19 красавiка 2024, Пятніца, 12:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навальны прапанаваў увесці санкцыі супраць Абрамовіча і Усманава

Навальны прапанаваў увесці санкцыі супраць Абрамовіча і Усманава
АЛІШЭР УСМАНАЎ І РАМАН АБРАМОВІЧ
ФОТА: REUTERS

Спіс быў складзены за некалькі дзён да вяртання палітыка ў Расею.

Паплечнік Аляксея Навальнага, які жыве ў Вялікай Брытаніі, выканальны дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Уладзімір Ашуркаў апублікаваў у Фэйсбуку спіс з васьмі чалавек, супраць якіх Навальны прапануе краінам Захаду ўвесці санкцыі. Спіс, як сцвярджае Ашуркаў, быў складзены Навальным за некалькі дзён да ягонага вяртання ў Расею 17 студзеня, паведамляе svoboda.org.

У посце, напісаным па-ангельску, Ашуркаў піша, што, калі Захад хоча ўсур'ёз дамагацца ад Расеі выканання правоў чалавека і барацьбы з карупцыяй, ён павінен разгледзець магчымасць увесці індывідуальныя санкцыі супраць людзей са спісу. Навальны не планаваў публікаваць спіс у найбліжэйшы час, аднак ягоны паплечнік пастанавіў агучыць яго пасля таго, як сам апазіцыянер у Расеі быў затрыманы і адпраўлены на 30 сутак у СІЗА ў чаканні суда, які можа замяніць яму ўмоўны тэрмін на рэальны і адправіць у калонію. Як піша Ашуркаў, пагроза санкцый супраць згаданых асобаў можа прымусіць расейскія ўлады вызваліць Навальнага.

У спісе 8 чалавек: бізнэсмэн Раман Абрамовіч, топ-мэнэджар ВТБ Дзяніс Бортнікаў, сын кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава, названы "кішэняй" свайго бацькі, прэзідэнт ВТБ Андрэй Косцін, міністр аховы здароўя Міхаіл Мурашка, названы адказным за ўтойванне фактаў пра атручэнне Навальнага, міністр сельскай гаспадаркі Дзмітрый Патрушаў, сын кіраўніка Рады бяспекі Мікалая Патрушава, кіраўнік ВЭБ Ігар Шувалаў, тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў і бізнэсмэн Алішэр Усманаў.

Большасць згаданых у спісе былі "героямі" расследаванняў Навальнага і ягонага Фонду барацьбы з карупцыяй. Пра неабходнасць накласці санкцыі, сярод іншых, на Абрамовіча і Усманава сам Навальный казаў, выступаючы ў камітэце Еўрапарламента восенню летась, пасля свайго атручвання.

Як піша Ашуркаў, Навальны ўжо доўгі час выступае за індывідуальныя санкцыі супраць ключавых расейскіх алігархаў. На ягоную думку, Захад павінен накладваць іх не на чыноўнікаў і шараговых выканаўцаў, а на "асобаў, якія прымаюць пастановы, і тых, хто кантралюе іх грошы".

Пасля атручвання Навальнага Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой, сярод іншага, заклікаў ЕЗ накласці санкцыі на людзей, якія фігуравалі ў расследаваннях ФБК. Еўразвяз у адказ на атручэнне ўвёў санкцыі супраць шэрагу крамлёўскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў сілавых установаў Расеі, але не супраць буйных бізнэсмэнаў, пра якіх казаў Навальны.

Еўрапарламент сёння абмяркуе затрыманне Навальнага і выпрацуе рэзалюцыю, якая, як чакаецца, будзе прынятая ў чацвер. Рэзалюцыі носяць толькі рэкамендацыйны характар, а пастановы пра санкцыі прымае Рада ЕЗ, дзе іх можа заблакаваць любая краіна – чалец звязу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках