25 красавiка 2024, Чацвер, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналістка Кацярына Андрэева паставіла на месца «хлопчыка»-прапагандыста Азаронка

36
Журналістка Кацярына Андрэева паставіла на месца «хлопчыка»-прапагандыста Азаронка
Кацярына Андрэева

Палітзняволеная перадала свой адказ праз адваката.

Журналістка «Белсата» Кацярына Андрэева, якая з 15 лістапада знаходзіцца за кратамі, пракаментавала прапагандысцкі сюжэт Рыгора Азаронка на тэлеканале СТВ, у якім ён абвінавачвае журналістку ў тым, што яна нібыта кіравала пратэстамі пры дапамозе стрыму, паведамляе «Белсат».

Адвакат Кацярыны Сяргей Зікрацкі мае намер на гэтым тыдні падаваць скаргі на Азаронка ў МУС, пракуратуру, Следчы камітэт і Міністэрства інфармацыі. На ягоную думку, у праграме СТВ відавочна парушаецца прэзумпцыя невінаватасці Кацярыны. Таксама можа ісці гаворка пра парушэнне таямніцы следства, бо ў сваім сюжэце Азаронак у тым ліку выкарыстаў фрагменты прыватнага ліставання мужа Кацярыны Ігара Іліяша.

Праз свайго адваката Кацярына таксама прасіла перадаць свой асабісты адказ Рыгору Азаронку:

«Шкада беднага хлопчыка, які зрабіў няправільны выбар. Я магу яму толькі паспачуваць. Таму што я раней ці пазней усё роўна выйду з турмы, а ён застанецца з гэтым цяжарам на ўсё жыццё. Мае спачуванні Грышу Азаронку».

13 студзеня на тэлеканале СТВ выйшла праграма Рыгора Азаронка «Тайныя спружыны палітыкі», у якой ён абвінаваціў Кацярыну Андрэеву ў тым, што яна праз стрым нібыта кіравала пратэстамі ў Менску 15 лістапада 2020 года. Азаронак заявіў, што журналістка ў прамым эфіры каардынавала «масавыя беспарадкі» (менавіта так дзяржпрапаганда кваліфікуе мірную акцыю пратэсту на Плошчы Пераменаў) і асабістым прыкладам «натхняла мяцежнікаў». Прапагандыст назваў Кацярыну «чыстай крымінальніцай», «замежным агентам», з якімі ў час вайны «разбіраўся СМЕРШ». У тым ліку ў сюжэце СТВ выкарыстоўваліся скрыншоты прыватнага ліставання мужа Кацярыны Ігара Іліяша.

15 студзеня Ігар Іліяш накіраваў у міліцыю і пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку і распачаць крымінальную справу супраць Азаронка паводле арт. 203 КК («Парушэнне таямніцы перапіскі»).

Іліяш патрабуе праваахоўныя органы высветліць, як Азаронак атрымаў скрыншоты асабістага ліставання. Калі яны былі атрыманыя ад праваахоўных органаў, якія арыштавалі тэхніку Іліяша ў рамках крымінальнай справы супраць Кацярыны Андрэевай, тады сілавікоў трэба змусіць да адказнасці за разгалошванне звестак папярэдняга следства (ч. 2 арт. 407), бо кампутар і тэлефоны Іліяша раней былі прызнаныя «рэчавымі доказамі». Калі ж сілавікі не перадавалі гэтых скрыншотаў Азаронку, значыць, прапагандыст мог атрымаць доступ да ліставання толькі праз узлом старонкі Facebook, што можа быць кваліфікавана паводле арт. 349 КК («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі»), адзначаецца ў заяве.

Журналісткі «Белсата» Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада – яны былі затрыманыя за стрым, дзе паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар'і высунутае абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК. Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі.

Тыдзень таму матэрыялы справы былі перададзеныя ў Фрунзенскі раённы суд Менска. Дата суда яшчэ не прызначаная. Пакуль Кацярына і Дар'я застаюцца ў Жодзінскім СІЗА.

18 студзеня стала вядома, што Кацярыне Андрэевай прадоўжылі тэрмін арышту да 20 лютага.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках