17 красавiка 2024, Серада, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэр Львова адмаўляецца набываць беларускія аўтобусы

29
Мэр Львова адмаўляецца набываць беларускія аўтобусы
АНДРЭЙ САДОВЫ

Жыхары ўкраінскага горада яго падтрымліваюць.

Беларуская кампанія МАЗ выказала жаданне паставіць свае аўтобусы ва ўкраінскі горад Львоў, дзе прадаўжаецца праграма абнаўлення грамадскага транспарту. Аднак гэтага можа не здарыцца з палітычных прычын. Ці адмовяцца жыхары Львова спансаваць рэжым Лукашэнкі? Пра гэта ў матэрыяле «Белсату».

Тэндэр на закуп 100 аўтобусаў для горада Львова быў абвешчаны ў лютым мінулага года. Большую частку грошай на куплю транспарту павінен выдаць Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Новы транспарт павінен замяніць маленькія, старыя і нязручныя аўтобусы. Але нядаўна мэр Львова заявіў, што магчымы пераможца тэндэру з'яўляецца дылерам беларускага МАЗа, і звярнуўся да грамадскасці з пытаннем, ці маюць яны маральнае права спансаваць рэжым Лукашэнкі.

Вось што кажуць пра гэта жыхары Львова:

«Мы думаем, што Лукашэнку не трэба спансаваць».

«Электрон» - львоўская фірма. Гэта ж усё для горада, і тут, мне здаецца, наогул не павінна стаяць ніякага пытання».

«Я на месцы Садовага набываў бы ўкраінскія аўтобусы».

«Напэўна, нельга набываць ні ў Расеі, ні ў Беларусі».

Беларусы, якія жывуць у Львове (некаторыя з іх пераехалі сюды ўжо пасля выбараў з палітычных прычын), у нядзелю правялі ў цэнтры горада акцыю, каб улады Украіны прыслухаліся да іх думкі і не сталі набываць аўтобусы ў МАЗа. Акрамя гэтага яны склалі на імя мэра адкрыты ліст, які ўжо падпісалі некалькі сотняў чалавек.

«Сама ідэя вельмі добрая. Сапраўды, Львову вельмі патрэбныя добрыя камфартабельныя аўтобусы. Тое, што робіць мэр для месца, ён робіць правільна. Іншая сітуацыя, што на сёння ў сувязі з палітычнымі падзеямі, закупіўшы гэтыя аўтобусы, ён тым самым падтрымае гэты крывавы рэжым, за гэтыя грошы людзей будуць саджаць, забіваць і калечыць», - кажа беларускі актывіст Аляксей Францкевіч, які жыве ў Львове.

У тэндэры ўзялі ўдзел пяць кампаній: дзве прадстаўлялі ўкраінскіх вытворцаў, дзве - беларускіх і адна - турэцкага. Адзін з украінскіх прадстаўнікоў, са слоў мэра, не змог падаць усю неабходную дакументацыю для тэндэру, а другі - мясцовы завод «Электрон» - прапанаваў за аўтобус значна большы кошт, чым дылер МАЗа: 222 тысячы еўраў супраць 158 тысяч. Гэта значыць, агульная эканомія склала б амаль 6,5 мільёна еўраў.

«Беларусы далі меншы кошт, нашмат меншы, чым нават быў той кошт, якім нядаўна прадаваліся аўтобусы для Кіева, бо Кіеў закупіў 190 аўтобусаў МАЗ. Але, улічваючы цяперашнюю сітуацыю з санкцыямі, мы звярнуліся да ўрада і прэм'ер-міністра, мы звярнуліся да пасла Еўрапейскага Звязу ва Украіне, мы звярнуліся да Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, каб ён дапамог нам разабрацца, што рабіць у гэтай сітуацыі. Таму што, з аднаго боку, нам патрэбныя аўтобусы, а з другога боку, для нас важна, каб братэрскі беларускі народ меў дэмакратычную ўладу, і мы былі суседзямі, бо многія беларусы прыязджаюць у Львоў і, магчыма, чэрпаюць тут дух дэмакратыі», - заявіў мэр Львова Андрэй Садовы.

Цяпер мэр Львова чакае адказу ад урада і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. На ягоную думку, найлепшым развязаннем будзе правядзенне новага тэндэру. Такім чынам, па-першае, яны не падтрымаюць рэжым Лукашэнкі, а па-другое, падымуць пытанне аб падтрымцы сваіх украінскіх вытворцаў.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках