19 красавiка 2024, Пятніца, 12:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму маўчыць Валерый Вакульчык?

15
Чаму маўчыць Валерый Вакульчык?

Палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што ён трапіў у няміласць.

Пасля прызначэння памочнікам Лукашэнкі – інспектарам Берасцейскай вобласці экс-кіраўнік КДБ вельмі рэдка з'яўляецца на старонках сродкаў масавай інфармацыі. У адрозненне, напрыклад, ад таго ж былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, піша «Народная воля».

Караеў і Валерый Вакульчык былі прызначаныя памочнікамі Лукашэнкі ў адзін дзень. Увесь гэты час Караеў на новай пасадзе вядзе падкрэслена публічны лад жыцця: праводзіць прамыя лініі, сустракаецца з кіраўнікамі розных прадпрыемстваў, не ўнікае вострых пытанняў, дае інтэрв'ю журналістам і блогерам. А Вакульчык трымаецца ў цені.

У лістападзе экс-кіраўнік КДБ удзельнічаў у дыскусіі з нагоды канстытуцыйнай рэформы. І выказаўся супраць пераходу ў найбліжэйшай будучыні на выбары паводле партыйных спісаў.

Вакульчык мяркуе, што многія палітычныя партыі ў Беларусі пакуль далёкія ад рэальнай грамадскай актыўнасці, будзе памылкай адразу аддаваць у парламенце ім палову дэпутацкіх мандатаў. «Да таго ж парламентарыі павінны прадстаўляць настроі большасці грамадзянаў, а не толькі тых невялікіх групаў, якія маюць сродкі на стварэнне і фінансаванне партый», – цытавала ягоныя словы рэгіянальная прэса.

У пачатку студзеня Вакульчык разам са старшынёй Столінскага райвыканкама Рыгорам Пратасавіцкім уручыў дыпломы пераможцам конкурсу «Малады чалавек года».

Апошні раз Вакульчык засвяціўся на публіцы на так званым навагоднім балі, які ладзіў А.Лукашэнка, – экс-кіраўнік КДБ трапіў у кадр разам з нейкай дзяўчынай.

І ўсё ж чаму маўчыць былы старшыня КДБ? Няўжо генералу няма чаго сказаць пра тое, што адбываецца ў краіне?

Палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што прызначэнне Вакульчыка памочнікам Лукашэнкі – гэта фармальнасць, і шмат у чым менавіта гэтым і тлумачацца ягоныя стрыманыя паводзіны.

«Усё залежыць ад індывідуальнага жадання: хацеў бы быць у цэнтры – быў бы, – сказаў Карбалевіч. – Ну, і давайце шчыра: мала хто ўвогуле можа ўспомніць прозвішчы памочнікаў Лукашэнкі ў іншых абласцях. Гэта такія непублічныя пасады. І людзі туды падбіраюцца такія ж. На тое, што робяць Вакульчык і Караеў у рэгіёнах, яшчэ звяртаюць увагу. А памочнікі Лукашэнкі ў іншых рэгіёнах – яны сёння мала каму цікавыя.

Рэч у тым, што і Караеў, і Вакульчык, на мой погляд, сёння знаходзяцца ў відавочнай няміласці. Некаторыя расцанілі гэтую кадравую ракіроўку як павышэнне, як умацаванне рэгіянальнага кіраўніцтва. На мой погляд, гэта абсалютнае глупства. Абодва генералы паводле нейкіх сваіх якасцяў і паводзінаў у апошні час не дагадзілі Лукашэнку. І гэтыя пасады для іх былі прыдуманыя як залаты парашут.

Дарэчы, калі вы памятаеце, генеральнага пракурора Аляксандра Канюка таксама накіравалі ў ганаровую дыпламатычную спасылку. А паводзіны людзей у спасылцы – яно бывае розным. Валерый Вакульчык паводзіць сябе ціха і асцярожна, а Караеў – па-іншаму: для яго адстаўка стала вельмі нечаканай, ён быў на ўзлёце, а яго рэзка прызямлілі. Вось ён і спрабуе зноў узляцець, даказаць сваю адданасць, звярнуць на сябе ўвагу. Магчыма, ён спадзяецца вярнуцца ў абойму. Да таго ж Караева не звольнілі са службы, ён застаецца ў кадрах МУС, а Вакульчыка адправілі ў запас паводле ўзросту.

Мяркуючы з усяго, Вакульчык не ўхваляў тую лінію паводзінаў, якую абраў Аляксандр Лукашэнка ў дачыненні да пратэстоўцаў. Таму яго так паволі і засунулі ў рэгіён. Ну і што ў гэтым выпадку можа сказаць Вакульчык? Яму пакуль застаецца толькі маўчаць...»

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках