым я магла б сумаваць, са мной засталося. Мы сышлі разам з нашымі калегамі, аднадумцамі. Ніводнага разу я не прачнулася раніцай і не падумала: як я сумую па гэтым будынку, вось бы зараз прыйсці. Я 13 год там працавала, мне здавалася, што гэта адна з самых галоўных рэчаў у маім жыцці. Але аказалася, што не. Цяпер я ўвогуле не ведаю, як ставіцца да тэатра, які зараз там.

«НН»: Акцёры, якія засталіся, называюць вас здраднікамі і эгаістамі…

ВГ: Спачатку было вельмі балюча. Усё пачалося з роліка на СТБ — абуральнага, які быў зроблены абсалютна без аніякага таленту. Далей пайшлі гэтыя інтэрв’ю. Але ведаеце, гэта як мазоль — з часам перастаеш адчуваць боль, і становіцца ўсё роўна.

Фото: «Наша Ніва»

«НН»: Летась вам уручылі медаль Францыска Скарыны. А сёлета ёй ўзнагародзілі прапагандыстаў. Як адрэагавалі?

ВГ: Гэтыя ўзнагароды нічога не значаць для мяне. Маю маму, напрыклад, ужо 20 гадоў назад людзі пачалі называць народнай артысткай, а яна народнай не была. Вось гэта самае галоўнае — калі гледачы вырашаюць і надаюць званні, а не таму, што мы сабралі і падалі паперкі. Канечне, гэтыя медалі ў нейкім сэнсе важныя для акцёра, бо што мы наогул бачым, калі казаць пра сістэму, у якую загнана мастацтва Беларусі? Што мы маглі атрымаць большае за гэтыя ўзнагароды? Той максімум, які нам быў дадзены.

«НН»: Цяпер у вас шмат здымак у кіно?

ВГ: Я больш за месяц была ў Кіеве, зараз паўза. За апошні год было тры праекты, два з іх невялікія. Гэта ж непастаянная справа — бывае, у адным месяцы шмат усяго, а бывае, год сядзіш — і нічога.

«НН»: Ці пытаюцца замежныя калегі пра сітуацыю ў Беларусі?

ВГ: Пытаюцца. І мне падалося, што не ўсё ім зразумела. Калі тут знаходзішся, усё бачыш. Там яны пытаюцца: а што на самой справе адбываецца? Для іх не зразумела, дзе дабро, дзе зло.

«НН»: Вас клікалі ў іншыя тэатральныя трупы?

ВГ: Ёсць такая прапанова, але я не спяшаюся, бо я ўсе ж купалавец, мая роля — быць з тэатральнай групай купалаўцаў. Як я магу гэта кінуць? Наадварот стала адбывацца нешта вельмі цікавае. Кожны дзень я атрымліваю шмат паведамленняў ад гледачоў. І ты разумееш, як гэта важна для людзей. Гэта не проста тэатр, а нешта больш значнае ўжо.

«НН»: Тое запрашэнне — у замежную трупу?

ВГ: Не. Яно было неафіцыйнае. Канечне, зараз атрымаць недзе працу для нас складана. Але вакол нас шмат добрых людзей, гэта вельмі дапамагае.

Фото: «Наша Ніва»

«НН»: А ў рэкламе прапануюць здымацца?

ВГ: Раней клікалі, але я не люблю. Я гэта не ўмею. Адчуваю заўсёды сябе дрэнна потым. Проста не маё.

«Я нялёгкая як жонка, ад прыроды песіміст»

«НН»: Вы два гады як замужам за нямецкім акцёрам Жан-Маркам Біркхольцам. Чым пакарыў ён?

ВГ: Ён адразу ж быў непадобны да нашых беларускіх мужчын. Я не хачу зняважыць нікога, але ён стаяў асобна для мяне: быў такі светлы. Мы з ім пазнаёміліся ў 2012 годзе, а потым проста перапісваліся ў фэйсбуку. А ўжо ў 2017-м — гэты быў вялікі для мяне сюрпрыз — сустрэліся на здымках і хутка зразумелі, што павінны быць разам. Былі праблемы з тым, каб ён прыязджаў сюды часта, магчыма, з-за візы, мы вырашылі, што павінны жаніцца, знайшлі кватэру.

Ён для мяне быў свежым подыхам. Вельмі адкрыты да ўсяго новага. Хацеў ведаць, што тут, якія людзі. Яму адразу ўсё спадабалася, нават тое, што мне здаецца сумным, нецікавым, часам страшным, непрыгожым. Уся гэтая савецкасць яго вабіць — і ў архітэктуры, і ў людзях. Для яго гэта нешта экзатычнае было напачатку.

«НН»: Дома на якой мове размаўляеце?

ВГ: На англійскай.

«НН»: Беларускую ці рускую муж не вучыў?

ВГ: Вучыць, але вельмі складана. Тое самае, што ў мяне з нямецкай мовай. Можа, мы лянуемся, ужо прызвычаіліся да англійскай… «Дзякуй» і «я цябе кахаю» ён ведае добра. Усё самае важнае (усміхаецца).

Фото: «Наша Ніва»

«НН»: А вашы бацькі з мужам таксама па-англійску размаўляюць?

ВГ: Не, я перакладчыкам працую ў гэтыя моманты.

«НН»: Бачыла, вы летась сям’ёй вандравалі па Беларусі. Дзе пабывалі?

ВГ: Мы гэта робім дзеля яго. Але я заўсёды і для сябе раблю адкрыцці. Напрыклад, мы ездзілі ў Хатынь — муж вельмі хацеў, яго цікавіць тэма вайны. Я была апошні раз там у 16 ці 17 гадоў. Гэта мемарыял 1969 года, але ён зроблены па-сучаснаму. Канечне, цяжка эмацыйна, калі ты там, але як мастацтва — гэта вельмі моцна, добра прадумана.

Потым мы былі ў Міры. Але больш за ўсё спадабалася, калі ездзілі ў Мёры на балоты. Гэта касмічна, непадобна ні на што, такога ў Германіі не знайсці. Адзінае — было шмат людзей, а хацелася пабыць толькі з сям’ёй. Мы проста сядзелі і дыхалі — паветра там асаблівае.

«НН»: Вам наогул шмат часу ўдаецца разам праводзіць?

ВГ: Зараз ужо больш, канечне. Калі я ў тэатры працавала, то не. Мы калі адчулі смак свабоды ў добрым сэнсе слова, зразумелі, што жыццё можа быць іншым — можна быць больш дома з сям’ёй, гэта неабходна. Немагчыма працаваць так, як мы працавалі. Спектакль, які ідзе цягам дзвюх гадзін, рыхтуецца тры месяцы. Гэта значыць, што тры месяцы мы штодзённа ходзім на рэпетыцыі, часам два разы на дзень. А калі паралельна стаіць на выпуск яшчэ адна пастаноўка, у нас можа быць і тры рэпетыцыі. А ўвечары спектакль. І ты выходзіш — і не адчуваеш сябе творчай асобай. Гэта кашмар. Ты ўжо не атрымліваеш ніякай асалоды ад сваёй любімай прафесіі. Гэта я ўжо зразумела зараз — штосьці трэба мяняць.

«НН»: Такі рытм толькі ў беларускіх тэатрах ці наогул у сусветнай сістэме?

ВГ: У Еўропе такога няма. У іх мала засталося рэпертуарных тэатраў, яны больш жывуць праектамі. Выпускаюць праект, катаюць яго і развітваюцца з ім. Не ведаю, правільна гэта ці не, але перыяд жыцця яны аддаюць аднаму праекту. А ў нас ты ўжо не разумееш, які спектакль сёння граеш: а, гэты, паехалі далей. Дый потым тэатр — не планавая сістэма. Гэта памірае рана ці позна.

Вось нашы калегі кажуць, што мы здраднікі. Ведаеце, гэта першы раз, калі я пачула — хоць і ў такіх непрыгожых словах — што акцёры важныя для тэатра. У мяне не было адчування, што мы нешта значым.

Фото: «Наша Ніва»

«НН»: У прафесіі вы самакрытычная. А ў сям’і таксама перфекцыяністка?

ВГ: Не. Я складаны чалавек, і ў сям’і таксама. Я нялёгкая як жонка.

«НН»: Чаму?

ВГ: Таму, што я ад прыроды песіміст. Я працую над сабою, і ў гэтым мне дапамагае муж. Ён падтрымлівае мяне, заўсёды на маім баку. Але яму трэба шмат слухаць усяго. Я яго, канечне, не шкадую ў гэтым сэнсе. Але ён мяне выцягвае: і дэпрэсіі былі, рознае…

«НН»: Вы расказвалі ў адным інтэрв’ю, што мелі комплексы. Адкуль яны ў адной з самых прыгожых актрыс?

ВГ: Комплексы, бо я з тэатральнай сям’і. Як многія любяць называць, гэта дынастыя — цярпець не магу гэта слова. Мне здавалася, што ўсе вакол будуць чакаць: вось зараз мы паглядзім, ці таленавітая яна. Мне было так страшна, пакуль я не зразумела, што мне проста трэба займацца сваёй любімай працай, часам хваліць сябе. Усё прасцей. Не ўсе ведаюць, што я дачка Гарцуева і Белахвосцік, унучка Валянціна Белахвосціка і праўнучка Глеба Глебава.

«НН»: Калі адпусціла?

ВГ: А можа, па сёння не адпусціла, толькі пачынае. Можа, у мяне такі лёс, мне патрэбны самааналіз, самакрытыка.

«Я плакала з 9 жніўня тыдзень»

«НН»: Вы пісалі ў інстаграме, што цяпер крыху ведаеце пра вайну. Што зразумелі?

ВГ: Не тое, каб зразумела — я адчула, як гэта можа быць. Адно — ведаць гэта з кніжак, і зусім іншае, калі бачыш натоўп, чуеш выбухі, крыкі. Мноства розных пачуццяў у адзін і той жа момант — ад радасці да вялікага страху. Калі ты бачыш, як твае знаёмыя выкарыстоўваюць гэтыя рэкі крыві як фундамент для росту сваёй кар’еры — вось гэта для мяне вайна.

«НН»: Ваша мама казала, вы ў тыя дні шмат плакалі.

ВГ: Я плакала з 9 жніўня тыдзень — як і ўсе, здаецца. Мяне калаціла. Мы не спалі, не елі. Мне наогул здаецца, усёй нашай нацыі патрэбна будзе калектыўнае доўгае лячэнне. Таму што гэта не жарты. А самае страшнае, калі ты, дарослы чалавек, замыкаешся дома на ўсе замкі, чуеш усе гукі за дзвярыма. Я вось так жыву. І нават унутры ты недзе гатовы, ведаеш, як і што. Гэта ж ненармальна.

Фото: «Наша Ніва»

«НН»: Муж хацеў пасля выбараў звесці вас да сябе, у Германію?

ВГ: Ёсць такія думкі, ёсць такая магчымасць. Але мне здаецца, што я патрэбная зараз тут. Выбар складаны: або ты існуеш дзеля тэатральнай групы, або думаеш пра сваё асабістае жыццё. Гэта такія шалі — пакуль што перавага на тым, што я павінна быць тут. І потым мая сям’я, сябры… Зараз мне не бачыцца, як я магу пазбавіцца ўсяго гэтага.

«НН»: Вы калісьці былі сведкай на вяселлі Наталлі Эйсмант. Ці падтрымліваеце яшчэ сувязь?

ВГ: Не, даўно.

«НН»: А чаму перасталі?

ВГ: Нашы жыцці перасталі быць падобнымі.

«НН»: За апошнія паўгода шмат расчароўваліся ў людзях або гэта наадварот быў час прыемных адкрыццяў?

ВГ: 50 на 50. Было вельмі шмат расчараванняў, асабліва калі бачыш, як людзі выкарыстоўваюць у сваіх мэтах гэту страшную сітуацыю. Але нашмат больш я сустрэла людзей светлых, з вялікімі сэрцамі, якія гатовы дзяліцца гэтым. Ты разумееш, што мы сапраўды вялікая сям’я — нас нашмат больш, чым здавалася да гэтага моманту, і наша сіла ў гэтай салідарнасці. Раней салідарнасць для мяне была проста словам, а зараз я ведаю, што гэта такое — трымацца разам.

Фото: «Наша Ніва»

«НН»: Раней да беларускага анлайн-тэатра многія паставіліся б скептычна. Цяпер як вам здаецца: наколькі гэта доўгаграючы праект?

ВГ: Як доўга сітуацыя не будзе змяняцца, так доўга будзем існаваць у межах анлайн-тэатра. Бо прастора кожны дзень звужаецца, усё цяжэй нешта рабіць, жывыя спектаклі мы не можам даваць. Гэта адзіны варыянт для нас, і мы рады, што атрымалася, людзі глядзяць з задавальненнем.

Не ведаю, ці грае зараз штосьці афіцыйны Купалаўскі. Наогул цікава, чаму людзі, якія засталіся там, бо не бачылі сваё жыццё без тэатру, дагэтуль не зрабілі анічога. Я ім жадаю у гэтым накірунку поспехаў, каб яны ўрэшце разрадзіліся нейкай пастаноўкай.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках