23 красавiка 2024, aўторак, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удава ветэрана: Улада павінна прынесці прабачэнні

6
Удава ветэрана: Улада павінна прынесці прабачэнні

Маналог 82-гадовай мянчанкі.

14 снежня Наталля Дзмітрыеўна Семянькова апынулася сярод групы затрыманых на плошчы Незалежнасці пенсіянераў, якіх даставілі ў РУУС, а потым больш за сем гадзінаў трымалі ў халодным ангары без крэслаў, вады і ежы.

– Ля ялінкі на плошчы мы размаўлялі адно з адным, вадзілі карагод і спявалі «У лесе нарадзілася ялінка», – расказала Наталля Дзмітрыеўна ў інтэрв'ю «Салідарнасці».

13 студзеня суддзя суда Ленінскага раёна Менска Марына Клімчук аштрафавала Наталлю Семянькову на 580 рублёў на падставе артыкула 23.34 КоАП.

– Вось ужо сапраўды дакладна гаворыцца «ад турмы ды ад торбы не заракайся». Ніколі не думала, што ў канцы свайго жыцця буду выкліканая ў суд у якасці адказчыцы, абвінавачанай ці падазраванай. Нават не ведаю, што з пералічанага пасуе мне больш, – заявіла Наталля Дзмітрыеўна ў хадайніцтве ў судзе. – У пратаколе, складзеным у Ленінскім РАУС, мне ставіцца «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і выкрыкванне правакацыйных лозунгаў».

Слова «акцыя» – гэта вельмі сур'ёзнае слова, якое разумее сур'ёзныя дзеянні. Так якія ж былі мае дзеянні ў гэты злашчасны дзень 14 снежня 2020 года і наколькі яны былі сур'ёзныя?

Я бываю на гэтай плошчы часта. Гэта адно з любімых месцаў майго горада, дзе я нарадзілася і пражыла ўсё сваё жыццё. Тут я пачынала свой працоўны шлях пасля заканчэння інстытута ў праектнай арганізацыі «Аргтэхстром». Сюды я прыходжу ў касцёл, тут прымаюць гуманітарную дапамогу, і я яе прыношу. Тут я наведваю гандлёвы цэнтр, музей, кіно.

Вось і ў гэты дзень я зайшла ў касцёл, а выйшаўшы, убачыла прыгожую ялінку і карагод вакол. Я далучылася, хоць чула звароты: «Грамадзяне, ваша мерапрыемства несанкцыянаванае!» Але неяк было незразумела, навошта санкцыянаваць карагод ля ялінкі.

Людзі спявалі «У лесе нарадзілася ялінка», і я разам з імі. Пра тое, што выкрыквала правакацыйныя лозунгі, то гэта наўрад ці магло быць, бо 40 гадоў я працавала ў БНТУ выкладчыцай, а гэта патрабуе няспыннага напружання голасу ў вялікіх аўдыторыях. Ад гэтага голас хрыпне і садзіцца.

І цяпер я нават гаварыць гучна не магу, не тое што крычаць. Акрамя таго, я сур'ёзна хворая – рак малочнай залозы. У мяне выдаленая правая малочная залоза, а цяпер хвароба пайшла ў лёгкія. Таму я не толькі не магу гаварыць гучна, але і дыхаю з цяжкасцю, бо лёгкія запоўненыя вадкасцю і правага амаль няма. Пухліна ўрасла ў рэбры. Я не скарджуся, проста тлумачу сітуацыю.

І потым, яшчэ вялікае пытанне, якія лозунгі можна ўважаць правакацыйнымі. Думаю, не лозунг «Жыве Беларусь!», таму што мы ўсе хочам, каб наша Беларусь жыла доўга і шчасліва.

А вось далей была праведзеная ўжо сапраўдная акцыя. Прыехаў АМАП у велізарнай колькасці, але і тады людзі не маглі паверыць у тое, што нас, хворых і пажылых, будуць хапаць, атачаць, і сваёй сілай і масай ціснуць і рухаць да аўтобусаў. І толькі калі раздалася каманда нікога не выпускаць, давялося паверыць.

Ну, а далей усё вядома. Ленінскі РАУС, халодны ангар 7 гадзінаў на нагах, без ежы і вады, трывога блізкіх. Ціск праз гіпертанію пад 200, прыбыццё дадому а 12-й гадзіне ночы, бяссонная ноч. Думаю, усяго гэтага больш чым дастаткова за карагод ля ялінкі.

І думаю, што ўлада, якая павінна клапаціцца пра сваіх грамадзянаў і якая хоча заслужыць іх давер і павагу, павінна была б папрасіць прабачэння ў мяне, Семяньковай Наталлі Дзмітрыеўны, якая аддала 50 гадоў свайго жыцця роднай краіне, ветэранцы працы, удаве ветэрана вайны Семянькова Уладзіміра Нічыпаравіча, імя якога занесенае ў кнігу партызанскай славы, дачкі ветэрана вайны, дзіцяці вайны, якая памірала ад голаду ў акупацыі. Тым больш што 2020 год – гэта 75 гадоў Перамогі, і афіцыйна гаворыцца «Ніхто не забыты, нішто не забытае». Вось і павіншавалі.

24 студзеня Наталлі Семяньковай спаўняецца 83 гады. Скаргу на пастанову суда ёй дапамагае рыхтаваць кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках