25 красавiка 2024, Чацвер, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі Езразвязу ўдарылі па гаспадару «табакерак» Алексіну

12
Санкцыі Езразвязу ўдарылі па гаспадару «табакерак» Алексіну

Ён больш не валодае дзелямі ў кампаніях «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагаз».

Набліжаны да ўлады бізнэсовец Аляксей Алексін перапісаў ключавыя актывы на сыноў. На такія захады ён мог пайсці пад пагрозай санкцый з боку Еўразвязу, піша сайт naviny.media.

Змены адбыліся ў складзе акцыянераў кампаніі «Энэрга-Ойл». Інфармацыя размешчаная на сайце «МТБанка», які падкантрольны бізнэсмэну.

Да нядаўняга часу «Энэрга-Ойлам» валодаў Аляксей Алексін (60%) і ягоная жонка Іна Алексіна (40%). У снежні бізнэсмэн стаў згадвацца сярод кандыдатаў на траплянне ў санкцыйны спіс ЕЗ за падтрымку рэжыму Лукашэнкі, але ў апошні момант ягонае імя выкраслілі.

Аляксей Алексін сышоў са складу акцыянераў «Энэрга-Ойла». Цяпер кампаніяй валодаюць Іна Алексіна (20%), а таксама яе сыны Віталь Алексін (40%) і Дзмітрый Алексін (40%).

Віталь Алексін гуляе ў аматарскай футбольнай лізе Менска за каманду «Энэрга-Ойл». Дзмітрый Алексін, як і бацька, займаецца бізнэсам. У свой час ён зняўся ў галоўнай ролі ў кліпе гурта «Тяни-Толкай». Прэзентацыя кліпа праходзіла на беразе Менскага мора ў загарадным гатэльным комплексе «Сябры», які з'яўляецца філіялам «Энэрга-Ойла». Але перш за ўсё гэтая кампанія вядомая сваёй сеткай шапікаў «Табакерка».

Аляксей Алексін актыўна развівае ў Беларусі тытунёвы бізнэс. З чэрвеня 2018 года «Энэрга-Ойл» атрымала права на імпарт тытунёвых вырабаў. Раней цыгарэты ў краіну завозіла толькі дзяржпрадпрыемства «Беларусьгандаль» кіраўніка справамі Лукашэнкі. Са жніўня 2018 года «Энэрга-Ойл» стала эксклюзіўным дыстрыбутарам прадукцыі Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». У лютым 2020 года Аляксей Алексін запусціў тытунёвую фабрыку «Інтэр Табака», дзеля якой Лукашэнка нават змяніў межы Менска.

Змены закранулі яшчэ адзін ключавы актыў бізнэсоўца – кампанію «Белнафтагаз». Раней ёй валодалі Аляксей Алексін (60%) і Іна Алексіна (40%). Цяпер кампанія належыць жонцы і дзецям бізнэсмэна. Дзелі размеркаваныя наступным чынам: Іна Алексіна – 20%, Віталь Алексін – 40%, Дзмітрый Алексін – 40%.

«Белнафтагаз» з'яўляецца Нацыянальным аператарам сістэмы маніторынгу транзітных перавозак «БНГарант». Сістэма дазваляе ў рэжыме рэальнага часу сачыць за перамяшчэннем аўтамабіляў і грузаў. На фуру ставіцца электронная пломба, якая падключаная да навігацыйнай сістэмы. «БНГарант» інтэграваная з сістэмай мытных органаў.

Сістэма была створаная на распараджэнне Лукашэнкі. Распрацоўкай займалася кампанія «Сінэзіс Стыгма». 74,95% у гэтай кампаніі належыць «Белнафтагазу». Астатнія 25,05% раўнамерна размеркаваныя паміж IT-прадпрымальнікамі Мікалаем Пціцыным, Аляксандрам Шатровым і Пятром Шатровым.

Дарэчы, заснаваная імі кампанія «Сінэзіс» ужо трапіла пад санкцыі ЕЗ. На думку Брусэля, распрацаваная айцішнікамі платформа для маніторынгу грамадскай бяспекі Kipod выкарыстоўваецца для ўціску грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі.

Кампанія мае намер абскарджваць санкцыі ЕЗ, а пакуль з назвы некалькіх юрыдычных асобаў прыбралі слова «Сінэзіс». «Сінэзіс Лато» цяпер называецца «Рыдота», «Сінэзіс Атлас» – «Атлас Акме», «Сінэзіс Скай» – «Скай Ноўліміт».

Прыняцце чацвёртага пакета санкцый ЕЗ чакаецца ў найбліжэйшы час. Абмежаванні могуць быць уведзеныя супраць бізнэсмэнаў і кампаній, якія былі кандыдатамі ў трэці санкцыйны пакет.

Цяпер санкцыі ЕЗ дзейнічаюць у дачыненні да 88 фізічных асобаў, якія, на думку Брусэля, адказныя за фальсіфікацыю выбараў і рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў. У спіс таксама патрапілі сем прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках