19 красавiка 2024, Пятніца, 13:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кудзін прыцягвае ўвагу, ён гэткі Алёша Паповіч, волат

4
Кудзін прыцягвае ўвагу, ён гэткі Алёша Паповіч, волат
Алексей Кудин

Віталь Гуркоў распавёў, як у Маскве спецназ ФСБ затрымліваў беларускага байца.

Віталь Гуркоў распавёў tut.by, як у Маскве адбывалася затрыманне шматразовага чэмпіёна свету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Аляксея Кудзіна, у дачыненні да якога ў Беларусі распачатая крымінальная справа. А таксама растлумачыў, чаму спартовая супольнасць выступае супраць экстрадыцыі спартоўца на радзіму.

«Кудзін не можа не прыцягнуць увагі. Ён гэтакі Алёша Паповіч, волат»

- Пасля ад'езду з Беларусі Аляксей Кудзін размясціў фота з геалакацыяй Парыж. Ён сапраўды збег у Францыю?

- Я выйшаў на сувязь з Аляксеем ужо пасля таго, як убачыў фатаграфію з Парыжа, і шчыра парадаваўся за яго. Ці быў Аляксей напраўду ў Парыжы, я ведаю роўна настолькі, наколькі і ўсе астатнія. Як бы мне гэта невядома.

Інфармацыю пра тое, дзе ён і што з ім, Аляксей заўсёды трымаў пад грыфам «сакрэтна», і асабліва не распаўсюджваўся нават блізкім. Таму што тое, што ведае адзін чалавек, - таямніца, а тое, што ведаюць два і больш, ужо перастае быць сакрэтам.

- Як Аляксей Кудзін апынуўся ў Маскве і чым там займаўся?

- Я не ведаю, як ён апынуўся ў Маскве і колькі там знаходзіўся. А чым займаўся? Думаю, што падтрымліваў форму, вёў перамовы пра ўдзел у далейшых спартыўных мерапрыемствах. Усё ж Аляксей Кудзін - спартовец у росквіце сіл. Таму, мяркую, у яго было шмат прапаноў з розных прафесійных арганізацый і ліг.

- Чым Кудзін прыцягнуў да сябе ўвагу расейскіх праваахоўнікаў?

- Напэўна, такая постаць, як Аляксей Кудзін, не можа не прыцягнуць увагі. Яго раз ўбачыш - і ўжо запомніш. Аляксей - гэтакі Алёша Паповіч, волат з яскравай знешнасцю. Думаю, у Маскве яго маглі проста пазнаць на вуліцы. Альбо пасля трапляння на якую-небудзь камеру яго магла распазнаць сістэма «Разумны горад». Шмат варыянтаў.

«Яго затрымліваў спецназ ФСБ - але ніякай жорсткасці не было»

- Вам вядомыя абставіны ягонага затрымання?

- Наколькі я ведаю, яго затрымліваў спецназ ФСБ. Затрыманне адбывалася ўранку ў чацвер у кватэры сябра Аляксея. Мне распавядалі, што Аляксей спачатку прачнуўся ад шуму за сценкай (спецназ нібыта памылкова спачатку ўварваўся не ў тую кватэру).

Са слоў ягонага сябра, Аляксей падумаў, што яму прысніўся сон пра аблаву. Але праз 20 хвілін гэтыя хлопцы ўвайшлі ўжо ў патрэбныя дзверы. Наколькі мне вядома, сілавікі працавалі карэктна, ніякай жорсткасці і фізічнага ўздзеяння не было, і Аляксей нармальна сябе адчувае.

- Ці ёсць інфармацыя з прычыны суда і экстрадыцыі Аляксея Кудзіна?

- Суд павінен адбыцца сёння. Але чамусьці ва ўсіх, хто займаецца справай Аляксея, сфармаванае ўстойлівае меркаванне, што пастанова аб ягонай экстрадыцыі ў Беларусь ужо прынятая на самым высокім узроўні. Пры гэтым ягоныя прыхільнікі будуць змагацца і выкарыстоўваюць кожны шанец, бо ўсе разумеюць: Аляксею ў Беларусі рабіць няма чаго.

Ягоная справа паказальная, гучная, палітычная. Мы цвёрда ўпэўненыя, што ў Беларусі яго чакае сур'ёзны тэрмін і вялікая рызыка здароўю. У яго ўжо стралялі і кідалі светлашумавыя гранаты, і ён цудам застаўся жывы. Таму, як той казаў, Міністэрства аховы здароўя не рэкамендуе яму вяртацца ў Беларусь.

«Аляксей - бацька шматдзетнай сям'і. Мы можам страціць добрага чалавека»

- Ці ёсць сувязь з ягонай сям'ёй цяпер?

- Я не трымаю цяпер сувязь з ягонымі блізкімі, але, зразумелая справа, яны вельмі перажываюць. Аляксей - бацька шматдзетнай сям'і, бацька пецярых дзяцей, трое з якіх - прыёмныя, дзеці міліцыянта (пасля смерці брата жонкі Аляксей Кудзін усынавіў ягоных траіх дзяцей. Старэйшы брат жонкі Кудзіна 22 гады адпрацаваў начальнікам фінансавага аддзела міліцыі Маладзечанскага раёна).

Уласна, адна з асноўных прычын, чаму мы выступаем супраць экстрадыцыі Кудзіна ў Беларусь: у дзяцей павінен быць бацька. І ён ніяк не зможа дапамагаць сваёй сям'і за кратамі.

Мы напісалі ліст у Генпракуратуру РФ, Алімпійскі камітэт Расеі і ў камітэт спорту Дзярждумы з просьбай не экстрадаваць Кудзіна ў Беларусь, матываваўшы гэта тым, што ягонаму жыццю і здароўю тут пагражае небяспека. І ёсць усе асцярогі, што мы страцім вельмі добрага чалавека.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках