29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Улады гуляюць з агнём, ставячыся да ЖКГ на ўзроўні п'янага сантэхніка»

7
«Улады гуляюць з агнём, ставячыся да ЖКГ на ўзроўні п'янага сантэхніка»

Пратэсты, падобныя да жнівеньскіх, могуць успыхнуць ужо зімой.

Беларусь накрыў камунальны калапс. Адна за адной адбыліся аварыі на цепласетках у Менску, Салігорску, Оршы, Фаніпалі, Магілёве, Бабруйску, Віцебску, Жлобіне, Клецкім раёне.

У сталіцы жыхары трох мікрараёнаў засталіся без ацяплення і гарачай вады, скасавалі заняткі ў дзесятцы школаў, амаль 30 дзіцячых садкоў пакінулі толькі дзяжурныя групы.

Пры гэтым вядома, што ў бюджэце на 2021 год найбольшае скарачэнне выдаткаў закранула сферы ЖКГ: на 114 мільёнаў рублёў – ці на 23%.

Сайт udf.by пацікавіўся ў экспертаў: ці варта шукаць сувязь паміж аварыямі і палітычна-эканамічнай сітуацыяй у краіне?

«У 2021 годзе асноўным трыгерам пратэстаў будзе эканоміка»

Эканаміст і сябра палітрады АГП Леў Марголін адзначыў, што ў рэальным часе выносіцца прысуд старой эканамічнай мадэлі.

«У нармальнай краіне аварыя – гэта нешта надзвычайнае. Калі аварыі становяцца звыклымі, калі гэта адразу ў некалькіх гарадах, то гэта прысуд той эканамічнай мадэлі, якая ў гэтай краіне працуе. І натуральна, са скарачэннем выдаткаў на ЖКГ гэтыя аварыі будуць адбывацца ўсё часцей. Думаю, яны адбыліся б яшчэ і раней, але ў нашай краіне даўно не было маразоў. І вось першае выпрабаванне – літаральна некалькі марозных дзён – і ўсё пачало сыпацца. Гэта вынік эканамічнай палітыкі, якая вялася ўладамі ў апошнія гады», – мяркуе Марголін.

Як у цяперашняй палітычнай сітуацыі аварыі ў сферы ЖКГ будуць успрымацца насельніцтвам?

«Так сама, як людзі ўспрымаюць усё астатняе ў выкананні цяперашняй улады – з раздражненнем, якое перарастае ў злосць. Можа наступіць момант, калі сітуацыя выбухне. Думалі, што гэта можа здарыцца вясной, але, магчыма, адбудзецца яшчэ зімой», – не выключае Марголін.

Ён падкрэсліў:

«Калі летась асноўным раздражняльнікам быў гвалт з боку сілавікоў, то ў 2021 годзе асноўным трыгерам пратэстаў будзе эканоміка: будзе разбурацца сістэма ацяплення, знікаць вада, будуць затрымкі з заробкамі і пенсіямі. Усе гэтыя беды нам трэба прайсці».

На нядаўняй нарадзе пра дзяржаўную інвестыцыйную праграму Лукашэнка публічна пакрытыкаваў урад за «празмернасць» і запатрабаваў скараціць выдаткі на сацыяльныя праекты. Ці слушная гэта пастанова ў цяперашняй сітуацыі?

«У нармальнай краіне дзяржава толькі і займаецца сацыяльнымі праектамі, ёй няма справы да прамысловасці і іншых галінаў эканомікі – гэта справа прыватнага бізнэсу.

Але ў нашай усё наадварот, таму, калі трэба вызначаць, на што аддаць збяднелы залаты запас – ці то на падтрымку напаўздохлых дзяржаўных прадпрыемстваў, ці то на сацыяльныя праекты (сярод якіх у тым ліку праекты ў сферы ЖКГ і аховы здароўя), то выбар робіцца на карысць падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў», – сказаў Марголін.

«Калі б стаялі маразы, людзі маглі выйсці на плошчы»

Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў раней працаваў дырэктарам Шклоўскага раённага вытворчага аб'яднання ЖКГ. Ён назваў некалькі прычынаў, якія прывялі да камунальнага апакаліпсісу.

«Адна з прычынаў – неахайная, калі не сказаць злачынная, падрыхтоўка аб’ектаў ЖКГ да ацяпляльнага сезону. Датычна кожнага аб’екта павінны складацца акты гатоўнасці: поўны комплекс рамонтных працаў і працаў выпрабавання павышаным ціскам. З майго досведу магу сказаць: калі гэта зроблена, то зімою цепласетку ніколі не разарве. Таму прыходжу да высновы: былі падтасоўкі, акты гатоўнасці падпісалі без адсутнасці належнай падрыхтоўкі», – сказаў Кастусёў.

Яшчэ адной вялікай праблемай сферы ЖКГ ён мяркуе падрыхтоўку і падбор кадраў.

«Падрыхтоўка кадраў для жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Беларусі засталася на ўзроўні 70-80-х гадоў», – мяркуе Кастусёў.

У якасці доказу ён прывёў такі прыклад: шмат хто ведае навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць кадры для сельскай гаспадаркі, але амаль нікому не вядома, дзе рыхтуюць кадры для ЖКГ.

Яшчэ адной праблемай ЖКГ ён назваў тое, што на яго вешаюць няпрофільныя аб'екты, адрываючы тым самым увагу і рэсурсы ад непасрэдных задачаў. Напрыклад, у Магілёве мясцовая ЖКГ вымушаная была набыць прагулачны цеплаход.

«За 26 гадоў Лукашэнкі ва ўладзе сферы ЖКГ належнай увагі не аддавалася. Адносіны дзяржавы да камунальнай гаспадаркі – на ўзроўні п’янага сантэхніка 70–80-х. Улады гуляюць з агнём. Калі б на вуліцы цяпер стаялі маразы 20–25 градусаў, як гэта было зусім нядаўна, людзі ўжо маглі б выйсці на плошчы», – адзначыў старшыня партыі БНФ.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках